навіны

BEROC: беларусы пачалі больш зарабляць, больш выдаткоўваць і менш ашчаджаць

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Даследчы цэнтр BEROC прэзентаваў агляд беларускай эканомікі, з якога вынікае, што неапраўданы рост заробкаў працягваецца, доля людзей, якія кажуць пра падзенне прыбыткаў, мінімальная, пры гэтым выраслі выдаткі хатніх гаспадарак, а ашчаджаюць яны менш. Эксперты таксама расказалі, што адбываецца з эканомікаю і чаго можна чакаць.

Пра адчуванні хатніх гаспадарак адсправаздачылася экспертка цэнтру BEROC Віялета Панасевіч. Гэта вынікі онлайн-апытання, праведзенага напрыканцы ліпеня.

26 % рэспандэнтаў заявілі, што іхныя даходы знізіліся. Галоўным чынам, гэта тлумачаць ростам цэнаў і тым, што «зрабілася меней замоваў/кліентаў» (збольшага тут скардзяцца прадпрымальнікі). Панасевіч, зрэшты, адзначыла, што гэты паказнік – мінімальны за апошнія кварталы.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Палова з тых, хто заўважыў падзенне даходаў, пачала эканоміць на забавах, амаль 40 % – на адзенні. Найчасцей ад гэтых выдаткаў устрымліваюцца людзі, занятыя ў сельскай гаспадарцы і адукацыі. Адначасова змяншаецца доля беларусаў, якія эканомяць на харчах. Гэта добры сігнал, бо эканомія на харчах, паводле эксперткі, адзін з самых дрэнных спосабаў даць рады з падзеннем даходаў.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Сітуацыя на рынку працы стабілізавалася, як сведчаць вынікі апытання. «Доля тых, хто паведамляе пра страту працы, захоўваецца на ўзроўні 2 %, а тых, у каго працу страціў нехта са знаёмцаў, – каля 15 %. Гэта істотна меней, чымся было ў 2021–2022 гадах, але крыху болей, чымся ў кастрычніку 2023 года. Разам з тым, 57 % рэспандэнтаў паведамляюць пра нястачу кадраў у сферы, дзе яны працуюць, і мы бачым павелічэнне гэтага паказніку квартал за кварталам», – падкрэсліла Панасевіч.

Што датычыць спажывецкай упэўненасці, то «пазітыўнай дынамікі не бачым», сітуацыя захоўваецца на ўзроўні двух папярэдніх кварталаў, канстатавала адмыслоўца. Каля паловы рэспандэнтаў ацэньваюць, што эканамічная сітуацыя паляпшаецца або не змяняецца. 46 % чакаюць, што сітуацыя або палепшыцца, або застанецца, як цяпер.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Пры ацэнцы матэрыяльнага дабрабыту сваіх сем'яў удзельнікі даследавання больш аптымістычныя. «Большая доля рэспандэнтаў кажа пра тое, што іх матэрыяльны стан палепшыўся або застаўся без зменаў у параўнанні са станам летась. Бальшыня кажа, што чакае паляпшэння або такога ж матэрыяльнага стану цягам года», – расказала экспертка.

Спажывецкаму буму канца пакуль не відаць: бальшыня рэспандэнтаў лічыць, што цяпер добры час рабіць буйныя пакупкі. Пры гэтым 27 % мяркуюць, што цяпер варта ашчаджаць.

Доля людзей, якія называюць свой матэрыяльны стан кепскім, скарацілася да мінімальных 13 %, а 44 % ацэньваюць стан эканомікі як сярэдні. Гэтым разам аналітыкі спыталі, паводле якіх крытэраў рэспандэнты фармуюць сваю думку пра стан эканомікі, і выявілася, што галоўны паказнік – цэны: калі растуць няхутка, то і эканоміка, маўляў, нядрэнна пачуваецца. Яшчэ адзін важны крытэр – курс беларускага рубля. Істотна меней людзей вывучаюць статыстыку або прыслухоўваюцца да чыноўнікаў ці медыяў.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Вынікі апытання таксама сведчаць, што палова рэспандэнтаў пачала выдаткоўваць больш грошай цягам апошняга паўгода, а ў 37 % выдаткі не змяніліся. Пры гэтым 30 % цяпер менш ашчаджаюць, а 24 % адкладаюць на чорны дзень столькі ж, колькі і раней. 37 % наогул не ашчаджаюць.

Амаль палова рэспандэнтаў захоўвае заробленыя грошы гатоўкаю: або ў рублях, або ў валюце. Ашчаджанні ў валюце на 90 % складаюцца з долараў.

Сярод самых пажаданых варыянтаў захоўвання капіталу – валюта і нерухомасць.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Акрамя таго, BEROC гэтым разам даведаўся пра ўзровень «побытавай даларызацыі». Высветлілася, што амаль 60 % беларусаў лічаць свае прыбыткі і выдаткі ў валюце. Найчасцей пра беларускі рубель забываюць, калі гаворка ідзе пра пакупку аўтамабіля або нерухомасці.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Яшчэ адзін блок пытанняў гэтага онлайн-апытання датычыў даверу – да людзей і інстытутаў. Віялета Панасевіч канстатавала, што рэспандэнты найбольш схільныя давяраць сям'і і людзям, з якімі знаёмыя асабіста. А вось давер да суседзяў упаў на 20 % у параўнанні з 2017 годам.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Міліцыі цалкам або хутчэй давяраюць 47 % апытаных, войску – 46 %, судам – 43 %, парламенту – 31 %, царкве – 40 %. У параўнанні з 2017 годам давер да міліцыі, судоў і парламенту знізіўся на 10–15 %, да войска і царквы – на 15–20 %. Пры гэтым на 16 % вырас давер да сістэмы сацыяльнай абароны.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Сістэме аховы здароўя давяраюць – цалкам або хутчэй – 57 %, сістэме адукацыі – 50 %. Дзяржаўным медыям давяраюць больш, чымся недзяржаўным і расейскім. Хаця багата рэспандэнтаў не адказалі, што, імаверна, «кажа пра фактар страху», заўважыла экспертка.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук у сваёй частцы прэзентацыі паведаміў, што галоўны рухавік беларускай эканомікі ў другім квартале 2024 года – унутраны попыт. Спажыванне квітнее дзякуючы даступным крэдытам і высокім тэмпам росту заробкаў, а яны павялічваюцца з увагі на дэфіцыт кадраў.

«Важныя тэндэнцыі адбыліся ў вонкавым гандлі. З аднаго боку, адбыўся вельмі істотны ўсплёск у фізічных аб'ёмах. Экспарт забраўся на новую вышыню і за час вайны пакарыў новыя максімумы. Пры гэтым фізічныя аб'ёмы імпарту ішлі следам за экспартам, і гэта прывяло да таго, што вонкавая пазіцыя ў фізічным вымярэнні не палепшылася», – сказаў Крук.

Экспарт расце збольшага дзякуючы попыту Расеі. «Аднак можна казаць пра тое, што, імаверна, максімум дасягнуты, і з улікам тармажэння расейскай эканомікі, якое чакаецца, існуюць перадумовы чакаць, што ў найлепшым выпадку будзе знаходжанне на дасягнутым узроўні, дапускаю, што цалкам імавернае і зніжэнне», – адзначыў эксперт.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Галоўныя лакаматывы сярод галінаў эканомікі: апрацоўчая прамысловасць, сельская гаспадарка і будаўніцтва.

«ВУП скарыў новыя гістарычныя максімумы, і ў другім квартале мы выйшлі з таго калідору, у якім перабывалі доўгія гады. Дасягнутыя ўзроўні – гэта новы гістарычны пік», – канстатаваў эканаміст.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Адмысловец звярнуў увагу на перадумовы для запавольвання росту расейскай эканомікі ў другім паўгоддзі, і гэта «новы чыннік для ахаладжэння росту беларускай эканомікі» з увагі на моцную прывязку да суседняй краіны.

«Акрамя таго, апошнія дні і тыдні з'яўляюцца хваляванні наконт будучыні глабальнай эканомікі. Для нашых шыротаў гэта таксама таіць у сабе рызыкі – найперш праз цэны на сыравінныя тавары і праз уплыў гэтых глабальных імпульсаў на эканоміку Расеі», – адзначыў Крук.

Да таго ж санкцыяў ніхто не касаваў. «Ад людзей, якія разбіраюцца ў вытворчых тэхналагічных рэчах, даводзіцца чуць, што недахоп доступу да тэхналогіяў, да абнаўлення абсталявання, да яго рамонту пагражае тэхналагічнымі збоямі. І вось нядаўняя навіна пра збой на Мазырскім нафтазаводзе, мяркую, можа служыць візуалізацыяй, што рызыка немагчымасці падтрымліваць абсталяванне ў нармальным стане перакладаецца на эканоміку», – паразважаў аналітык.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Эканаміст Анатоль Харытончык, які таксама ўзяў удзел у прэзентацыі BEROC, паведаміў, што ў другім квартале «карціна інфляцыі не зазнала істотных зменаў у параўнанні з першым кварталам». Інфляцыя ўсё гэтак жа штучна стрымліваецца ва ўмовах татальнага цэнавага кантролю. Пры гэтым цэнавы ціск узмацніўся ў выніку пашырэння залішняга попыту ў эканоміцы і перагрэву рынку працы, а таксама паскарэння інфляцыі ў Расеі.

«Калі цэны застануцца нягнуткімі пад уздзеяннем адміністрацыйнага ўмяшання, то выніковая інфляцыя сёлета складзе 5–7 % і можа паскорыцца налета да 6–9 %. Нягледзячы на ўзмацненне інфляцыйных рызыкаў, грашова-крэдытная палітыка і манетарныя ўмовы заставаліся ўмерана мяккімі, толькі ў ліпені Нацбанк з вялікім спазненнем і скрайне стрымана адрэагаваў на цэнавую пагрозу, што ўзмацнілася», – сказаў аналітык.

Ён адзначыў, што працягвае павялічвацца інфляцыйны навес. Пра гэта сведчыць тое, што паслугі, якія не рэгулююцца, падаражэлі больш істотна за нехарчовыя тавары:

«Узровень цэнаў на паслугі, што не рэгулююцца, працягнуў адхіляцца ўверх ад цэнаў на нехарчовыя тавары. І цяпер гэтае адхіленне ёсць даволі істотным. Гэта кажа нам, што ў эканоміцы прысутнічае істотны інфляцыйны навес».

Эксперты даўно папярэджваюць пра гэтую пагрозу: нават калі цэны нібыта ўтаймаваныя, фактычна яны працягваюць расці, проста ў крамах гэтага не бачна. Назаўжды цэнаў не замарозіш, рана ці позна давядзецца дзяржаўнае рэгуляванне касаваць, і ў гэты момант увесь нябачны рост абрынецца на галовы беларусаў.

Паводле Белстату, у чэрвені інфляцыя склала 5,8 % год да года.

Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC
Матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Крыніца: BEROC

Харытончык падлічыў, што сёлета беларускі рубель патаннее на 4 % адносна кошыка валютаў, а налета – прыкладна на 6 %.

«Грашова-крэдытныя ўмовы хаця і наблізяцца да нейтральных, але не стануць абмежавальнымі. Заробкі, хутчэй за ўсё, запаволяць рост, аднак іх узровень у рэальным вымярэнні ўсё яшчэ застанецца істотна вышэйшым за раўнаважны ва ўмовах дэфіцыту работнікаў. І бюджэтныя выдаткі будуць расці, а дырэктыўнае крэдытаванне будзе захоўвацца. У такіх умовах беларускі рубель мае патэнцыял аслаблення», – упэўнены адмыслоўца.

Пасля прэзентацыі прадстаўнікоў цэнтру BEROC папрасілі пракаментаваць аптымістычныя заявы прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, які «не бачыць аніякай рызыкі перагрэву эканомікі», хаця фактычна прызнаў рэчаіснасць:

«Перагрэў – гэта такая эканамічная катэгорыя, што азначае сітуацыю, пры якой рост ВУП перавышае патэнцыйны. Другі сімптом – калі ідзе актыўны рост заробкаў і грошы накіроўваюцца на спажыванне. Гэта выклікае пэўныя дысбалансы. Так, у нас ідзе рост заробкаў, ідзе рост аб'ёмаў вытворчасці, ідзе рост крэдытавання, але ён застаецца ў абсалютна дапушчальных параметрах».

Анатоль Харытончык у адказ на гэта заўважыў, што шмат якія лічбы сведчаць: беларуская эканоміка акурат перагрэтая, і сітуацыя сур'ёзная, хаця і не крытычная.

«Я не ведаю, на чым грунтуюцца ацэнкі прэм'ер-міністра. У нас на рынку працы вельмі вялікі дэфіцыт. Узровень беспрацоўя цяпер на гістарычным мінімуме ў 3 %, гэта ніжэй за натуральны ўзровень. Калі мы паглядзім на спажыванне хатніх гаспадарак, яно павялічылася на 18 % да сярэдняга ўзроўню 2021 года. Гэта скрайне высокі рост. Заробкі ў рэальным вымярэнні дадалі 22 %. У паслугах, што не рэгулююцца, тэмпы інфляцыі захоўваюцца высокія. Плюс пагоршыўся фінансавы стан прадпрыемстваў, вонкавы гандаль змяніў прафіцыт на невялікі дэфіцыт... У маім разуменні ўсё паказвае на тое, што беларуская эканоміка цяпер функцыянуе ў стане перагрэву», – растлумачыў аналітык.

Дзмітрый Крук дадаў, што таксама не сумняецца ў перагрэве беларускай эканомікі. Ён, не раскрыўшы прозвішча, спаслаўся на словы свайго калегі, які заўважыў, што пасляковідны ўсплёск і рост насуперак санкцыям «спарадзілі падманную самазаспакоенасць».

«Я б сказаў: такі радыкальны канструктывізм ва ўрадзе, вера ў тое, што можна забалбатаць і адвесці любыя праблемы. Спроба не прызнаваць фактаў: "калі факты супярэчаць успрыманню, то тым горай для фактаў". Мне падаецца, гэта становіцца яшчэ большым выклікам, яшчэ большай праблемай для будучыні», – падсумаваў эканаміст цэнтру BEROC.

Сцяпан Кубік, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10