навіны

ЗСУ амаль цалкам захапілі Суджу і рухаюцца далей. Што адбываецца ў Курскай вобласці?

Мапа баявых дзеянняў у Курскай вобласці па стане на 14:40 8 жніўня.
Мапа баявых дзеянняў у Курскай вобласці па стане на 14:40 8 жніўня. Крыніца: hagentstvonews / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Трэці дзень запар ЗСУ вядуць наступленне ў Курскай вобласці РФ. Расейскія Z-каналы паведамляюць, што ўкраінцы працягваюць прасоўвацца ўглыб рэгіёна, а мясцовыя жыхары абураюцца дзеяннямі ўладаў, якія не здолелі забяспечыць эвакуацыю цывільнага насельніцтва. «Белсат» падсумоўвае вынікі 8 жніўня.

Блізкі да Мінабароны РФ Telegram-канал «Рыбарь» удзень 8 жніўня паведаміў, што ЗСУ амаль цалкам захапілі райцэнтр Суджа і атакуюць райцэнтр Корэнева. Зона кантролю ўкраінскіх сілаў толькі ў Суджанскім раёне ацэньваецца цяпер у 30 км.

«Рыбарь» піша, што ачагі супраціву расейскай арміі адразаюць і абыходзяць па ракадных дарогах. Пасля заняцця Казацкай Локні на поўначы, а таксама Мірнага і Бандароўкі на поўдні ўкраінскія жаўнеры ўвайшлі ў Мартынаўку і населены пункт Круглік. Адначасова завязаліся баі ў Вялікім Салдацкім і за 15 км на поўдзень ад гораду Льгоў. Паводле канала «Рыбарь», украінскія салдаты пачалі акопвацца на дасягнутых рубяжах, уводзячы другі эшалон. 

«Захоп Суджы стаў натхняльным фактарам для ЗСУ», – прызнае канал, блізкі да Мінабароны РФ.


Прааналізаваўшы звесткі наконт прасоўвання ЗСУ, выданне «Агентство» прыйшло да высновы, што за тры дні Расея страціла кантроль над тэрыторыяй да 430 кв км. Журналісты зазначаюць, што калі ўкраінцы атрымаюць кантроль над кальцавой развязкай на выездзе з Суджы, то змогуць пачаць рух па трасе Р200. А ад Суджы да Курска - 80 км па добрых асфальтаваных дарогах.


Газета «The Washington Post» паведаміла, што Украіна ўзяла пад кантроль газавымяральную станцыю Суджа ў Курскай вобласці.

«Праз тры дні нечаканы трансмежавы рэйд Украіны ў Курскую вобласць Расеі на паўночным усходзе не паказвае ніякіх прыкмет паслаблення», - зазначае часопіс «The Economist».

Брытанскае выданне «The Telegraph» паведамляе, што падчас баёў у Курскай вобласці Украіна менш чым за 48 гадзін захапіла больш тэрыторыяў, чым за ўвесь перыяд летняга контрнаступу 2023 году.

Мінабароны Францыі таксама прызнае дасягненні ЗСУ. 

«Наступленне ЗСУ ў Курскай вобласці, заснаванае на эфекце нечаканасці і супрацьдзеянні сілам менш падрыхтаваным, чым на ўсходнім фронце, падобна, мае пэўны пачатковы поспех», - канстатуюць у ведамстве.

Улады Украіны працягваюць падтрымліваць рэжым інфармацыйнай цішыні. Ніякіх афіцыйных каментароў наконт падзеяў у Курскай вобласці няма. 

Разам з тым, 8 жніўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што заслухаў тры выніковыя даклады галоўнакамандуючага ЗСУ Аляксандра Сырскага, якія «цяпер патрэбныя Украіне».


«Украінцы ўмеюць дасягаць сваіх мэтаў. І гэта не мы выбралі дасягаць мэтаў у вайне. Расея прынесла вайну на нашу зямлю і павінна адчуць, што яна зрабіла», - падкрэсліў
Зяленскі.


У сеціве з’яўляецца ўсё больш скаргаў на поўны правал эвакуацыі цывільнага насельніцтва Курскай вобласці. Жыхары Суджанскага раёну запісалі відэазварот да Уладзіміра Пуціна, дзе абураюцца адсутнасцю эвакуацыі і хлуснёй уладаў. 

«Наш горад быў пераўтвораны ў руіны. Мы пазбавіліся зямлі, пазбавіліся дамоў, беглі пад абстрэламі сярод руін. Нехта без дакументаў. Хочам папрасіць дапамогі! Мы засталіся адны», - кажуць людзі.

Мясцовыя ўлады тым часам абвясцілі добраахвотную эвакуацыю з Рыльскага раёну Курскай вобласці. Ёсць звесткі, што людзі пачынаюць уцякаць з Льгова, на выезд з гораду ўтварылася чарга.

Расейскія крыніцы паведамляюць пра сцягванне рэзерваў у Курскую вобласць, у тым ліку перакідванне былых вагнэраўцаў.

Ва ўкраінскіх Telegram-каналах у другой палове дня з'явіліся непацверджанныя звесткі пра захоп паселішчаў Наваіванаўка і Любаўка Курскай вобласці. Таксама паступаюць новыя паведамленні пра захоп у палон расейскіх вайскоўцаў.

Глеб Нержын «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10