навіны

Ноччу ў Беларусь зноў прыляталі дроны-камікадзэ «Shahed»

Дрон-камікадзэ «Shahed-136».
Дрон-камікадзэ «Shahed-136». Фота: mil.in.ua
podpis źródła zdjęcia

Беларускія і ўкраінскія маніторынгавыя каналы паведамляюць, што ў ноч на 7 верасня падчас паветранай атакі на Украіну ў паветраную прастору Беларусі маглі заляцець ад 4 да 6 расейскіх дронаў-камікадзэ тыпу «Shahed-131/136».

Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведаміў пра чатыры шагэда. Адзін беспілотнік зайшоў у паветраную прастору Беларусі ў раёне Лоева яшчэ каля 23:20 і рухаўся ўздоўж мяжы. Пасля гэтага з аэрадрому ў Барановічах былі паднятыя ў неба знішчальнікі вайскова-паветраных сілаў Беларусі.


Яшчэ адзін шагэд зайшоў з Чарнігаўскай вобласці праз Лоеў каля 02.45. і працягнуў рух на паўночны захад курсам на Васілевічы (паміж Мазыром і Рэчыцай). У 03:10 і 03:38 каля Лоева з’явіліся яшчэ два дрона-камікадзэ.


Украінскі канал «Николаевский Ванёк» сцвярджае, што агулам у паветраную прастору Беларусі ноччу зайшлі 6 шагэдаў. Прычым пяты БПЛА нібыта рухаўся ў раёне Пінску, а шосты ў бок Мазыра.


Далейшы лёс шагэдаў, што заляцелі ў паветраную прастору Беларусі, невядомы.


Як паведамляюць Паветраныя сілы ЗСУ, агулам у ноч на 7 верасня Расея запусціла 67 ударных БПЛА тыпу «Shahed-131/136». Усе запускі ажыццяўляліся з тэрыторыі РФ і акупаваных тэрыторыяў Украіны. 58 шагэдаў знішчылі ўкраінскія вайскоўцы. Шэсць дронаў-камікадзэ выйшлі з паветранай прасторы Украіны, паляцеўшы ў кірунку РФ, Беларусі і акупаванай Луганшчыны. Яшчэ тры былі лакацыйна страчана пад уздзеяннем украінскіх сродкаў РЭБ.


Нагадаем, за апошнія 2,5 тыдня было зафіксавана ўжо дзевяць выпадкаў, калі падчас расейскіх атак на Украіну ў паветраную прастору Беларусі заляталі дроны-камікадзэ «Shahed». Шагэды з’яўляліся ў Беларусі 21, 26, 27, 29, 31 жніўня і 3,4,5,7 верасня.


У ноч на 5 верасня ў раёне Гомля беларуская авіяцыя знішчыла два расейскіх шагэда, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе. Пацярпелых не было. Пра інцыдэнт афіцыйна паведамілі ўлады Беларусі, хаця чые гэта былі беспілотнікі ў прэс-рэлізе Мінабароны не ўдакладнялася.


Падрабязней пра мэты і заканамернасці палётаў расейскіх беспілотнікаў над тэрыторыяй Беларусі, можна прачытаць тут.


Глеб Нержын belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10