навіны

Рэсурсаў дастаткова, але палітычнай волі мала. Чаго Украіне чакаць ад чарговага «Рамштайна»?

Міністр абароны ЗША Лойд Осцін і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі
Міністр абароны ЗША Лойд Осцін і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (сядзяць у цэнтры) падчас сустрэчы ў фармаце «Рамштайн» у Нямеччыне, 6 верасня 2024 года. Фота: Secretary of Defense Lloyd J. Austin III / Х
podpis źródła zdjęcia

На авіябазе Узброеных сілаў Нямеччыны «Рамштайн» 6 верасня праходзіць пасяджэнне кантактнай групы ў пытаннях абароны Украіны. «Белсат» даведаўся ў палкоўніка ЗСУ ў запасе Рамана Світана, чаго чакаць ад сустрэчы і як заходнія партнёры Украіны могуць паўплываць на сітуацыю на фронце.

На «Рамштайне» будуць дамагацца абяцанага


«Глабальнага прарыву ад сустрэчы чакаць дакладна не варта. Ужо вызначаныя задачы, якія будуць пазначаныя, і прыкладныя кейсы дапамогі, якія будуць агучаныя. Як мінімум ёсць кейс ЗША – пастаўкі на 250 мільёнаў долараў. І асноўныя задачы, з якімі мы хочам азнаёміць партнёраў, гэта павелічэнне паставак зенітна-ракетных комплексаў, сістэмаў супрацьпаветранай абароны, абавязкова ракетаў да іх. Ідуць масаваныя атакі расейцаў, таму ў нас, натуральна, вялікія выдаткі на сродкі паражэння.


Будзем прасіць паскорыць абяцаныя пастаўкі тэхнікі, якая была затрыманая з розных прычынаў. Гэта асноўныя задачы», – кажа Раман Світан.


Суразмоўца лічыць, што будуць вырашаныя і пытанні лагістыкі.

,,

«Занадта шмат зацягнутых паставак, а гэтыя недапастаўкі вядуць да таго, што мы губляем тэрыторыі і жыцці нашых вайскоўцаў. Асабліва будзем прасіць нашых партнёраў паскорыць пастаўкі F-16. Яны добра сябе паказалі нават у рэжыме супрацьпаветранай абароны, але недастатковая колькасць гэтых самалётаў не дае нам магчымасці выкарыстоўваць усе іх перавагі», – працягвае эксперт.


Аднак ці рэальна тое пасля катастрофы з F-16 ва Украіне? Заходнія чыноўнікі кажуць, што трэба перагледзець тэмпы навучання ўкраінскіх пілотаў.


«Пакуль няма нават папярэдняй інфармацыі пра прычыну гэтай катастрофы. Таму нельга звязваць яе з недавучанасцю пілотаў. Думаю, на працягу бліжэйшых тыдняў прычыны будуць дакладзеныя нашым партнёрам, але наўрад ці яны трапяць у інфармацыйны паток. Гэта не робіцца падчас баявых дзеянняў. І наўрад ці сама катастрофа паўплывае на тэмпы паставак. Пакуль гэта больш палітычная праблема, чым тэхнічная», – упэўнены Світан.


«Палітычнай волі пакуль не хапае»


У цэлым у справе падтрымання шмат палітыкі. Гэта ўжо дваццаць чацвёртае пасяджэнне аб Украіне ў фармаце «Рамштайн». Дапамога пастаянна надаецца, аднак не ў тым аб'ёме, які патрэбны Украіне для перамогі.


«Тэхнічныя магчымасці ў партнёраў ёсць. І ў перадачы тэхнікі, і боепрыпасаў, далёкіх сродкаў паражэння. Адна з задачаў гэтага «Рамштайна», прынамсі, для нашай дэлегацыі – усё ж атрымаць дазвол на працу на глыбінныя расейскія тылы тымі заходнімі сродкамі паражэння, якія ў нас ужо ёсць.

,,

Калі будуць выкананыя нашыя прапановы аб пастаўках, у нас ёсць магчымасць наогул гэтай восенню спыніць або скончыць некаторыя ваенныя аперацыі, якія цяпер паспяхова пачатыя. Таму, калі будзе магчымасць або палітычная воля ў нашых партнёраў, і яны звернуць урэшце ўвагу на нашыя просьбы, то ў нас ёсць сур'ёзная магчымасць да канца года развязаць большасць пытанняў на полі бою», – працягвае суразмоўца.


Эксперт падкрэслівае, што сітуацыю, калі Украіне даецца столькі зброі, каб можна было пратрымацца, але не перамагчы, можа змяніць толькі палітычная воля партнёраў.


«Шмат чаго залежыць ад каманды, якая на гэты момант кіруе ў Белым доме, гэта значыць гэта каманда Байдэна. І менавіта ад іхнага бачання развіцця працэсаў залежыць больш за палову паставак, фінансавай дапамогі, ваеннай амуніцыі.


У асноўным амерыканцы перадаюць нам вельмі добрую тэхніку, проста яе недастаткова. А вось палітычнай волі пакуль не хапае. І цяпер у Байдэна ёсць магчымасць усе недахопы ў кіраванні гэтым працэсам урэшце адмесці і пры канцы сваёй кадэнцыі перадаць усе магчымыя ваенныя замовы, якія даўно размешчаныя ў амерыканцаў», – кажа Світан.


Гэта павінна таксама паскорыць пастаўкі еўрапейскіх партнёраў.


«Гэта можа прывесці да сур'ёзных зрухаў на лініі фронту і абнулення некаторых задачаў расейскай арміі», – робіць выснову эксперт.


Сяргей Падсасонны, Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10