навіны

«Беларускі Гаюн»: расейскі «Shahed» упершыню даляцеў да Гарадзеншчыны

Мапа палётаў расейскіх беспілотнікаў над Беларуссю ў ноч з 6 на 7 верасня 2024 году.
Мапа палётаў расейскіх беспілотнікаў над Беларуссю ў ноч з 6 на 7 верасня 2024 году. Крыніца: Hajun_BY / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» распавёў новыя падрабязнасці ўварвання ў паветраную прастору Беларусі расейскіх дронаў-камікадзэ «Shahed-131/136».

Паводле праекту «Беларускі Гаюн», агулам у ноч з 6 на 7 верасня ў Беларусь заляцелі 7 расейскіх дронаў-камікадзэ (раней паведамлялася пра 4-6) і адзін выведвальны беспілотнік. 


Першы шагэд увайшоў з Чарнігаўскай вобласці ў напрамку Лоева каля 23:20 і ўжо праз 40 хвілін вылецеў назад ва Украіну ў кірунку Кіеўскага вадасховішча. Далейшыя заходы шагэдаў адбываліся прыкладна ў 02:45, 03:10, 03:37, 03:49, 05:16, 05:54. Акрамя таго, каля 08:13, паводле звестак «єРадар», у Беларусь заляцеў выведвальны БПЛА тыпу Supercam.


«Беларускі Гаюн» зазначае, што акрамя заходаў у Гомельскую вобласць, мінулай ноччу адзін з шагэдаў заляцеў і ў Берасцейскую вобласць каля 05:16 у раёне Пінска і працягнуў рух на поўнач. Гэты дрон-камікадзэ зайшоў у Гарадзенскую вобласць (упершыню за ўвесь маніторынг) і даляцеў да самых Карэлічаў і Навагрудка, трымаючы курс у напрамку мяжы з Літвой.


«Гэты шагэд мог праляцець над Беларуссю на поўнач ≈200 км, што з ім здаралася далей - невядома», - паведамляе «Беларускі Гаюн».


Паводле звестак маніторынгавага праекту, на працягу ўсёй ночы ў небе працавалі знішчальнікі і верталёты вайскова-паветраных сілаў Беларусі. Знішчальнікі ВПС узляталі з аэрадрома Баранавічы 4 разы, а верталёты з Мачулішчаў паднімаліся двойчы.


«Авіяцыя была заўважана не толькі на поўдні краіны, але таксама і на самай поўначы - у раёне Астраўца і Вілейкі, што можа казаць аб тым, што да поўначы краіны мог даляцець не адзін, а два шагэды», - дадае «Беларускі Гаюн».


З'яўленне расейскіх беспілотнікаў у Менскай вобласці таксама пацвердзілі крыніцы радыё «Свабода». Сведкі заўважылі дрон прыблізна ў 6:30 у заходняй частцы рэгіёну: спачатку было чуваць гук беспілотніка, які накіроўваўся з усходу на захад, а пазней з'явіўся самалёт.


«Гэта быў шагэд ці нейкі беспілотнік. Ляцеў нізка, яго было выдатна чуваць. Але з-за дамоў яго відаць не было, толькі чуваць гул як у мапеда, усё як на відэа з Украіны. Ну і не проста ж з'явіўся самалёт адразу. Ён заглушыў гул дрона, таму на відэа яго не чуваць», — распавёў сведка.


На відэа, якое атрымала «Свабода», бачна, як з'яўляецца авіяцыя. Паводле сведкі здарэння, самалёт зрабіў некалькі колаў і адляцеў. Гуку збіцця лятальнага апарату чуваць не было.


Раней Паветраныя сілы ЗСУ паведамілі, што агулам у ноч на 7 верасня Расея запусціла 67 ударных БПЛА тыпу «Shahed-131/136». Усе запускі ажыццяўляліся з тэрыторыі РФ і акупаваных тэрыторыяў Украіны. 58 шагэдаў знішчылі ўкраінскія вайскоўцы. Шэсць дронаў-камікадзэ выйшлі з паветранай прасторы Украіны, паляцеўшы ў кірунку РФ, Беларусі і акупаванай Луганшчыны, заявілі ў Паветраных сілах ЗСУ.


Нагадаем, за апошнія 2,5 тыдня было зафіксавана ўжо дзевяць выпадкаў, калі падчас расейскіх атак на Украіну ў паветраную прастору Беларусі заляталі дроны-камікадзэ «Shahed». Шагэды з’яўляліся ў Беларусі 21, 26, 27, 29, 31 жніўня і 3,4,5,7 верасня.


У ноч на 5 верасня ў раёне Гомля беларуская авіяцыя знішчыла два расейскіх шагэда, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе. Пацярпелых не было. Пра інцыдэнт афіцыйна паведамілі ўлады Беларусі, хаця чые гэта былі беспілотнікі ў прэс-рэлізе Мінабароны не ўдакладнялася.


Падрабязней пра мэты і заканамернасці палётаў расейскіх беспілотнікаў над тэрыторыяй Беларусі, можна прачытаць тут.


Глеб Нержын belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10