Палітвязень Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада: родныя не маюць звестак пра яго ўжо цягам 550 дзён.
Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале напісала беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
«550 дзён без навінаў ад Сяргея. 550 дзён я не ведаю, ці бачыць ён лісты з малюнкамі ад Агніі і Карнея, якія штодня чакаюць тату. Гэты доўгі час без вестак ад яго цягнецца, як адзін бясконцы і балючы дзень», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Беларуская дэмакратычная лідарка далучыла да свайго паста кранальныя лісты, якія пішуць ейныя дзеці да Сяргея.
«Рэжым інкамунікада – нясцерпны цяжар для кожнага, хто чакае хоць аднаго радка з-за кратаў ад блізкага чалавека. І немагчыма нават уявіць, што адчуваюць палітвязні, калі рэжым спрабуе зламаць іх, пакідаючы без сувязі нават з самымі блізкімі. Рэжым інкамунікада – гэта не проста адсутнасць сувязі. Гэта жорсткі спосаб катавання», – піша Ціханоўская.
Яна таксама згадвае, што людзі, якія бачылі Сяргея ў турме, расказваюць, што нават у няволі ён захоўвае сваю непахіснасць.
«Мае дарагія! Кожны ліст, кожная паштоўка для нашых палітвязняў – гэта не проста словы на паперы. Гэта наш спосаб паказаць, што мы побач і вельмі чакаем іх на волі. Пішыце тым, хто ў ізаляцыі, дапамагайце іх сем'ям, калі для вас гэта бяспечна. Кожнае слова сапраўды можа падтрымаць, нават калі здаецца, што яго ніхто не прачытае», – заклікала беларуская дэмакратычная лідарка.
Нагадаем, што апошнія звесткі пра Сяргея Ціханоўскага з’яўляліся 9 сакавіка 2023 года. Паводле Святланы Ціханоўскай, яго трымаюць у адзіночнай камеры ў жодзінскай турме, не прымаючы ад сваякоў грошы.
Нагадаем, што Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 траўня 2020 года. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і парушэнні грамадскага парадку. У снежні 2021 года Ціханоўскі быў асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі. У лютым 2023 года Сяргея судзілі зноў паводле артыкула 411 ч. 2 («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») і прысудзілі яшчэ 1,5 года калоніі.
Для некаторых палітычных зняволеных, такіх як Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, у турмах створаны рэжым інкамунікада – калі ні родныя, ні блізкія, ні адвакаты не маюць пра іх ніякіх звестак.
Раман Шавель belsat.eu