навіны

«Клуб вясёлых і кемлівых скончыўся даўно». Дзмітрый Танковіч пра тое, як Маслякоў здрадзіў украінцам

Дзмітрый Танковіч. Фото: detector.media
Дзмітрый Танковіч. Фото: detector.media
podpis źródła zdjęcia

Капітан менскай каманды «ЧП» упэўнены, што рух, які насамрэч аб’ядноўваў гумарыстаў з розных краінаў, разбурыўся пасля таго, як Аляксандр Маслякоў стаў даверанай асобаю Уладзіміра Пуціна.

Адзін з заснавальнікаў тэлепраграмы «Клуб вясёлых і кемлівых» і ўлюбёнец расейскай улады Аляксандр Маслякоў памёр 8 верасня. Яму было 82 гады. Паводле неафіцыйных звестак, прычынаю смерці стаўся рак лёгкіх.

Капітан менскай каманды «ЧП», што выступала ў Вышэйшай лізе клубу, Дзмітрый Танковіч у эфіры «Вот так» пагадзіўся, што пэўная тэлевізійная эпоха ў Расеі скончылася, але сам КВК «скончыўся ўжо даўно»:

«Маслякоў намагаўся пабудаваць сваю імперыю, аднак гэта не ўдалося пасля таго, як хлопцы і дзяўчаты пачалі разбягацца ў іншыя праекты, ладзіць “Comedy Club” і гэтак далей. І пасля таго, як Аляксандр Васільевіч стаў даверанай асобаю Пуціна, — гэта паставіла пэўную кропку ў гульні, якая некалі насамрэч была гульнёю, што дазваляла казаць непапулярныя і свабодныя рэчы».

Танковіч, які цяпер жыве ва Украіне, мяркуе, што аб’яднальная роля «Клуб вясёлых і кемлівых» завяршылася, калі Маслякоў «заняў бок улады Расейскай Федэрацыі»:

,,

«Немагчыма казаць пра тое, што клуб некага аб’ядноўвае, калі ўжо ў 2018 годзе Маслякоў стаў даверанай асобаю Пуціна, а ў гэты момант Расея ўжо акупавала Крым і ўжо вяла баявыя дзеянні ў Данбасе».


Гумарыст задаў рытарычныя пытанні, на якія адказу ўжо не атрымае:

«Мне б хацелася зразумець: калі Расея бамбавала Харкаў, ці ўспамінаў Аляксандр Васільевіч каманду Харкаўскага авіяцыйнага інстытуту? Калі Расея знішчала цывільныя будынкі ў Запарожжы ці Крывым Розе, ці ўспамінаў каманду “Запорожье — Кривой Рог — Транзит”? Калі Расея знішчала жылыя будынкі ў Адэсе, ці ўспамінаў ён “Одесских джентльменов”? І цікава, натуральна, калі ракета прылятала ў “Ахматдзіт”, ці ўспамінаў Аляксандр Васільевіч, што доўгі час у Кіеве была Вышэйшая ўкраінская ліга, якую ён таксама вёў?»

Аляксандр Маслякоў. Фота: kleo.ru
Аляксандр Маслякоў. Фота: kleo.ru

Танковіч адзначыў, што цяпер не мае стасункаў ані з кім з былых удзельнікаў гульні:

«З усіх маіх знаёмцаў у Расеі сярод кавээншчыкаў толькі адна асоба 24 лютага 2022 года напісала мне паведамленне. Усе астатнія — ну, пэўна, для іх гэта нармальна. Таму я цяпер ані з кім стасункаў не падтрымоўваю, не бачу ў гэтым сэнсу. Мы па розныя бакі барыкадаў».

Акцёр мяркуе, што Маслякоў здрадзіў украінскім удзельнікам гульні:

,,

«Калі мы толькі пачыналі гуляць, памятаю, гэта сапраўды была аб’яднальная рэч, бо там сустракаліся людзі з розных гарадоў, з розных краінаў. Прабачце, можа, прагучыць жорстка, але гэта праўда: Маслякоў здрадзіў вельмі вялікай частцы кавээншчыкаў ва Украіне. Гэта праўда».


Развітанне з Масляковым адбудзецца 11 верасня. Яго пахаваюць на Новадзявочых могілках у Маскве.

Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10