8 верасня святкуецца гадавіна бітвы пад Воршай. З гэтай нагоды беларусаў павіншавала абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская.
У сваім Telegram-канале лідарка адзначыла, што ў 1514 годзе нашыя продкі змагаліся з тым жа, з чым цяпер змагаецца свет: з захопніцкімі амбіцыямі Расейскай дзяржавы.
«Менавіта Аршанская бітва дапамагае памятаць істотную рэч: нават калі сілы няроўныя, дух і праўда на баку тых, хто змагаецца за справядлівасць. Сёння, як і тады, Беларусь сутыкаецца з пагрозай страціць незалежнасць. Але дастаткова пагартаць падручнікі нашай гісторыі, каб упэўніцца: народ заўсёды зможа даць адпор агрэсару, бо цэніць свабоду і ведае, якой цаной яна нам дасталася», – заявіла Святлана Ціханоўская.
Яна падкрэсліла ролю сучасных герояў, якія цяпер ваююць на баку Украіны. Паводле абранай прэзідэнткі, яны змагаюцца не толькі за свабоду паўднёвых суседзяў, але і за незалежнасць нашай Бацькаўшчыны:
«Яны працягваюць справу тых, хто адстойваў нашую зямлю пяць стагоддзяў таму – змагаюцца з тым жа агрэсарам, што і нашыя продкі. Мэты ў гэтага агрэсара не змяніліся: захапіць нашую зямлю, знішчыць нашую мову, культуру і права жыць так, як мы самі хочам. Ён, як і 500 гадоў таму, забівае безабаронных, выпальвае ўсё да асновы».
Ціханоўская звярнула ўвагу, што сёння кожны можа рабіць унёсак у гэтае змаганне: праз выхаванне дзяцей, вывучэнне мовы, дапамогу вайскоўцам ва Украіне.
,,«Памятайце: як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасць на нашым баку. Таму мы абавязкова пераможам», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.
Адмысловы зварот да Дня вайсковай славы апублікаваў і полк Каліноўскага. Выканаўца абавязкаў камандзіра Павел Дзядзька Шурмей адзначыў, што сёння ўвесь асабовы склад на фронце, і гэта цяпер «найбольш адпаведнае месца, каб адзначыць гэтае гістарычнае свята»:
«Бальшыня нашых ваяроў проста зараз знаходзяцца на перадавых пазіцыях фронту. Як і тады, 510 гадоў таму пад Воршай, мы разам з нашымі братамі ўкраінцамі б'ём маскоўскую навалу. Мы разам ідзём да адзінай вялікай мэты: вызваленне Беларусі праз перамогу Украіны».
6 верасня ў Кіева-Пячэрскай лаўры адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 510-й гадавіне бітвы пад Воршай. Ваяры палка Каліноўскага атрымалі абраз, напісаны на скрынцы з-пад снарадаў, якую добраахвотнікі прывезлі з фронту, а таксама перадалі сцяг з фронту ў капеланскі храм.
Аршанская бітва адбылася 8 верасня 1514 года на рацэ Крапіўне. Яна стала адной з найбуйнейшых бітваў вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1512–1522 гадоў. Падчас яе аб'яднаныя беларускія, украінскія, літоўскія і польскія войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам князя Канстанціна Астрожскага разграмілі праціўніка, сілы якога пераўзыходзілі ўдвая.
Сцяпан Кубік belsat.eu