Ва Украіне ушануюць семярых беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ў баях. Гэтыя ваяры змагаліся ў самых розных частках ЗСУ на перадавой. Узнагарода – крыж з пасведчаннем, дэвіз якога – «Honor Et Gloria».
Каго з беларусаў узнагародзіць ордэнам, вырашалі афіцэры ваенных падраздзяленняў. Узнагароду атрымаюць сваякі загінулых:
Дзмітрыя РУБАШЭЎСКАГА, байца 4-й асобнай механізаванай брыгады;
Данілы ЛЯШУКА, байца 59-й асобнай мотапяхотнай брыгады (тактычная група «Vendetta»);
Яўгена ЛОГІНАВА, байца брыгады Нацыянальнай гвардыі Украіны «Азоў»;
Эдуарда ЛОБАВА, байца 72-й асобнай механізаванай брыгады;
Канстанціна ДУБІЛЫ, байца 46-га асобнага штурмавага батальёну «Данбас»;
Аляксея ВЕШЧАВАЙЛАВА, байца Інтэрнацыянальнага легіёну тэрытарыяльнай абароны Украіны;
Іллі ХРЭНАВА, байца роты тэрытарыяльнай абароны палка «Азоў».
Украінскія афіцэры адзначаюць, што беларускія добраахвотнікі ваююць сумленна і не хаваюцца за спіны таварышаў. Сяржант 72-й асобнай механізаванай брыгады Іван Завяршынскі сказаў «Белсату»: «Пад маёй камандай ваявалі некалькі беларускіх добраахвотнікаў. Усе яны адважныя ваяры і вельмі добрыя пабрацімы. У прыватнасці, Эдзік Лобаў быў узорны салдат, у баях ён дзейнічаў граматна, рашуча і смела. На вайне быў стралком з гранатамёта і стралком пераноснага супрацьтанкавага комплексу «Javelin». У апошнім баі Эдуард Лобаў сваімі дзеяннямі выратаваў маё жыццё».
Крыж «Honor Et Gloria» мае колер запечанай крыві і ўручаецца толькі замежнікам. Першыя яго атрымаюць беларусы. Іхнымі імёнамі адкрываецца спіс ганаровай узнагароды. Аляксандр Сопаў, дырэктар вытворча-творчага аб'яднання «Ордэн», стварыў 16 дзяржаўных узнагародаў Украіны. Ён аўтар узнагароды «Honor Et Gloria». «Форма гэтага крыжа ўнікальная. Такой формы больш нідзе няма. Крыж – тая ўзнагарода, якой ушаноўваюць не проста ўдзел, а нешта канкрэтнае – смеласць, праяўлены гераізм. Як брытанскі крыж «Вікторыя». Разумееце, ёсць ордэны, ёсць крыжы, і ёсць медалі. Медалі – агульная ўзнагарода для соцень і дзясяткаў тысяч людзей. А крыж – узнагарода індывідуальная за канкрэтную праяву адвагі. Мне асабіста вельмі прыемна, што першыя крыжы атрымаюць менавіта беларусы, якія ў найскладанейшых умовах абараняюць нашу і вашу свабоду», – сказаў Аляксандр Сопаў.
Ёсць яшчэ адзін крыж пад дэвізам «За нашу і вашу свабоду», якім узнагароджваюць замежнікаў. Ёсць два віды гэтай узнагароды. Бронзавы крыж «За нашу і вашу свабоду» ўручаюць грамадзянам дзяржаваў, якія дапамагаюць Украіне ў барацьбе за незалежнасць. Крыж уручаецца ад імя ўкраінскага народу амбасадару як прадстаўніку краіны. Але праз палітычную сітуацыю ў Беларусі афіцыйным асобам узнагародаў за суайчыннікаў, якія дапамагаюць Украіне вызваляць краіну ад акупантаў, уручаць ніхто не будзе. А другі від крыжа сталёвы, і ён прызначаецца тым, хто б’ецца за свабоду са зброяй у руках. Украінскія грамадскія арганізацыі, якія ўваходзяць у таварыства «Краіна», пастанавілі ўшанаваць такім крыжам дваіх беларусаў. Але каго менавіта – павінны вырашыць самі беларусы. Якім чынам будзе прымацца рашэнне, пакуль не вядома.
Дата ўручэння крыжа «Honor Et Gloria» пакуль адкрыта не называецца дзеля бяспекі сваякоў. Але з крыніцаў «Белсату» вядома, што гэта адбудзецца ў адзін з дзён да канца верасня.
Любой Лунёва belsat.eu