Летняя Алімпіяда 2024 года ў Парыжы ўжо змагла прыцягнуць да прагляду нават тых, хто не мае ніякага дачынення да спорту. «Белсат» сабраў усе мэмы, скандалы і цікавінкі спаборніцтваў, каб нагадаць, што прафесіяналізм і гумар не замінаюць адно аднаму.
Самая экалагічная Алімпіяда?
Падобна на тое, што парыжская Алімпіяда ўвойдзе ў гісторыю не толькі як самая «мэмная», але і як самая экалагічная: да яе старту не пабудавалі практычна ніводнага новага спартовага аб'екту, выкіды вуглякіслага газу абяцалі скараціць удвая, а нешматлікія спадарожныя аб'екты будавалі з экалагічных матэрыялаў і другаснай сыравіны. А яшчэ азелянілі горад і дабудавалі роварныя сцежкі.
Але самаю гучнаю падзеяй была ачыстка ракі Сены, у якой было забаронена купацца больш за стагоддзе, бо мноства дамоў не падключанае да мясцовай каналізацыі і ўсе адкіды зліваюцца проста ў раку. Нягледзячы на абурэнне французаў і саміх спартоўцаў, улады ўклалі ў ачыстку ракі 1,4 млрд долараў ды сказалі, што спаборніцтвам нічога не перашкодзіць.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і мэр Парыжу Ан Ідальго абяцалі нават паўдзельнічаць у заплыве. Праўда, стрымала сваё слова толькі Ан Ідальго – і тое, ейны заплыў некалькі разоў пераносіўся, бо дапушчальны ўзровень утрымання кішачнай палачкі быў перавышаны ў 10 разоў. Ды яшчэ і літаральна напярэдадні заплыву ў Парыжы ў мясцовых жыхароў стартаваў флэш-моб #JeChieDansLaSeineLe («Я насраў у Сену»).
Як бы там ні было, спаборніцтвы па трыятлоне нарэшце адбыліся. Пасля купання ў Сене новазеландскі спаборнік Эйнзлі Торп распавёў «The Wall Street Journal»: «Смак не вельмі. Вада крыху карычневая».

Спартоўцы былі не ў захапленні, бельгійскую трыятланістку шпіталізавалі з кішачнай палачкай, а двое швейцарцаў зняліся з эстафеты. Адзін з-за кішачнай інфекцыі, другі – з-за «праблем з страўнікам». МАК і нацыянальныя камітэты кажуць, што гэта не з-за бруднай вады.
Найлепшае фота (з Таіці!)
Куды больш з вадой і надвор'ем пашанцавала спартоўцам, якія займаюцца сёрфінгам: спаборніцтвы праходзілі за 16 тысяч кіламетраў ад Парыжу, на Таіці. Нагадаем, дысцыпліна з'явілася на Алімпійскіх гульнях у 2021 годзе, а сёлета праграма папоўнілася яшчэ і брэйк-дансам.

Фатограф Жэром Бруе ўхапіў святкаванне перамогі бразільскім серфінгістам Габрыэлам Мэдынам, які атрымаў ад суддзяў 9,90 пунктаў з дзесяці магчымых.
Жывы мэм Алімпіяды – Снуп Дог
Адным з галоўных мэманосцаў Алімпіяды зрабіўся рэпер Снуп Дог (Snoop Dogg), які працуе карэспандэнтам Гульняў у прайм-тайме для амерыканскай тэлесеткі NBC. Калі вы ўсё прапусцілі, то Снуп Дог у гэтай справе не пачатковец – ён ужо асвятляў Гульні ў Токіа ў 2021 годзе.

«Маё рыхтаванне да прайм-тайму – быць сабою», – проста пракаментаваў ён. І гэтая стратэгія сябе цалкам апраўдала: насуперак пачатковаму недаверу, амерыканская моладзь пачала глядзець Гульні шмат у чым дзякуючы 52-гадоваму рэперу.

Падобна на тое, што Снуп Дог зачараваў на Алімпіядзе абсалютна ўсіх. Пачынаючы з таго, як ён нёс алімпійскі агонь (быццам гэта касяк вялікага памеру), заканчваючы тым, з якой адвагай ён пакарміў морквай галоўную фобію ў сваім жыцці – коней.

У перапынках паміж гэтым былі спробы размаўляць на французскай мове з унучкай, непараўнальнае каментаванне спаборніцтваў, танцы з легендай спартовай гімнастыкі Сімоўн Байлз, урокі плавання ад 23-разовага алімпійскага чэмпіёна Майкла Фэлпса, фехтаванне ў масцы з амерыканскім сцягам і шмат што яшчэ. Увогуле, Снуп Дог умее стварыць атмасферу вечарынкі нават на такой сур'ёзнай падзеі.

Супермэн ад спартовай гімнастыкі
Інжынер-электрамеханік, чалавек, які можа сабраць кубік Рубіка за 10 секундаў, і спартовы гімнаст – медаліст з касавокасцю – усё гэта пра Стывэна Нэдарозіка, удзельніка мужчынскай зборнай ЗША па спартовай гімнастыцы.

Хлопец зрабіўся зоркай сетак і «крашам» усіх дзяўчатак-падлеткаў: адныя называюць яго Кларкам Кентам (альтэр-эга Супермэна), іншыя – Тымаці Шаламэ ад спартовай гімнастыкі.

Характэрна, што выхаду на старт ён чакаў так доўга, што, здаецца, заснуў (і яшчэ раз зрабіўся мэмам). Але ў выніку Нэдарозік фактычна прынёс Амерыцы медаль за спартовую гімнастыку ўпершыню за 16 гадоў. А потым дадаў сабе яшчэ адну бронзу – у індывідуальным турніры на кані. Пра мэмы са сваім удзелам ён відавочна ведае: на сваёй старонцы ў Instagram спартовец размясціў фота ў накідцы Супермэна.

«Турэцкі кілер» і жанчына-супергераіня
Званне самага «мэмнага» віду спорту сёлета належыць стральбе. Спачатку гледачоў пакарыла «неймаверна стыльная перамога» ад 31-гадовай карэянкі Кім Е Джы, якая паставіла сусветны рэкорд у стральбе з пісталета на 25 метраў сярод жанчын і заваявала срэбны медаль у стральбе на 10 метраў сярод жанчын.

І ўсё гэта з ледзяным позіркам і плюшавым слонікам сваёй дачкі ў руцэ. За непараўнальны стыль яе ўжо празвалі самым крутым чалавекам на планеце і жаночай версіяй Джона Ўіка ці Джэймза Бонда.
Зрэшты, Кім Е Джы «завірусілася» на прасторах інтэрнэту яшчэ да Алімпіяды-2024: напрыклад, на чэмпіянаце свету Міжнароднай федэрацыі спартовай стральбы (ISSF) у 2024 годзе яна фарсіла ў перавернутай кепцы і акулярах у стылі Тэрмінатара, а потым адказала журналістам, што ёй «няма чаго паляпшаць».

А вось канчаткова ўвагу гледачоў з усяго свету да гэтага віду спорту прыкавалі стралкі з Турцыі, перасягнуўшы папулярнасць Кім Е Джы.
Юсуф Дыкеч (былы вайсковец, 51 год) і Шэвал Ілайда Тархан (спартоўка і студэнтка факультэту спартовай навукі, 24 гады) не проста заваявалі срэбра ў стральбе з пнеўматычнага пісталета на 10 метраў, але зрабілі гэта так расслаблена, што адразу спарадзілі хвалю мэмаў. Карыстальнікі сацсеткі X (былы Twitter) жартавалі, што Турцыя не дурыла галавы і проста адправіла на Алімпіяду кілераў.

Пакуль большасць стралкоў на Алімпіядзе, каб палепшыць свае вынікі, надзявала грувасткія ахоўныя навушнікі, брылі і высокатэхналагічныя акуляры для стральбы, Юсуф Дыкеч выйшаў наогул без экіпіроўкі (толькі з затычкамі ў вушах), а ў Шэвал былі навушнікі і кепка. Разам яны расслаблена паклалі рукі ў кішэні і з ледзяным спакоем у вачах прынеслі Турцыі першае срэбра сёлета.

На наступную раніцу Юсуф прачнуўся знакамітым: ягоную позу капіююць усе навокал, а ягоны Instagram цяпер мае без 650 тысяч падпісчыкаў.
Галоўны скандал – у жаночым боксе
Паядынак 1/6 фіналу ў паўсярэдняй вазе паміж італьянкай Анджэляй Карыні і алжыркай Іман Халіф скончыўся праз 46 секундаў. Італьянка адмовілася працягваць бой і расплакалася, стаўшы на калені пасярод рынгу. Пасля гэтага яна адмовілася паціснуць руку саперніцы.
«Я ніколі не адчувала такога [моцнага] удару», – цытуе Карыні «The Guardian». Халіф пры гэтым абмежавалася лаканічным паведамленнем у сваім Instagram: «Хвала Алаху. Першая перамога».

Бой выклікаў хвалю спрэчак сярод інтэрнэт-карыстальнікаў. Рэч у тым, што Халіф была дыскваліфікаваная на чэмпіянаце свету 2023 года пасля таго, як тэст на гендарную прыналежнасць паказаў у яе ХY-храмасомы. Што, зрэшты, не перашкодзіла ёй удзельнічаць у Алімпіядзе: МАК даўно не праводзіць даследавання полу, а паводле пашпарта Халіф ёсць жанчынай (гэтага для ўдзелу дастаткова).

Галоўная інтрыга
Тэнісісты Катэржына Сінякова і Томаш Махач абдымаліся і цалаваліся пасля таго, як здабылі для Чэхіі залаты медаль у змешаным парным разрадзе, і спарадзілі хвалю чутак аб уз'яднанні. Вядома, што тэнісісты былі параю з 2020 года, але разышліся незадоўга да Алімпіяды. Цяпер аматары Алімпіяды прапаноўваюць «Netflix» зняць пра іх серыял, а самі спартоўцы толькі падаграваюць чуткі аб сваім уз'яднанні.

«Гэта нашае асабістае жыццё, так што вам не трэба гэтага ведаць, – адказала Сінякова на пытанні журналістаў падчас прэс-канферэнцыі. – Нам падабаецца, калі вы ў замяшанні».
Дарэчы, супернікамі Махача і Сіняковай у парным турніры былі Чжан Чжы Чжэнь і Ўан Сінь Юй з Кітаю. Чжан – блізкі сябар Махача, яны раней разам гулялі ў мужчынскім парным разрадзе.

Пасля матчу Чжан пажартаваў наконт сваёй паразы ад Махача: «Сяброўству поўны канец. Ён зруйнаваў мне Алімпійскія гульні».
Самы мілы момант Алімпіяды
Яшчэ адна любоўная гісторыя замілавала гледачоў Алімпіяды-2024. Кітайцы Чжэн Сі Ўэй і Хўан Я Цюн атрымалі золата Алімпіяды ў бадмінтоне ў міксце. Падчас узнагароджання да п'едэсталу падышоў партнёр Хўан Я Цюн, які не прайшоў у фінал спаборніцтваў. Ён стаў на адно калена і зрабіў сваёй каханай прапанову, на якую тая адказала згодаю.

Для 30-гадовай Хўан Я Цюн гэта другі алімпійскі медаль, у яе ёсць срэбра 2020 года. У 29-гадовага Лю Юй Чэня пакуль ёсць толькі срэбра 2020 года.
З дзіўнага – фехтавальніца на сёмым месяцы цяжарнасці
25-гадовая егіпцянка Нада Хафэз выклікала сенсацыю, пасля таго як дайшла да 1/8 фіналу жаночага турніру па фехтаванні. Пасля выбыцця з турніру спартоўка напісала ў сваім Instagram:
«Тое, што здаецца вам двума гульцамі на пастаменце, насамрэч было трыма! Гэта была я, мая канкурэнтка і маё дзіця, якое яшчэ не прыйшло на свет! У нас з малышом было дастаткова цяжкасцяў, як фізічных, так і эмацыйных. Амерыканскія горкі цяжарнасці самі па сабе няпростыя, а змаганне за баланс паміж жыццём і спортам было вельмі напружанае, аднак яно было таго вартае».

Нада Хафэз замужам за кардыёлагам і сама летась атрымала медычную адукацыю. Муж цалкам падтрымліваў яе падчас спаборніцтваў, а вось трэнер увесь гэты час быў у няведанні.
«Я не ведаў. Яна сказала мне пасля першага паядынку, – распавёў Вэнсан Анштэт журналістам. – Я парадаваўся за яе, гэта выдатная навіна, нягледзячы ні на што».

Магчыма, Нада Хафэз натхнілася поспехам Сэрыны Ўільямз, якая ў 2017 годзе перамагла на «Australian Open», калі была на другім месяцы цяжарнасці.
З яшчэ больш дзіўнага – супольнае сэлфі спартоўцаў з Паўднёвай і Паўночнай Карэі
Адным з самых рэзанансных момантаў Гульняў была рэдкая сустрэча, якая, здаецца, выйшла за рамкі пратаколу: супольнае сэлфі спартоўцаў з Кітаю, Паўночнай і Паўднёвай Карэі.
Гэта адбылося пасля таго, як Кітай заваяваў залаты медаль у змешаным парным разрадзе ў настольным тэнісе. Праўда, залатыя прызёры прыцягнулі да сябе куды менш увагі, чым іхныя супернікі з Паўночнай Карэі (у іх срэбра) і Паўднёвай Карэі (бронза), чые краіны доўгі час жывуць у стане перманентнай варожасці.

Дарэчы, напярэдадні арганізатары прынеслі Паўднёвай Карэі «самыя глыбокія прабачэнні» за тое, што пераблыталі краіны і назвалі паўднёвых карэйцаў паўночнымі.
Тэса Анэйда