навіны

ЕЗ: «Беларускі суверэнітэт і ідэнтычнасць знаходзяцца пад усё большай пагрозай»

Сцягі ЕЗ. Фота мае ілюстратыўны характар. (Крыніца: malanka.media)
Сцягі ЕЗ. Фота мае ілюстратыўны характар. (Крыніца: malanka.media)
podpis źródła zdjęcia

Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі апублікавала заяву вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у справах замежнай палітыкі Жузэпа Бурэля да чацвёртай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Чатыры гады таму, 9 жніўня, народ Беларусі выйшаў на вуліцы, каб мірна пратэставаць супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў і спробы Лукашэнкі пазбавіць іх права вырашаць сваю будучыню. З таго часу, нягледзячы на ​​жорсткія рэпрэсіі, беларускі народ неаднаразова і мужна адстойваў свае правы і дэмакратычную будучыню сваёй краіны», - гаворыцца ў заяве Жузэпа Бурэля.


Рэжым Лукашэнкі адказаў на пратэсты масавай кампаніяй гвалту і запалохвання. Цяпер за кратамі знаходзяцца каля 1400 палітвязняў, прычым гэта толькі частка з тысяч людзей, якія зазналі палітычна матываваны пераслед.


«Лукашэнка распачаў татальныя рэпрэсіі супраць беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, свабодных СМІ і журналістаў, палітычных апанентаў, дзеячаў незалежных прафсаюзаў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў і зрэшты супраць усіх звычайных грамадзян, якія выказваюць свае погляды, як у краіне, так і за яе межамі», - падкрэсліваецца ў дакуменце.


ЕЗ нагадвае, што ў зняволенні загінулі прынамсі шэсць палітвязняў. Многія з іх утрымліваюцца без права зносін больш за год. Некаторыя з затрыманых знаходзяцца ў стане небяспекі для жыцця і патрабуюць неадкладнай медычнай дапамогі. У сувязі з гэтым Еўразвяз спасылаецца на апошнюю справаздачу Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, дзе гаворыцца пра тое, што падзеі ў Беларусі можна расцэньваць як злачынства супраць чалавечнасці.


Еўразвяз заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і несправядліва затрыманых.

,,

«Беларускі суверэнітэт і ідэнтычнасць знаходзяцца пад усё большай пагрозай», - гаворыцца ў заяве.


У ЕЗ нагадваюць, што акрамя шырокамаштабных унутраных рэпрэсіяў, беларускі рэжым быў саўдзельнікам агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, спрыяў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў і з 2021 года таксама арганізоўвае міграцыйны ціск на вонкавых межах ЕЗ.


«ЕЗ застаецца з’яднаным у сваёй падтрымцы адважных людзей Беларусі, беларускага дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці ў іх імкненні да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай Еўропы. Як толькі Беларусь пачне дэмакратычны пераход, ЕЗ прадаставіць падтрымку для стабілізацыі яе эканомікі і рэфармавання яе інстытутаў, у тым ліку праз Комплексны план эканамічнай падтрымкі ў памеры да 3 мільярдаў еўра. Мы і надалей будзем дамагацца таго, каб голас беларускага народу быў пачуты», - падкрэсліваецца ў заяве.


Глеб Нержын, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10