«Белсат» асвятляе хроніку рэпрэсій, якія адбываюцца ў нашай краіне. Яна выразна паказвае, што рэпрэсіі працягваюцца, і няма ім ні канца, ні краю.
Суд Бярозаўскага раёна асудзіў да паўтара года калоніі за ўдзел у пратэстах чатырох чалавек: Мікалая Кулака, Ігара Яўменава (Куля), Андрэя Рыбакова, Віктара Данілюка. Усіх іх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
9 верасня ў Менскім абласным судзе пачаўся суд над Аленай Тоцкай, якую абвінавачваюць у «Садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. 62-гадовую палітзняволеную затрымалі 23 студзеня 2024 года падчас рэйду КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы «IneedHelpBY». Выніку суду пакуль невядомы.
6 верасня МУС абнавіла «Спіс экстрэмістаў», дадаўшы ў яго прозвішчы яшчэ 21 асобы. На сённяшні дзень у гэтым спісе налічваецца 4396 чалавек.
У Ленінскім судзе Берасця 9 верасня пачаліся разгляды справаў адраз 10 чалавек, якіх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). У рамках двух паралельных працэсаў на лаве падсудных апынуліся Дзяніс Андрашчук, Генадзь Васілюк, Мікалай Пратасевіч, Раман Парфёнаў, Ганна Васілюк, Кірыл Ратчанкаў, Аляксей Шыдлоўскі, Арсеній Пашко, Аляксандр Сергіевіч, Аляксандр Клютко.
У судзе Краснапольскага раёна 9 верасян пачаўся суд над супрацоўнікам лясгасу Дзмітрыем Кегелевым. Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).
У Гарадзенскім абласным судзе 9 верасня пачаўся працэс, на якім разглядаецца справа былой палітзняволенай Наталлі Антонавай. Яе абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»). Вядома, што вясной 2023 года Наталлю ўжо асудзілі за ўдзел у пратэсных акцыях (ч. 1 арт. 342 КК) на тры гады «хатняй хіміі». Але ўзімку 2024-га яна была затрыманая ў межах рэйду сілавікоў.
Сёння стала вядома, што ў Менску быў затрыманы мужчына за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах. Вядома, што яго ўжо затрымлівалі 10 жніўня 2020 года, пасля чаго ён адбываў арышт у Жодзіне. Але ўвосень менчук зноў выходзіў на прэтэсты, нягледзячы на «афіцыйнае папярэджанне», якое яму выпісалі падчас арышту.
У Гарадзенскім абласным судзе 9 верасня пачаўся суд над 26-гадовай Кацярынай Мендрык, якую абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Дзяўчыну затрымалі 28 студзеня пасля вяртання з Польшы ў Беларусь за тое, што яна падтрымлівала палітвязняў – рабіла грашовыя пераводы і дасылала пасылкі.
У судзе Чэрыкаўскага раёна 26 чэрвеня адбыўся разгляд крымінальнай справы супраць Сяргея Козікава паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) Крымінальнага кодэкса. Вядома, што 20 жніўня ў Магілёўскім абласным судзе адбываўся разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд, але звестак пра тое, якім было рашэнне суда, пакуль няма.
У Баранавічах сілавікі затрымалі двух братоў за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Відэа з затрыманымі яны апублікавалі на сваім канале. «Медыязоне» ўдалося высветліць, што гэта Вадзім і Алег Хільчукі. Таксама сілавікі выклалі фота аднаго з братоў, які падчас мітынгу ў Менску ў жніўні 2020-га зрабіў фота разам з Паўлам Латушкам. Вядома таксама, што разам з братамі быў затрыманы яшчэ адзін мужчына, прычына затрымання – таксама ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.
Раман Шавель belsat.eu