навіны

Экс-міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч пачаў займацца пастаўкамі медабсталявання?

Дзмітрый Піневіч
Дзмітрый Піневіч. Фота: TUT.by
podpis źródła zdjęcia

Былы міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, які на некаторы час «прапаў з радараў», зноў аб’явіўся ў Беларусі, сцвярджае тэлеграм-канал медыкаў «Белые халаты».

«Да нас трапіла непацверджаная інфармацыя пра тое, што экс-міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч вярнуўся ў Беларусь і стаў займацца пастаўкай медычнага абсталявання», – гаворыцца ў паведамленні «Белых халатаў».

Паводле аўтараў допісу, Піневіч «прапаў з радараў» практычна адразу ж па звальненні з паста міністра ў пачатку 2024 года.

Прызначаючы 25 студзеня 2024 года на пасаду новага міністра аховы здароўя Аляксандра Хаджаева, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гаворкі не ідзе пра нейкае вызваленне Піневіча ад займанай пасады.

«Проста я яго бачу на іншай пасадзе. Ён будзе працаваць на іншай пасадзе. Чалавек ён малады, энергічны. Таму ніхто не збіраецца яго адпускаць яго на спачынак, вобразна кажучы», – сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён дадаў, што калі Піневіч сам захоча працаваць у сістэме аховы здароўя, то ён не будзе супраць. «Калі не, у нас дастаткова вакансіяў і працы для таго, каб ён працаваў і прыносіў карысць дзяржаве», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У лютым «Белые халаты» адзначалі, што звальненне Дзмітрыя Піневіча адбылося не проста так, бо яшчэ ў 2023 годзе «ў кулуарах Міністэрства аховы здароўя абмяркоўвалі, што ён перайшоў дарогу нейкім “важным людзям” і будзе замененеы на “маму Колі”» (Ірына Абельская. – Заўвага «Белсат»). Прагноз «Белых халатаў» не спраўдзіўся, на пасаду быў прызначаны Аляксандр Хаджаеў, тым не менш менавіта тады, пісалі аўтары тэлеграм-канала, Дзмітрый Піневіч «прапаў з радараў».

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10