навіны

«Упісаць імя нашай сям'і ў гісторыю тэнісу». Арына Сабаленка ўпершыню выйграла US Open

img
Беларуска Арына Сабаленка пасля перамогі на US Open. Нью-Ёрк, ЗША. 7 верасня 2024 года. Фота: usopen / X.com
podpis źródła zdjęcia

Для беларускай тэнісісткі, якая выступае ў нейтральным статусе, сёлета гэта другая перамога на турнірах «Вялікага шлему».

У фінале Адкрытага чэмпіянату ЗША Арына Сабаленка перамагла амерыканку Джэсіку Пегулу з лікам 7:5, 7:5.


Для беларускай тэнісісткі гэта другі сёлета трафей на турнірах «Вялікага шлему», першым быў кубак Australian Open. Да Сабаленкі перамогі ў Аўстраліі і ЗША за адзін год мела нямецкая спартоўка Анжаліка Кербер, гэта было ў 2016-м.


На прэс-канферэнцыі пасля гульні Арына Сабаленка сказала, што ганарыцца сабою і сваёй камандаю:


«Пасля таго, як я страціла бацьку, маёй мэтаю заўсёды было ўпісаць імя нашай сям'і ў гісторыю тэнісу. Кожны раз, калі я бачу сваё імя на трафеі, я ганаруся сабою, ганаруся сваёй сям'ёю, якая ніколі не адмаўлялася ад маёй мары і рабіла ўсё магчымае, каб я працягвала жыць».



Беларуская тэнісістка назвала перамогу на US Open адным з найлепшых момантаў жыцця:


«Я не ведаю, як апісаць гэтае адчуванне. Ты плачаш, ты смяешся, ты адчуваеш усе эмоцыі адначасова. Гэта найлепшае пачуццё. Я вельмі хачу, каб кожны мог адчуць гэта».


Пасля перамогі Сабаленка застанецца на другім месцы ў рэйтынгу WTA. Лідарства, нягледзячы на паразу ў чвэрцьфінале гэтага US Open, захавае прадстаўніца Польшчы Іга Свёнтэк.



Арына Сабаленка (Фота: Adrian Scottow / Flickr, CC BY-SA 2.0)

Хто такая Сабаленка: першая ракетка свету, якая толькі нядаўна выказалася супраць вайны

навіны

Сабаленка зазнала вострую крытыку за сваю палітычную пазіцыю: у 2020 годзе тэнісістка падпісала праўладны ліст спартоўцаў, у 2021-м брала ўдзел у запісе навагодняга звароту Лукашэнкі.


Летась на прэс-канферэнцыі яна заявіла, што не падтрымлівае вайны, а значыць, не падтрымлівае Лукашэнкі «проста цяпер». Нягледзячы на гэта, самаабвешчаны кіраўнік Беларусі павіншаваў Сабаленку з перамогаю на US Open, звярнуўшыся да яе на «ты»:


«У напружаных паядынках з лідарамі сусветнага рэйтынгу ты праявіла ўсе свае найлепшыя спартыўныя якасці. Дзе б ні адбываліся спаборніцтвы, упэўнены, ты адчуваеш энергію і гарачае падтрыманне родных заўзятараў».


У кар'еры Арыны Сабаленкі гэта трэцяя перамога на турнірах «Вялікага шлему». Летась, як сёлета, яна таксама выйграла Australian Open.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10