Раман Пратасевіч пахваліўся, што паляцеў на адпачынак у Дубай з жонкай, а яшчэ яму больш не трэба выплачваць вялізарны штраф, заўважыла «Наша Ніва». Разам з Янам Рудзікам і Сцяпанам Пуцілам ён павінен быў выплаціць 24,5 млн рублёў, пастанавіў раней суд у Беларусі.
У стрыме з Дубая Раман кажа, што падаў апеляцыю і суд адмяніў для яго штраф, таксама больш няма абмежаванняў на выезд.
«Я падаў апеляцыю, і мне скасавалі гэты штраф. Усё сумленна, усё законна. Гэта была афіцыйная працэдура. Была апеляцыя, былі асобныя судовыя паседжанні. Я прывёў, як аказалася, дастатковую колькасць аргументаў для таго, каб гэты велізарны, я б нават сказаў астранамічны, штраф адмянілі», — сказаў Пратасевіч.
Ён адзначыў, што ў тым ліку даводзіў, што не павінен несці адказнасць у адзіночку, калі Сцяпан Пуціла [блогер, заснавальнік праектаў Nexta] і Ян Рудзік [блогер і грамадскі актывіст, на дадзены момант баец палку Каліноўскага ва Украіне] знаходзяцца за мяжой.
Усё ж тры тысячы рублёў ён выплаціў, прызнаецца Пратасевіч. Ужо тры месяцы Раман працуе электразваршчыкам на Менскім электратэхнічным заводзе імя Казлова.
Раман Пратасевіч быў арыштаваны ў Беларусі 23 траўня 2021 года. Каб гэта зрабіць, у Беларусі незаконна пасадзілі самалёт авіякампаніі «Ryanair». Пасля гэтага Украіна і ЕЗ увялі санкцыі супраць Беларусі — над краінай ніхто не лётае, а паветраная прастора гэтых краін для беларускіх самалётаў таксама апынулася закрытая.
3 траўня 2023 года Пратасевіча пакаралі ў Беларусі 8 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, аднак Раман застаўся пад хатнім арыштам. А 22 траўня стала вядома, што ён памілаваны.
Арсен Рудэнка belsat.eu