навіны

Прарыў на 35 км і разгром расейскай калоны. Што адбываецца ў Курскай вобласці 9 жніўня?

Мапа наступлення ЗСУ ў Курскай вобласці.
Мапа наступлення ЗСУ ў Курскай вобласці. Крыніца: understandingwar.org
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» распавядае, што вядома пра сітуацыю ў Курскай вобласці РФ, дзе ЗСУ ўжо чацвёрты дзень вядуць паспяховае наступленне.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваёй зводцы па выніках 8 жніўня канстатаваў, што ЗСУ за тры дні здолелі прасунуцца ў Курскай вобласці на 35 км. Па мерках цяперашняй пазіцыйнай вайны гэта надзвычай высокія тэмпы. Паводле ацэнак «The Washington Post», украінскія вайскоўцы кантралююць каля 100 кв. км.

Блізкі да Мінабароны РФ Telegram-канал «Рыбарь» па стане на 13:00 9 жніўня паведамляе, што ЗСУ акапваюцца на ўжо занятых пазіцыях, паралельна перакідваючы сілы «для далейшых спробаў прасунуцца ўглыб расейскай тэрыторыі». Паводле канала, казаць пра стабілізацыю сітуацыі не выпадае.

Расея працягвае накіроўваць у Курскую вобласць дадатковыя сілы. Адна з расейскіх вайсковых калонаў, якую перакідвалі ў зону баявых дзеянняў, ноччу ў Рыльскім раёне трапіла пад ўдар украінскіх РСЗА і была цалкам знішчана. Відэа знішчанай калоны трапіла ў сеціва - неўзабаве ФСБ затрымала мясцовага жыхара, які здымаў наступствы ўкраінскага ўдару.

BBC Verify прыйшла да высновы, што калона была разгромлена ля вёскі Акцябрская, што ў 30 км ад мяжы з Украінай. Незалежны вайсковы эксперт Ян Матвееў піша ў сваім блогу, што ў выніку ўдару HIMARS было знішчана 14 вайсковых «Уралаў» і «Камазаў», у якіх ехалі расейскія вайскоўцы.

«3-4 роты - цэлы батальён знішчаны, - тлумачыць эксперт, - Мяркуючы па выглядзе калоны, загінулых прыкладна палова. Гэта адзін з самых крывавых і масіраваных удараў (хутчэй за ўсё HIMARS) за ўсю вайну».

Лейтэнант ЗСУ з пазыўным «Алекс», які вядзе Telegram-канал «Офіцер», сцвярджае, у калоне было не 14, а 19 адзінак расейскай тэхнікі.

Расейскія Z-каналы абураюцца, што камандаванне дагэтуль, на трэці год вайны, накіроўвае вайскоўцаў у зону баявых дзеянняў калонамі, што робіць іх лёгкімі мішэнямі для ЗСУ. Некаторыя Z-блогеры заклікаюць расстрэльваць камандзіраў за такія памылкі.

«Каб калону паразіць агнявым сродкам, што наводзіцца на значную адлегласць і карэктуюцца па спадарожнікавай навігацыі, неабходна каб гэтая самая калона як статак тупарылых бараноў стаяла на адкрытым месцы і нікуды не рухалася пакуль яе знойдзе дрон-выведнік, перадасць інфармацыю і па ёй адпрацуюць. Мала таго - у кузавах грузавікоў, якія стаялі, яшчэ і пакінулі сядзець людзей, што ператварыла знішчэнне калоны ў натуральную бойню», - піша Telegram-канал «Военный осведомитель».

Выданне «Forbes» паведамляе, што ў наступленні ў Курскай вобласці прымае ўдзел 80-я дэсантна-штурмавая брыгада ЗСУ - адно з найлепшых падраздзяленняў Украіны. А ўсяго, паводле ацэнак «Forbes», у аперацыі задзейнічаны як мінімум тры брыгады ЗСУ колькасцю да 2 тысяч чалавек кожная - 22-я і 88-я механізаваныя брыгады і 80-я дэсантна-штурмавая брыгада. То бок ідзе аб значна больш маштабнай аперацыі, чым меркавалася першапачаткова.

«З кожнай гадзінай становіцца ўсё больш зразумела, што тое, што адбываецца ў Курску не з'яўляецца рэйдам, а сапраўды ўварваннем», - падсумоўвае выданне.

Цяпер версія, што ЗСУ могуць паспрабаваць захапіць Курчатаўскую АЭС, з ваеннага пункту гледжання ўжо не выглядае фантастычнай. Улады Курчатава адзначаюць, што баі вядуцца ў некалькіх дзясятках кіламетрах ад гораду.

Жыхары памежных раёнаў Курскай вобласці працягваюць абурацца тым, што ўлады фактычна кінулі іх, не арганізаваўшы эвакуацыі з зоны баявых дзеянняў. Жыхарка вёскі Пушкарнае Курскай вобласці распавяла ў эфіры тэлеканала «Дождь» пра тое, што мясцовыя жыхары эвакуяваліся з Суджы і бліжэйшых сёлаў на сваіх машынах «хто ў чым быў», ім дапамагалі сваякі і сябры. Паводле ейных словаў, арганізаванай эвакуацыі «не было і да гэтага часу няма».

МНС Расеі 9 жніўня прысвоіла сітуацыі ў Курскай вобласці статус надзвычайнай сітуацыі федэральнага характару

Улады Украіны па-ранейшаму падтрымліваць рэжым інфармацыйнай цішыні. Ніякіх афіцыйных каментароў наконт падзеяў у Курскай вобласці няма.

Глеб Нержын «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10