навіны

«Пакуль у Беларусі ладзяць канцэрты Бузавай». Распавядаем, што мы пабачылі на фестывалі «GRAJ» у Варшаве

Гурт Dzieciuki. Варшава, Польшча. 7 Верасня 2024 года. Фота: Белсат
Гурт Dzieciuki. Варшава, Польшча. 7 Верасня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Варшаве 7 верасня прайшоў трэці фестываль беларускай музыкі «GRAJ». 11 гуртоў, дабрачынны аўкцыён, драйв, сквар, водар бліноў і піва панавалі ў варшаўскім «Odessa Club» дапазна. «Белсат» выправіўся ў першую восеньскую суботу на музычную імпрэзу, каб распавесці, як гэта было. 

Першымі варшаўскую Волю падсмажылі хлопцы з «Torn». Беларускіх металюгаў было чуваць за некалькі кварталаў да «Odessa Club». Рэзалі – не, дралі! – па жывому. Аж цень ад слупоў знікаў. І гэта пры тым, што ў Варшаве і без нашага «GRAJ» было за плюс 30. 

Потым гучаў больш спакойны «Paradox» («Больш не магу чуць гэтых словаў, што ўсё як раней»), таямнічы «Мой дядя Азнавур» з цалкам не чаканымі тэкстамі («На пол с кровати падали сонные дети») і ахаладжальна-лірычны «Homebound»

Гурт «Мой дядя Азнавур». Варшава, Польшча. 7 Верасня 2024 года. Фота: Белсат
Гурт «Мой дядя Азнавур». Варшава, Польшча. 7 Верасня 2024 года. Фота: Белсат

«Можна частавацца ўжо блінамі» 

Пакуль аб'яўляюць наступнага і апошняга ў праграме вольнай сцэны выканаўца – «OliA Shnip Band», выбягаем купіць халоднай вады. Спатоліўшы прагу, сустракаемся з усмешкай суарганізатаркі фестывалю беларускай музыкі «Graj» Інэс Сянкевіч.

«Усё ідзе паводле плану – выступаюць маладыя гурты. Ад 18-й пачнецца асноўная праграма, у якой выступяць «Nochy», «Kurwadziki», «Dzieciuki», «Разбітае Сэрца Пацана», «Relikt», «Volski». Так, гэта трэці па ліку «Graj», і другі раз запар ён адбываецца тут, у «Odessa Club». Першы фест быў акустычны, меншы па памерах і прайшоў над Віслай у пабе «Puerto Mexicana», – распавяла нам Інэс Сянкевіч.   

«Можна частавацца ўжо блінамі, можна купляць розныя прыгожыя рэчы на арт-маркеце», – дадае на развітанне арганізатарка.

У намёце з блінамі завіхаюцца хлопцы з «nalesniki_razem». Толькі мучныя. Галодныя на дранікі – адпачываюць. «Дранікі трэба гатаваць дома», – кажа кухар. Троху пазней пад фестываль пад'едуць пяльмені і нават чэбурэкі. Пад піва – нічога сабе. А ўжо піва было ўдосталь.

Гурт «Nochy». Варшава, Польшча. 7 Верасня 2024 года. Фота: Белсат
Гурт «Nochy». Варшава, Польшча. 7 Верасня 2024 года. Фота: Белсат

«Усё, на жаль, прадказальна» 

Неспадзяванка: намёк на дранікі знаходзім на арт-маркеце. Каля чорнай торбы з надпісам «Дрэнны дранік» сядзіць паглыблены ва ўласныя думкі пісьменнік і музычны крытык Аляксандр Чарнуха. Спрабуем разгаварыць.

«З задавальненнем сёння паслухаю «Relikt», бо хлопцы ўжо даўно працуюць над новай праграмай, і хацелася б пачуць, да чаго яны прыйшлі. У другую чаргу – «Nochy», таму што ў іх быў неблагі старт, не хапала хіба, як мне падаецца, разняволенасці і харызмы. Цікава будзе паглядзець, у якім кірунку рухаецца гурт зараз», – дзеліцца думкамі Чарнуха. 

У астатнім, заўважае ён, амаль усё на «Graj» прадказальна. На жаль, дадае. Бо ў арганізатараў вельмі абмежаваны выбар у фармаванні лайн-апу, і гэта – эмігранцкі фестываль. Каб выйсці з «эмігранцкай бурбалкі» і зацікавіць сусветную аўдыторую, трэба, як мяркуе Аляксандр Чарнуха, знайсці нейкі «ідэальны баланс». Які?

,,

«Я б увогуле зрабіў трохдзённы фесытваль з глабальнымі хэдлайнерамі. Уяві, у першы дзень, напрыклад, хэдлайнерамі будуць «Молчат дома», у другі – Макс Корж. То бок артысты, якія працуюць з вялікай аўдыторыяй. А з імі паставіў бы гурты, у якіх меншая аўдыторыя. Каб гэта быў такі фестываль, дзякуючы якому людзі маглі б паглядзець на сапраўдныя здабыткі беларускай музыкі ў розных кірунках», – марыць Чарнуха.


«Прэзентуюць найлепшыя нашыя гурты»

На сцэне, між тым, гучыць лірычная і пранізлівая «Ты адзін» у выкананні «OliA Shnip Band». На танцполе – каля сотні слухачоў. Не так і густа. Але ўжо праз гадзіну – паўтары іх будзе ці не ў 5 разоў больш. Сонца палагаднее, а да мікрафону падыдзе Сір – лідар гурту «Kurwadziki». Але да яго яшчэ вернемся. 

Заўважаем у грамадзе філосафа і намесніка прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні АПК Паўла Баркоўскага. Прыйшоў на канцэрт разам з дачкой. 

«Прыйшоў паслухаць беларускую музыку, канешне. Увогуле ўсіх. Бо ўсе тыя хэдлайнеры, якія тут заяўленыя, мне здаецца, прэзентуюць найлепшыя нашыя гурты. Але паслухаў і маладых, і ёсць вельмі цікавыя выканаўцы, якіх, магчыма, праз некалькі гадоў будзе слухаць не толькі абраная аўдыторыя», – кажа Павел Баркоўскі.

На ягоную думку, такія фэсты вельмі важныя для беларусаў, таму што людзі адчуваюць на іх лучнасць. І ёсць патэнцыял, каб падобныя імпрэзы разгортваліся яшчэ шырэй, запэўнівае палітык. 

«Пакуль у Беларусі ладзяць канцэрты Вольгі Бузавай, сапраўдная беларуская музыка можа гучаць у Варшаве», – мяркуе наш суразмоўца.

Маркет падчас фестывыалю Graj. Варшава, Польшча. 7 Верасня 2024 года. Фота: Белсат
Маркет падчас фестывыалю Graj. Варшава, Польшча. 7 Верасня 2024 года. Фота: Белсат

«Дзядзька, ты калі ўжо прыйдзеш на наш канцэрт?» 

Перад асноўнай праграмай абвяшчаецца паўгадзінны перапынак – «каб падзаправіцца». Усё больш знаёмых твараў і ўсмешак. 

Пакуль перакідваемся слоўцам з калегам – пачынае паліць «Kurwadziki», якія выйгралі адборачны конкурс для ўдзелу ў асноўнай праграме «Graj». І адкрылі яе.  

«Адважныя і шалёныя» – так прэзентуе іх вядоўца Марына Савіцкая. Так і ёсць. Беларусы з Беластоку пачынаюць «пад покрывам лесу спяваць свае чорныя спевы». І даюць шалёнага дыхту. Нават людзі, якія сядзелі па перыметры танцполу, ускокваюць і пачынаюць танчыць. 

Гарачае кантры «Беластоцкі аўтобус» заводзіць самых млявых. Знікае чарга за півам. 

«Kurwadziki» адкрылі таксама дабрачынны аўкцыён на фэсце, грошы з якога пойдуць на дапамогу сваякам палітвязням. Прадалі за некалькі соцень злотых эскіз свайго лагатыпу. Цэнтральны лот сёлетняга фестывалю будзе выстаўлены ўжо познім вечарам Лявонам Вольскім – вокладка для інтэрнэт-рэлізу сінгла «Калыханка» гурту Volski, якую Лявон намаляваў у Вільні алоўкамі. На самым першым «Graj» у 2022 годзе акрылавую працу Вольскага купілі, напрыклад, за 2334 злотых (23.34).

А у нас чарговы суразмоўца. Лоб у лоб сутыкаемся з вядомым беларускім рэжысёрам Аляксеем Палуянам – аўтара «Куража» і «Возера радасці». Меўся быць у Нямеччыне, і нечакана – тут, у Варшаве. 

,,

«У Варшаве – толькі па працы. Я рыхтую новы фільм і тут была сустрэча наконт гэтага фільму, над сцэнаром якога працую ўжо больш за 4 гады. Гэта будзе мастацкі фільм. Але сёння прыйшоў паслухаць музыку. Паша Гарадніцкі (лідар гурту «Разбітае сэрца пацана» – рэд.) кажа: дзядзька, ты калі ўжо прыйдзеш на наш канцэрт? Таму сёння не мог не прыйсці. Але вось і «Nochy» паслухаў – класныя. Трэба падсілкоўваць сябе. Мне бракуе апошнім часам такой вялікай беларускай тусоўкі», – дзеліцца Аляксей Палуян.


«Гітара скрыгоча, як танк»

Змяркацца пачынае падчас выступу «Рэлікту». Гусцей пахне півам ды іншым алкаголем. А на танцполе – не ўбіць носу (квіткі на фестываль каштавалі ад 140 злотых – каля 33 еўраў). Апрача гэтага, дзясяткі людзей слухаюць выступы звонку – каля складскіх муроў, размаляваных графіці. 

Пад апошнюю песню «Рэлікту» слухачы запальваюць ліхтарыкі тэлефонаў і ўздымаюць рукі ўгору. «РСП» выйдзе на сцэну, калі сонца амаль цалкам схаваецца недзе за Віслай. Гарадніцкага, як заўсёды, сустрэнуць авацыяй. 

1 / 5 Здымкаў
Item 1 of 5
Фота: Белсат

Каб апісаць, што робіцца падчас выступаў «РСП», «Дзецюкоў» і «Volski», трэба ператварыцца ў гукаадпорнага дрона, якога не збіваюць з панталыку чалавечыя эмоцыі. Узнесціся над варшаўскай Воляй і над усім светам і зірнуць на ўсё гэта звысоку. Дронам быць мы не ўмеем. Адрываемся па-чалавечы. 

«Хай праўда заменіць паветра, гітара скрыгоча, як танк», – спяваў несмяротнае Лявон Вольскі. І паветра робіцца музыкай. Падхоплівае і ўздымае цябе над варшаўскай Воляй. І над усім светам. І гэта захапляльна. Для тых, хто «не любіць салодкіх спеваў». 

Зміцер Міраш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10