З’яўленне расейскіх дронаў у беларускім небе – гэта не выпадковасць, а спланаваная Крамлём правакацыя, якая можа мець некалькі мэтаў, лічыць палітолаг Анатоль Котаў. Усе гэтыя мэты - сведчанне таго, што у адносінах Масквы і Менска далека не ўсё так добра і аднадушна, як распавядае Аляксандар Лукашэнка.
Сам факт з’яўлення расейскіх дронаў у беларускім небе і неабходнасць рэагаваць на іх сведчаць пра тое, што «расейскі хаўруснік не вельмі папярэджвае аб тым, калі і куды гэтыя дроны ляцяць», лічыць палітолаг Анатоль Котаў.
«Гэта азначае, што нейкай каардынацыі дзеянняў з рэжымам Лукашэнкі фактычна няма, як бы ён не сцвярджаў адваротнае. То бок, Расея часта проста ставіць яго перад фактам», – сказаў эксперт у каментары «Белсату».
Улады Беларусі ужо не могуць не рэагаваць на зачасціўшыя ў нашую краіну дроны, бо яны ствараюць небяспеку, тлумачыць эксперт:
,,«Ніхто не ведае, калі там у яго скончыца паліва, ці ён збіўся з курсу і які ў яго наогул пункт прызначэння, таму даводзіцца збіваць, бо так ці інакш гэта нясе пагрозу ўсяму у Беларусі – і людзям, і інфраструктуры».
Не гледзячы на тое, што дроны залятаюць не першы раз, улады прызналі гэты факт толькі зараз. На думку Анатоля Котава, так адбылося таму, што зараз гэта ужо складана не заўважыць – «калі дрон збіваецца і збіваецца з выбухам над абласным горадам і даводзіцца выклікаць МНС, каб патушыць пажар, то гэтага ужо нельга схаваць», – кажа суразмоўца «Белсату».
Разам з тым эксперт адзначае, што гэтае прызнанне усё ж частковае – «ёсць факт таго, што заляцеў нейкі дрон, ёсць факт збіцця, але не гледзячы на тое, што ўсе добра разумеюць, чые гэтыя дроны, беларускі генерал не сказаў, што дрон расейскі». «То бок на дзве траціны факт прызналі там, дзе яго адмаўляць проста немагчыма», – падсумаваў Анатоль Котаў.
Наш суразмоўца расцэньвае гэтыя інцыдэнты з залётам расейскіх дронаў на тэрыторыю нашай краіны, як правакацыю з боку Расеі. На яго думку, Масква такім чынам хоча нагадаць Лукашэнку пра тыя абавязацельствы, якія ён мае перад Уладзімірам Пуціным. У першую чаргу гаворка пра абяцаны яшчэ ў 2020-м годзе палітычны транзіт.
Эксперт не выключае, што за такімі правакацыямі можа стаяць спроба уцягнуць Беларусь у вайну, але ён лічыць, што яна не ўдалая, бо «відавочна, што гэта не украінскія дроны – яна не выкарыстоўвае такія прылады». Калі Пуцін вырашыць уцягнуць Лукашэнку у вайну, то правакацыі будуць іншага кшталту, лічыць наш суразмоўца.
Акрамя таго, сваімі дзеяннямі Масква нагадвае Лукашэнку, што ён не гаспадар у сваёй краіне, адзначыў Анатоль Котаў.
Крэмль дае зразумець, што пры жаданні ён у стане разбурыць апошні самы нізкі узровень сацыяльнага кантракта Лукашэнкі з беларускім грамадствам – абяцанне мірнага неба ці «абы не было вайны».
«Гэта добры інструмент у руках Крамля, каб нагадваць Лукашэнку, што ён у сваёй хаце не да канца гаспадар і што Крэмль у любы момант нават калі не ўцягне ў вайну, але вельмі проста разарве сацыяльны кантракт Лукашэнкі з беларускім народам», – падсумаваў эксперт.
Алесь Яшчанка belsat.eu