навіны

Іран перадаў Расеі балістычныя ракеты

Іранскія ракетныя сістэмы Fath-360.
Іранскія ракетныя сістэмы Fath-360. Фота: armyrecognition.com
podpis źródła zdjęcia

Заходнія медыі паведамляюць, што Іран паставіў Расеі партыю балістычных ракетаў малой далёкасці, якія могуць быць выкарыстаны для ўдараў па ўкраінскіх гарадах.

Першым пра пастаўку іранскіх ракет паведаміла The Wall Street Journal. Паводле крыніцаў выданне, Расея ўжо атрымала гэтую зброю. WSJ зазначае, што перадача Іранам балістычных ракет «дасць Маскве яшчэ адзін магутны ваенны інструмент для выкарыстання ў вайне супраць Украіны».


Газета The Times паведамляе, што Расея атрымала больш за 200 іранскіх балістычных ракет. Агенцтва Reuters раней зазначала, што гаворка можа ісці пра ракеты Fath-360 - гэтая сістэма запускае балістычныя ракеты з максімальнай далёкасцю 120 кіламетраў і боегалоўкай вагой 150 кілаграмаў.


Прэс-сакратар Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Шон Сайвэт заявіў у інтэрв’ю CNN, што «любая перадача іранскіх балістычных ракет Расеі будзе азначаць рэзкую эскалацыю падтрымкі Іранам агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны».


«Мы папярэджвалі пра паглыбленне партнёрства ў сферы бяспекі паміж Расеяй і Іранам ад самага пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіны і занепакоены гэтымі паведамленнямі. Мы і нашыя партнёры ясна далі зразумець як на самітах G7, гэтак і на самітах НАТО сёлета, што мы гатовыя разам сур’ёзна адрэагаваць», - заявіў Сэйвэт.


Пастаяннае прадстаўніцтва Ірану пры ААН адмаўляе факт перадачы ракет.


У МЗС Украіны выказалі занепакоенасць у сувязі з апошнімі навінамі і папярэдзілі Тэгеран, што калі інфармацыя пра пастаўку ракет пацвердзіцца, то гэта будзе мець разбуральныя наступствы для двухбаковых стасункаў. У ведамстве нагадалі, што Расея ўжо два гады выкарыстоўвае беспілотнікі іранскай вытворчасці «Shahed-131/136» для паветранага тэрору супраць Украіны. Кіеў заклікае Іран спыніць пастаўкі зброі дзяржаве-агрэсару.


«Заклікаем сусветную супольнасць узмацніць ціск на Тэгеран і Маскву дзеля абароны міжнароднага міру і бяспекі. Іран павінен цалкам і канчаткова спыніць перадачу зброі Расеі, каб дзеяннямі, а не словамі даказаць шчырасць заяваў свайго палітычнага кіраўніцтва аб недатычнасці да падсілкоўвання расейскай ваеннай машыны смерці», - заявілі ў МЗС Украіны.


Глеб Нержын belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10