Ля мяжы з Украінай знаходзіцца 4,4 тысячы беларускіх вайскоўцаў, сцвярджае дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч у эфіры «ОНТ». Ён заяўляе, што «смешна» казаць пра пагрозу Украіне, паколькі з іншага боку мяжы вайскоўцаў у тры разы больш.
Вальфовіч заяўляе, што спатрэбілася стварыць «разнастайныя групоўкі сіл і сродкаў» ля мяжы з Украінай «для прыкрыцця аперацыйных кірункаў, на Гомельскім, Мазырскім кірунку для ўзмацнення выканання задач органамі памежнай службы».
«І ўвесь апошні час выказванні з боку і з Захаду, і з боку Украіны, папрокі ў наш адрас, што мы стварылі там нейкія групоўкі для таго, каб пачаць наступ на поўдні на тэрыторыю Украіны, ну гэта можа выклікаць толькі лёгкую, напэўна, усмешку. Чаму? Тая групоўка сіл, колькасць, якую кажуць украінцы, заходнікі, пра тое, што мы вывелі там 4,4 з невялікім тысячы вайскоўцаў, групоўку, яна ў разы меншая за тую групоўку, якая знаходзіцца на сумежнай тэрыторыі Украіны. Сёння паблізу дзяржаўнай мяжы, але не толькі сёння, але за апошнія два гады на тэрыторыі Украіны, побач з нашымі межамі знаходзіцца групоўка ўзброеных сіл, іншых структур, ваенізаваных структур Украіны, каля 14 тысяч вайскоўцаў.
Таму тая групоўка, якая выведзеная сёння да дзяржаўнай мяжы, кажучы і характарызуючы мовай вайскоўцаў, гэта проста смешна казаць пра тое, што яна пагражае бяспецы Украіны», — кажа Вальфовіч.
Пры гэтым дадзеныя Вальфовіча не супадаюць са словамі Аляксандра Лукашэнкі. 18 жніўня ён сказаў расейскім СМІ, што Украіна сабрала 120 тысяч вайскоўцаў ля мяжы з Беларуссю.
«Мы адцягваем на сябе гэтыя 120 тысяч», — сказаў Лукашэнка.
Яго каментары пра колькасць вайскоўцаў з'явіліся пасля таго, як расейская прапаганда абвінаваціла яго ў тым, што раней ён адвёў вайскоўцаў ад мяжы з Украінай, што дапамагло атакаваць Курскую вобласць.
Паводле версіі Лукашэнкі, ў канцы чэрвеня - пачатку ліпеня Украіна да параду ў Менску 3 ліпеня сцягнула яшчэ больш войскаў да мяжы, таму Лукашэнка адправіў туды «амаль траціну войска». Пасля гэтага нібыта спецслужбам Украіны давялося тлумачыць, што ніякага нападу з Беларусі не будзе.
«Яны гэтыя дадатковыя сілы, якія былі звыш 120 тысяч, адвялі, прыбралі адтуль. І мы тых, якіх дадаткова ўводзілі, таксама адвялі», — сказаў Лукашэнка.
Арсен Рудэнка belsat.eu