Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 899 дзён. І ўжо пяты дзень вайна ідзе ў Курскай вобласці Расеі. Вайну ва Украіне расейцам забаронена называць словам «вайна», для гэтага прыдумалі азначэнне «СВО». Калі «СВО» прыйшла на тэрыторыі нападніка, гэта назвалі «КТО». «Белсат» расказвае, што адбываецца на вайне ў апошнія дні.
Вайна ў Расеі
Тое, што пачалося ў Курскай вобласці 6 жніўня, не падобна да ранейшых вылазак украінскіх дыверсантаў і аперацыяў праўкраінскіх падраздзяленняў расейцаў. Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны. Але з неафіцыйных крыніцаў выглядае, што ўкраінскія войскі замацаваліся блізу гораду Суджа ў Курскай вобласці Расеі, трымаюць прынамсі некалькі сёлаў, а то і пашыраюць наступ.
Поспехі Расеі ў адбіванні атак незразумелыя. З аднаго боку, афіцыйныя асобы рапартуюць, што вось-вось спыняць напад. З другога боку, навіна федэральнага ўзроўню – адна падбітая амерыканская бронемашына Збройных сілаў Украіны. Украінскія ж вайскоўцы здымаюцца на фоне ўсё новых назваў населеных пунктаў, вечарам 9 жніўня – на фоне аб’екту «Газпраму» ў Суджы.
Амерыканскі Інстыту вывучэння вайны (ISW) піша, што відэа з вызначанай геалакацыяй сведчаць аб аперацыях на захад ад Суджы і ў самім горадзе, у суседніх Казачай Локні, Леанідаве, Дмітрукове. Выглядае, што ўкраінскія войскі за мінулы дзень не спрабавалі пашырыць дзеянні далей на поўнач і захад, пашыраюць аперацыі на ўсход. Паводле аднаго з расейскіх праваенных блогераў, украінскія войскі распачалі атаку па яшчэ адным напрамку: на Кучэраў, што на поўдзень ад Суджы. Паводле іншых расейскіх крыніцаў, украінскія войскі ці то кантралююць частку самой Суджы, ці то ператварылі горад у «шэрую зону». Акрамя таго, украінскія войскі 9 жніўня разбілі расейскую вайсковую калону пад Рыльскам, за 50 км на паўночны захад ад Суджы.
Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі вечарам 9 жніўня абвясціў у Белгарадскай, Бранскай і Курсай аблсцях Расейскай Федэрацыі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, скарочана – КТО.
Згодна закону «Аб супрацьдзеянні тэрарызму», гэта азначае, што могуць уводзіць узмоцнены рэжым аховы парадку, у людзей у гэтых абласцях могуць правяраць дакументы, іх могуць прымусова эвакуяваць і адсяляць, могуць перакрываць рух і ўводзіць каранцін, праслухоўваць тэлефонныя перамовы або блакаваць сувязь, сілавікі могуць адбіраць у людзей і арганізацыяў транспарт, а таксама бесперашкодна ўломвацца ў дамы… Але гэта само па сабе не азначае ўвядзення дадатковых сілаў на атакаваную тэрыторыю.

На думку ISW, Расея пакуль абапіраецца на падраздзяленні, якія ўжо былі ў памежнай зоне Курскай вобласці, і ў «лёгкадасяжныя» падраздзяленні тылу, а гэта пераважна вайскоўцы тэрміновай службы і нерэгулярныя падраздзяленні. ISW дапускае, што пакуль украінскую атаку стрымліваюць так, каб не даць сарваць расейскія наступальныя аперацыі ва ўсходняй Украіне. Але магчыма, Расея пачынае перакідваць у Курскую вобласць больш дасведчаныя і лепш забяспечаныя франтавыя падраздзяленьні з усходняй ці паўднёвай Украіны.
Развіццё падзей зараз залежыць ад таго, якія рэзервы прыцягнуць да аперацыі абодва камандавання, піша расейскае незалежнае выданне «Meduza». Для прасоўвання і нават для замацавання на створаным плацдарме ЗСУ спатрэбяцца дадатковыя сілы. Узброеным сілам Расеі давядзецца з нуля стварыць групоўку, якая паспрабуе выцесніць ЗСУ з Курскай вобласці. Баі могуць зацягнуцца, як гэта здарылася ў Харкаўскай вобласці, прагназуе «Meduza». Але ў Расеі няма неабходнасці спыняць наступ на Данбасе: можна перакінуць сілы і з іншых участкаў фронту – напрыклад, з левабярэжжа Дняпра або з Запарожскай вобласці Украіны.
Расейскі пракрамлёўскі палітолаг Сяргей Маркаў, якога цытуе «The Washington Post», заявіў:
,,«Гэта ўдар, бо зразумела, што сігнал паступіў ад выведкі да кіраўніцтва, але… захады не былі прынятыя. Гэта правал усёй сістэмы выведкі, і паколькі Пуцін нясе за гэта адказнасць, то зразумела, што гэта ўдар па Пуціну».
Маркаў, дарэчы, не бачыць сярод прычынаў расейскага правалу тое, што Аляксандр Лукашэнка адвёў войскі ад мяжы з Украінай. Маўляў, адвялі толькі дадатковыя падраздзяленні, а асноўныя беларускія і ўкраінскія засталіся на месцах, таму вінаваціць Лукашэнку ва ўкраінскім прарыве няправільна.
Вайна ва Украіне
На тэрыторыі Украіны вайна сапраўды не спыняецца. Паводле зводкі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень зафіксавалі 90 баявых сутыкненняў – гэта даволі звычайная колькасць баёў для апошніх месяцаў.
Найбольш актыўны наступ Расеі трывае на пакроўскім напрамку, баі адбываюцца таксама на харкаўскім, купянскім, ліманскім, сіверскім, краматорскім, тарэцкім, кухараўскім, урэменскім, арэхаўскім напрамках. Паводле падлікаў ЗСУ, Расея за дзень страціла 1160 чалавек, сем танкаў, 9 БМП, 69 артылерыйскіх сістэмаў і іншую тэхніку.

За мінулы дзень па ўкраінскіх вайсковых і цывільных аб’ектах запусцілі дзве ракеты і нанеслі 71 авіяўдар, учынілі 4800 абстрэлаў, з якіх 170 – рэактыўнымі сістэмамі заплавага агню. У выніку абстрэлу жылога будынку ў сяле ў Харкаўскай вобласці загінулі два чалавекі. Праз абстрэл аб’екту крытычнай інфраструктуры ў Краматорску загінуў адзін працаўнік. Праз абстрэлы Херсоншчыны пачаўся вялікі пажар, амаль увесь Херсон зацягнула дымам.
Пасля ўчорашняга ўдару па цэнтру Канстантынаўкі Данецкай вобласці працягваюць разбіраць завалы – гэтым ударам былі забітыя не менш як 14 чалавек, ранкам ідэнтыфікавалі целы двух забітых дзяцей, дзяўчынак 9 і 11 гадоў.
Украінскія войскі працягваюць аперацыі не толькі непасрэдна на фронце. Так, 9 жніўня Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны расказала пра дэсант на Кінбурнскую касу, што на левым (усходнім) беразе Дняпра між Адэсай, Мікалаевам і Херсонам. У час атакі знішчылі шэсць адзінак тэхнікі і «ліквідавалі» каля трох дзясяткаў расейскіх вайскоўцаў, каля помніка Сувораву ўсталявалі ўкраінскі сцяг. У аперацыі сярод іншых браў удзел беларускі батальён «Тэрор».
Заходнія саюзнікі працягваюць надаваць Украіне вайсковую дапамогу. 9 жніўня Злучаныя Штаты абвясцілі аб чарговым пакеце на 125 млн долараў, які ўключае ракеты «Stinger», боепрыпасы для «HIMARS», артылерыйскія 105- і 155-мм боепрыпасы, супрацьтанкавыя сістэмы «Javelin» і «AT-4», машыны «HMMWV» і іншае.
Алесь Наваборскі, «Белсат»