навіны

Усяго толькі права выбару

Беларускія сілавікі падчас пратэстаў.
Беларускія сілавікі падчас пратэстаў. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Чым далей дата 9 жніўня 2020-га, тым часцей гучыць пытанне: а ці магло быць усё інакш? Чаму вуліцы мірных гарадоў у тыя дні нагадвалі кадры з вайсковых фільмаў? Хто мог уявіць сабе, што ў мірны час у беларускай сталіцы ў пад’ездах дамоў каля «Рыгі» і Стэлы, побач з паштовымі скрынямі, з’явяцца бутлі з вадой і перавязачныя матэрыялы? Ці магчыма было пазбегнуць чалавечых ахвяр?

Яшчэ да дня выбараў стала зразумела, што супрацьстаянне паміж народам і ўладай набліжаецца да крытычнай рысы. Абывацелі, якія раней ніколі не ўдзельнічалі ў вулічных акцыях, стаялі ў даўжэзных чэргах, каб паставіць свой подпіс за кандыдатаў, і гэтыя чэргі больш былі падобныя да адзінага флэшмобу ў маштабах усёй краіны. Аўтамабілі сігналілі. Даішнікі штрафавалі кіроўцаў сотнямі, але гэта не збівала гукавую хвалю. Аўтазакі на дарозе – новая какафонія гукаў. Аўтазакі сталі ненавіснымі гараджанам яшчэ да даты выбараў, калі іх закідвалі туды толькі за тое, што выйшлі моўчкі пастаяць на праспекце жывым ланцугом супраць самавольства ўладаў у дачыненні апанентаў. У гэтых аўтазаках ужо пабывалі і многія журналісты. Тады яшчэ ніхто не ведаў, што вельмі хутка камізэлька з надпісам «Прэса» стане мішэнню для сілавікоў з самых розных структур.

…9-га, на выбарчых участках з раніцы было шматлюдна. Людзі ішлі сем’ямі, па адным, з сябрамі, з сабакамі. Хтосьці з белай стужачкай на руцэ, хтосьці ў адзенні колераў нацыянальнага сцяга. Гэта быў якраз той выпадак, калі можна было без перабольшання сказаць: «на выбарчых участках панавала атмасфера свята». Каля выбарчага ўчастка, дзе мусіла прагаласаваць Святлана Ціханоўская, сабраліся сотні людзей, каб падтрымаць яе апладысментамі. Многія чакалі завяршэння галасавання і спадзяваліся на сумленны падлік галасоў. Бо столькі ж народу прыйшло.

За пару гадзін да канца галасавання знік інтэрнет. Цяжка паверыць, што аўтары гэтай ідэі спадзяваліся такім чынам вывесці людзей з кватэр на вуліцы. Але эфект быў менавіта такі. Людзі выходзілі і ішлі да выбарчых участкаў. Калі туды сталі пад’язджаць аўтазакі, стала зразумела, што пазбегнуць затрыманняў змогуць не ўсе. Вось тады і пайшлі людзі групамі, на хаду злучаючыся ў калоны з усіх мікрараёнаў сталіцы ў бок Стэлы. Гэта было падобна да жывых ручайкоў, якія зліваліся ў адзінае мора. Шмат каго з тых, хто самымі першымі дайшлі да скрыжавання вуліцы Машэрава і праспекта Пераможцаў, сілавікі пачалі жорстка збіваць. Людзей білі дубінкамі, цягнулі за ногі ў аўтазакі. Але надышоў момант, калі новыя, хто надышоў, кінуліся на дапамогу бяззбройным суграмадзянам. Сілавікі адступілі. Гэтага хапіла, каб уся тэрыторыя вакол Стэлы запоўнілася людзьмі.

Колькі разоў потым на гэтым месцы збіраліся сотні тысяч людзей! Колькі было плакатаў, нацыянальных сцягоў, аркестраў, прамоваў! Колькі людзей выходзілі, каб патрабаваць спыніць гвалт і катаванні і правесці нарэшце сумленныя выбары! Усё гэта будзе пасля, а ў той дзень улады аб’явілі вайну бяззбройнаму мірнаму народу.

Беларускія сілавікі падчас пратэстаў. Фота: Белсат
Беларускія сілавікі падчас пратэстаў. Фота: Белсат

У ход пайшоў увесь арсенал – слёзацечны газ, гумовыя кулі, шумавыя гранаты, вадамёты. Але людзі адыходзілі і зноў вярталіся. Знайшлося новае прымяненне кантэйнерам для смецця – пакуль сілавікі прыбіраюць іх з дарогі, каб змаглі праехаць аўтазакі, людзі маюць пару хвілін, каб дабегчы да бліжэйшых пад’ездаў. Там ужо жыхары трымаюць дзверы, каб упусціць дэманстрантаў і зачыніць дзверы перад носам спецназаўцаў.

Сілавікі атрымалі загад кашмарыць народ. Таму разбітае шкло і адбітыя люстэркі ў машынах, кроў на тратуарах, красоўкі, бейсболкі, адарваныя капюшоны не выклікалі ўжо ніякіх пытанняў. У тую ноч у горадзе грукацела кананада, стракаталі дроны, сігналілі кіроўцы аўтаў. Незнаёмыя людзі дапамагалі адно аднаму як маглі. Сілавікі рабілі атаку за атакай, але тое яшчэ больш збліжала народ. На вачах натоўпу бруёй з вадамёта збіла з ног жанчыну. Некалькі метраў яна, як бязважкі лісток з дрэва, праляцела над зямлёй і ўпала, стукнуўшыся галавой аб бардзюр. Увесь твар у крыві.

«Урача! Хуткую!» – крычалі мужчына і хлопец. Апошні, як потым высветлілася, быў сынам гэтай жанчыны .

«Не трэба хуткую! У сына апошні курс і дыплом. Разумееце? Бо адлічаць», –прасіла жанчына. Ды хуткая сюды зараз і не дабярэцца.

«Урача! Ёсць тут лекар?! » – панеслася па дварах. Прыбег пажылы мужчына:

«Не хвалюйцеся. Я пагляджу. Страсення здаецца няма. Але трэба зрабіць здымак і да лекара ў сваёй паліклініцы абавязкова зайдзіце».

Абмянялася кантактамі з гэтай жанчынай. Яна мне потым сказала, што раніцай да траўматолага было патрапіць не проста – талонаў няма і людзей прымалі «па хуткай дапамозе». У чарзе людзі з падгорнутымі ступнямі, ірванымі ранамі, траўмамі твару ажыўлена гутарылі. Абмяркоўвалі падзеі мінулай ночы. Было зразумела, што ў кожнага анамнез у картцы мог пачынацца словамі:

«9 жніўня быў на акцыі, уцякаў ад сілавікоў…».


9 жніўня 2020 года стала датай новага этапу Беларусі. Падзеі таго дня прывялі да беспрэцэдэнтных па сваёй жорсткасці масавых рэпрэсій супраць народа за апошнія 85 гадоў. Да гэтага часу няма дакладнай лічбы пра зніклых без вестак, забітых, скалечаных, кінутых у турмы, вымушаных бегчы, кідаючы свае дамы, ратуючы свае жыцці… У выгнанні лекары, пісьменнікі, мастакі, палітыкі, журналісты, музыкі, цэлыя творчыя калектывы – чаго вартае Нацыянальны тэатр амаль у поўным складзе…

9 жніўня народ патрабаваў толькі аднаго – мець права выбару. Калі б гэтае права з’явілася, то хіба дапусціў бы народ размяшчэнне войскаў агрэсара на сваёй тэрыторыі? Няўжо змагла б праехаць вайсковая тэхніка захопнікаў? Хіба змаглі б узлятаць іх самалёты з беларускіх аэрадромаў? Усяго толькі права выбару для аднаго народа, а якія наступствы для мільёнаў іншых.

Любоў Лунёва

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10