навіны

Ноччу Расея збіла над сваёй тэрыторыяй 144 дроны, абломкі трапілі ў жылыя дамы

Дом у Раменскім, пашкоджаны абломкамі збітага дрона
Дом у Раменскім, пашкоджаны абломкамі збітага дрона. Фота: Baza / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У ноч 10 верасня расейскае СПА перахапіла над сваёй тэрыторыяй 144 беспілотнікі. Атака была здзейсненая на 9 рэгіёнаў, у тым ліку на Маскоўскую вобласць. Ёсць ахвяры і пацярпелыя.

Паводле інфармацыі Мінабароны Расеі, усе БПЛА былі або знішчаныя, або перахопленыя. 20 дронаў – над Маскоўскай вобласцю, 14 – над Курскай, 13 – над Тульскай, 8 – над Белгародскай, 7 – над Калужскай, 5 – на Варонежскай, 4 – над Ліпецкай і 1 – над Арлоўскай.

У падмаскоўным Раменскім абломкі дронаў трапілі ў жылыя дамы. У выніку ў адным з дамоў былі пашкоджаныя 52 кватэры, загінула 46-гадовая жанчына, у іншым паведамляецца пра аднаго пацярпелага.

Улады перакрывалі рух у трох аэрапортах – Шарамецева, Дамадзедава і Жукоўскі (на тэрыторыю апошняга таксама ўпалі абломкі дронаў).

Акрамя таго, паведамляецца пра падзенне абломкаў на аб’екце паліўна-энергетычнага комплекса ў Тульскай вобласці.

У сваю чаргу Расея правяла атаку ўкраінскай тэрыторыі, выпусціўшы ракету Х-31П і 46 «Шагэдаў». Паводле заяваў украінскіх Паветраных сілаў, 38 БПЛА ўдалося збіць, пры гэтым тры беспілотнікі выйшлі з падкантрольнай тэрыторыі Украіны: адзін – у накірунку Расеі, два – у накірунку акупаванай Луганшчыны. Яшчэ тры дроны лакацыйна страчаныя на тэрыторыі Украіны.

Раман Шавель belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10