Актывісты ўпэўненыя, што «гэта робяць найміты з сілавых структураў на загад лукашысцкай хунты».
Пра акт вандалізму паведаміў стваральнік ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў. Са спасылкаю на паплечнікаў ён напісаў, што ва ўрочышчы, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, знішчаныя крыжы, а таксама металічныя паказальнікі, што дапамагалі арыентавацца на месцы:
«Знішчаныя 26 крыжоў разам з шыльдамі. Стэнды, што распавядалі пра расстрэлы нявінных грамадзянаў падчас сталінскага тэрору камуністычнымі апрычнікамі-карнікамі, таксама ўсе знішчаныя».
Пры гэтым металічныя рамкі ад стэндаў і шыльдаў засталіся цэлыя, а самыя стэнды з поліэтылену «разбітыя і вывезеныя, відаць, у гэбэшны музей».
Актывісты ўпэўненыя, што «гэта робяць на загад лукашысцкай хунты іхныя найміты з сілавых структураў; просты, сумленны чалавек не будзе гэтага рабіць».
У дзень, калі актывісты заўважылі разбурэнні і пачалі добраўпарадкоўваць тэрыторыю, да іх падышлі жанчына з мужчынам, спыталі, што тут адбываецца і хто загадаў гэта рабіць. Незнаёмцы сфатаграфавалі аднаго сябра ініцыятывы і пайшлі прэч. Пасля паўгадзіны да ўрочышча пад'ехаў аўтамабіль, і праз гучнагаварыцель невядомыя пачалі патрабаваць выйсці з лесу, іначай «мала не пакажацца».
«Падобна, пасля сігналу гэтых мужчыны і жанчыны прыехалі сілавікі, каб затрымаць і пакараць сяброў ініцыятывы „Хайсы”», – мяркуюць актывісты. Яны схаваліся ў лесе і не падпарадкаваліся патрабаванню.

«Лукашысты не хочуць, каб людзі ведалі пра крывавыя злачынствы ва ўрочышчы „Хайсы” супраць беларускага народу падчас панавання злачыннага маскоўскага камуна-фашысцкага рэжыму і падручных іхнай шайкі – беларускіх камуністаў», – падсумаваў Дзяржаўцаў у сваім допісе.
Мемарыял каля вёскі Хайсы недалёка ад Віцебску пачалі ствараць у 2014 годзе. Тады неабыякавыя грамадзяне паставілі першыя крыжы ў трох месцах, дзе былі самыя вялікія яміны з парэшткамі расстраляных.
Сцяпан Кубік belsat.eu