Большасць палякаў выступае за забарону перасячэння мяжы мігрантамі з тэрыторыі Беларусі. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі CBOS па выніках сацыялагічнага апытання сярод палякаў. Доктар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі падзяліўся з «Белсатам» свім меркаваннем пра тое, як магчымае поўнае закрыццё мяжы з Польшчай здольна змяніць геапалітычны вектар Беларусі.
Палякі ўсё часцей выступаюць супраць прадастаўлення мігрантам, якія едуць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі, магчымасці перасячэння мяжы для атрымання прытулку. Пра гэта сведчаць вынік апытання Цэнтру даследавання грамадскай думкі (CBOS).
Супраць выказаліся 72% апытаных рэспандэнтаў. У прыватнасці 49% – «рашуча» супраць такой палітыкі. У яе падтрымку выказаліся толькі 19% апытаных палякаў. Больш за ўсё супраць прадастаўлення прытулку выступае моладзь – 79%.
«Трэба разумець, што гэтая лічба выдае агульны вынік пытання – «закрываць ці не закрываць межы». Але калі зрабіць размеркаванне, да прыкладу, на пасажырскі рух і грузавы рух, то вельмі цікава было б паглядзець, якія там будуць вынікі», – выказаўся Андрэй Вардамацкі.
На думку доктара сацыялогіі, геапалітычная арыентацыя – гэта цяжкі цягнік. И калі межы ўсё ж закрыюць, ён паступова будзе яшчэ болей схіляцца ў бок Расеі. Прытым трэба размець, што гэта не кароткачасовая з’ява.
«Гэта будзе доўгачасовае наступства – гаворка ідзе пра гады, – адзначае Вардамацкі. – У дадатак да ўсяго адчуваецца яшчэ і моцнае ўздзеяння з боку афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі Расеі, што яшчэ болей і хутчэй схіляе геапалітычны кірунак Беларусі да Расеі».
Надзея Вольная, «Белсат»