Лукашэнка ў сваёй манеры запрасіў апазіцыю да ўдзелу ў выбарах прэзідэнта, Латушка ў адказ высунуў некалькі ўмоваў і назваў самаабвешчанага кіраўніка краіны баязліўцам, хлусам і забойцам.
Аляксандр Лукашэнка 10 верасня зладзіў нараду, прысвечаную, як пісалі дзяржаўныя медыі, «актуальным унутрыпалітычным пытанням і рыхтаванню да правядзення палітычных кампаніяў».
Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі параіў апанентам «прыходзіць і змагацца на прэзідэнцкіх выбарах»:
«Калі яны жадаюць перавярнуць краіну і ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, даказваць сваю правату ці яшчэ штосьці, ім патрэбна прыходзіць і змагацца на прэзідэнцкіх выбарах. Без вуліцы, без кулямётаў, без аўтаматаў і без санкцыяў. Патрэбна людзям прыйсці і растлумачыць, чаму вы так клапоціцеся пра Беларусь і чаму вы ваюеце супраць яе. Чаму вы плануеце ўзброенае ўварванне на тэрыторыю Беларусі».
Лукашэнка загадаў «расказаць людзям, што яны там плануюць, і прывесці канкрэтныя факты».
«Патрэбна паказаць, хай людзі ведаюць іхную пазіцыю. У нас жа гара матэрыялаў: давай санкцыі — лахушкі, латушкі ды іншыя, давайце душыць, хай яны падохнуць. Таму патрэбна будзе вытлумачыцца перад беларусамі, чаму яны такую палітыку выбудоўваюць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў», — сказаў палітык.
Старшыня НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, згаданы ў прамове правадыра, адказаў на гэтае «запрашэнне», звярнуўшыся да яго на «ты».
Латушка заявіў аб гатоўнасці ўзяць удзел у выбарах і расказаць беларусам, што з сябе ўяўляе Лукашэнка, а таксама пра дэмакратычныя сілы і дэмакратыю, аднак высунуў некалькі ўмоваў:
«Спыніць рэпрэсіі і вызваліць былых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, а таксама ўсіх палітычных вязняў, якіх ты катуеш у сваіх турмах. Я гатовы ўзяць удзел у выбарах, калі ты спыніш крымінальныя справы ў дачыненні ўсіх беларусаў, якія змагаліся за дэмакратыю і свабоду ў нашай краіне, калі ты скасуеш усе палітычна матываваныя выракі. І санкцыі за ўсё гэта будуць сакасаваныя».
Яшчэ адна ўмова — міжнароднае назіранне разам з незалежнымі ўнутранымі назіральнікамі на кожным выбарчым участку:
«Я гатовы, аднак ты — баязлівец. З усяго таго, што я пералічыў, ты не зробіш нічога. Таму што разумееш, што ты не маеш падтрымання ў беларускім грамадстве. Я выйграю ў цябе, Лукашэнка, нават будучы за мяжою, калі ты зарэгіструеш мяне кандыдатам і забяспечыў незалежнае назіранне за падлікам галасоў. Выйграю не я — Павел Латушка, выйграе беларускі народ».
Латушка пры гэтым адзначыў, што нікога, акрамя «халуёў Лукашэнкі», на выбары не пусцяць, бо той — шулер.
«Беларускі народ ніколі цябе не выберуць, бо беларусы цябе ненавідзяць. Ты баязлівец, ілгун і забойца. Адзінае, дзе ты не схлусіў, — у беларусаў будзе новы прэзідэнт», — падсумаваў кіраўнік НАУ.
Таксама на сённяшняй нарадзе Лукашэнка адрэагаваў на інфармацыю «BELPOL» пра тое, што дата выбараў ужо прызначаная: паводле арганізацыі, галасаванне адбудзецца 23 лютага.
Ён не пацвердзіў і не зняпраўдзіў гэтыя звесткі, сказаўшы толькі, што наступныя выбары маюць адбыцца не пазней за 20 ліпеня.
«Варта вельмі ўдумліва паставіцца да вызначэння дня галасавання і перыяду, на які ляжа электаральная нагрузка, бо давядзецца адцягнуць людзей, працоўныя рэсурсы ў камісіі, што мы будзем ствараць. Патрэбна зрабіць усё, каб нішто не парушыла звыклы рытм жыцця краіны», — заявіў Лукашэнка.
Акрамя таго, палітык, падобна, пакрыўдзіўся, што яму не падзякавалі за вызваленне некалькіх дзясяткаў палітвязняў:
«Ну, радаваліся б, падзякавалі б як мінімум. Не, яны заклапочаныя тым, каб даказаць самім сабе і там за мяжою, што яны зрабілі велічэзны ўнёсак і прымусілі дыктара прымаць падобныя рашэнні. Ніхто мяне прымусіць не можа. Я ніколі пад ціскам не прымаў рашэнні».
Лукашэнка пры гэтым паўтарыў спекуляцыйны наратыў пра тое, што палітвязняў у Беларусі няма, бо «палітычных артыкулаў няма» і «паводле палітычных артыкулаў нікога не асудзілі».
А вызваленне палітвязняў, якіх «не існуе», ён растлумачыў толькі гуманізмам:
«Хтосьці захварэў, хтосьці ўжо там на шпацыры хадзіць не можа ў адрозненні, як яны тут спрытна бадзяліся па праспектах. Хтосьці наогул ужо не ўяўляе небяспекі. Нехта наогул з глузду з’ехаў, ну, усялякае з жыцці бывала. Чаго іх там трымаць, карміць за дзяржаўны рахунак. Мы іх адпусцілі. Яны пад поўным кантролем праваахоўных органаў».
Сцяпан Кубік belsat.eu