навіны

Хто вінаваты ў росце колькасці дзіцячых самагубстваў?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Паводле дадзеных “BELPOL”, колькасць дзіцячых самагубстваў вырасла ўдвая. З чым звязаны гэты рост і чаму ўзрост дзяцей, якія ідуць на гэты крок, панізіўся з падлеткавага да дзіцячага, нашаму каналу распавяла псіхолаг Вольга Вялічка.

Псіхолаг падкрэслівае, што апублікаваныя дадзеныя вельмі ўражваюць, таму рэакцыя Генеральнай пракуратуры, якая цяпер б’е ў званы, абсалютна нармальная, але…

«Тое, што яны спрабуюць абапірацца на тыя дакументы, якія былі створаныя да 2020 года, - вось тут ненармальна выглядае. І калі я пачытала тую інфармацыю, тое, што яны выдзяляюць, чаму колькасць суіцыдаў узрастае… Дазволю сабе пакрытыкаваць Генеральную пракуратуру ў частцы выканання заканадаўства. Калі яны гавораць, што галоўным міністэрствам, якое адказвае за працу з суіцыдамі, з’яўляецца Міністэрства адукацыі, то галоўнай памылкай гэта і з’яўляецца».

Вольга Вялічка падкрэслівае, што Міністэрства адукацыі ў сваіх штатах можа ўтрымліваць псіхолагаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, але не навучаныя працаваць з суіцыдальнымі схільнасцямі і паводзінамі. Таму, паводле эксперткі, першасна гэта справа Міністэрства аховы здароўя. Гэта замацавана ў дзяржаўнай праграме «Здароўя народу і дэмаграфічнай бяспекі».

«Другая памылка, якая ёсць у пракуратуры, - гэта абвінавачванне настаўнікаў у тым, што яны фармальна падыходзяць да разумення, што адбываецца з вучнямі, што яны не цікавяцца… Таму што вось ва ўсіх тых кейсах, якія пералічваліся, там гаворыцца, што настаўнікі не звярнулі ўвагу, не заўважылі. У маім разуменні, калі вы ад настаўнікаў хочаце ідэалогіі, каб яны даносілі ідэалогію, гэта першае, а па-другое, каб яны даносілі вось гэтае ваенна-патрыятычнае выхаванне, то яны і робяць тую замову, якую дзяржава хоча ад іх».

Экспертка нагадвае, што нават калі школьнаму псіхолагу стала вядома пра суіцыдальныя думкі вучня, ён знаходзіцца пад статусам таямніцы і не мае права разгалошваць гэтую інфармацыю настаўнікам, а першасна мусіць ісці да бацькоў. Але Генеральная пракуратура гэтага не разумее.

Таксама Вольга нагадвае пра недахоп кадраў, які цяпер існуе ў Беларусі, і добрых спецыялістаў, што змаглі б працаваць з дадзенай праблемай, засталося вельмі мала.

«І трэцяе, пра што яны гавораць, - органы мясцовай ўлады не выконваюць у тым ліку закон “Аб мясцовым самакіраванні”. Гавораць, што пры Мінгарвыканкаме і пры іншых гарвыканкамах створаныя камісіі па справах непаўнагадовых, але на справу па суіцыдах гэта не распаўсюджваецца», - падкрэслівае экспертка і дадае, што ў звязку гэтых інстытуцыяў адсутнічае галоўны актар – Міністэрства аховы здароўя. 

Таму Вольга прагназуе, што ў бліжэйшай будучыні на настаўнікаў і школьных псіхолагаў будуць ускладзеныя новыя абавязкі па правядзенні абавязковай дыягностыкі, якая, праўда, не можа адбыцца без згоды бацькоў.

Калі ж казаць пра тое, чаму мы бачым такі рэзкі скок у колькасці самагубстваў, то першасна, паводле псіхолага, гэта сведчыць пра некамфортнае самаадчуванне дзяцей там, дзе яны цяпер знаходзяцца:

«І калі гэта падлеткавы ўзрост, то гэта, натуральна, зразумела. Падлеткам у гэтым узросце паўсюць некамфортна. Ім камфортна толькі ў сваім пакоі пры зачыненых дзвярах і з уключаным камп’ютарам, з сябрамі […] Тое, што дзецям у восем год, дзесяць год, адзінаццаць год некамфортна, гэта гаворыць пра тое, што дзеці знаходзяцца ў сістэме, якая моцна напружвае знешне, а гэта фармуе ўнутранае напружанне».

Паводле псіхолага, сітуацыя ў Беларусі вакол дзяцей і падлеткаў, ніяк не можа ўплываць на іх станоўча, правакуючы недавер да дзяржавы, сілавых структур і нават дзяржаўнай медыцыны. Гэтае напружанне варта здымаць у псіхолага на прафілактычных сустрэчах, што, праўда, не ўласціва беларусам.

,,

«Да псіхолагаў трэба звяртацца не тады, калі ўжо зусім крытычная сітуацыя і ёсць думкі пра самагубства, няма разумення, як вырульваць гэтую сітуацыю, а трэба звяртацца прафілактычна. Гэта датычыцца бацькоў. Вельмі важна, каб яны разумелі, што пайсці да псіхолага на размову, на дыягностыку, у незразумелай сітуацыі – гэта нармальна. Таму што нас ва ўніверсітэтах не вучылі быць бацькамі», - падкрэслівае псіхолаг і раіць назіраць за сваім дзіцём, сачыць за любымі рэзкімі зменамі, спробамі закрыцца ці праявіць агрэсію.


І калі вы раптам нешта заўважылі, але не маеце свайго псіхолага, у Беларусі працягваюць працаваць цэнтры псіхалагічнай дапамогі, у якія можна звяртацца кругласуткава.

Марыя Голдстэйн, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10