Міжнародны холдынг з беларускімі каранямі «Армтэк» абслугоўвае гараж Лукашэнкі і абыходзіць санкцыі, высветлілі журналісты-расследвальнікі «Бюро». Таксама дзякуючы гэтай кампаніі падсанкцыйныя тавары падвойнага прызначэння паступаюць у Расею.
«Армтэк» займаецца продажам запчастак для іншамарак. Дзяржпрадпрыемства «Белтрансспецаўта» рэгулярна закупляе запчасткі для свайго аўтапарка. У тройцы асноўных пастаўшчыкоў беларуская кампанія «Еўразапчастка», якая ўваходзіць у групу «Армтэк», піша «Бюро».
Таксама «Белтрансспецаўта» абслугоўвае замежныя дэлегацыі і топавых чыноўнікаў, а падпарадкоўваецца Кіраўніцтву справамі Аляксандра Лукашэнкі. Фірму называюць гаражом палітыка. У гэтым гаражы лічыліся такія прадстаўнічыя аўтамабілі, як BMW 750, Audi A8, Lexus LS430, Lincoln Town Car і многія іншыя. Ёсць сярод іх і старэнькі Mercedes-Benz S600, на якім ездзіў асабіста Лукашэнка.
З 2022 года «Еўразапчастка» выйграла каля 250 аўкцыёнаў на пастаўку запчастак для «Белтрансспецаўта». З дзяржбюджэту на гэта выдаткавана амаль 100 тысяч рублёў. Яшчэ «Еўразапчастка» абслугоўвала гараж аператыўнага прызначэння КДБ і іншыя сілавыя структуры пасля жорсткага падаўлення пратэстаў у Беларусі.
Сямейны бізнес
Групу кампаній «Армтэк» стварылі браты Вадзім і Алег Грынкевічы. Яны ўваходзяць у топ-20 паспяховых бізнесменаў Беларусі. Маючы сотні крам, група кампаній прапануе больш за 500 тысяч дэталяў са склада і 60 млн дэталяў пад заказ для легкавых і грузавых аўтамабіляў еўрапейскіх, амерыканскіх, японскіх, карэйскіх і расійскіх марак. Абароты — каля мільярда долараў у год.

«Армтэк» — сетка з дзясятка кампаній не толькі ў Расіі, Беларусі і Казахстане, але і ў Германіі, Ірландыі, Ганконгу, ААЭ і іншых краінах. Група кампаній не вырабляе запчасткі, а імпартуе іх з-за мяжы. Важнае месца ў гэтым бізнесе займае нямецкая кампанія ATH & S GmbH, на яе да нядаўняга часу былі завязаныя гандлёвыя патокі «Армтэка».
У ATH&S GmbH няма ні сайта, ні старонак у сацыяльных сетках, затое яна рэгулярна публікуе карпаратыўныя справаздачы ў нямецкім рэестры. З іх сталі вядомыя цікавыя дэталі бізнесу сям'і Грынкевічаў.
Паводле справаздачы за 2022 год, ATH&S GmbH размяшчала заказы на вытворчасць запчастак на іншых прадпрыемствах у 12 краінах (у асноўным у Кітаі, Турцыі, ЕС). Затым прадавала ўжо гатовыя дэталі ва Усходняй Еўропе праз дыстрыбутарскую сетку. Асноўныя краіны збыту для ATH&S GmbH — Расія, Беларусь, Казахстан.
На расійскім рынку ATH&S GmbH шчыльна працавала з фірмай «А.П.Р.». Гэта ключавы актыў сям'і Грынкевічаў у Расеі. Кампанія мае 85 адасобленых падраздзяленняў па ўсёй краіне, яе штат перавышае 5 тысяч чалавек.
Мытныя дадзеныя паказалі, што ў 2020 і 2021 гадах «А.П. Р.» закупляла менавіта ў нямецкай кампаніі ATH&S GmbH імпартных дэталяў на суму больш за 100 мільёнаў даляраў за два гады. Бізнес набіраў абароты, але сітуацыя рэзка памянялася ў 2022 годзе, калі Расея напала на Украіну.
Казахстанскі брат

Пасля пачатку вайны заходнія аўтамабільныя брэнды сышлі з расейскага рынку. Еўразвяз забараніў прадаваць у Расею люксавыя машыны і запчасткі да іх.
Санкцыі сталі пагрозай для «Армтэка», таму што Расея — асноўны рынак збыту для холдынгу. Ва ўмовах санкцый Грынкевічы арганізавалі пастаўкі запчастак праз трэція краіны, на якія не распаўсюджваюцца эканамічныя абмежаванні. І зарабілі на гэтым яшчэ больш, чым да вайны.
У 2022 годзе нямецкая і расійская фірмы практычна перасталі працаваць напрамую. ATH&S GmbH рэзка памяняла свайго ключавога пакупніка, а «А.П. Р.» — ключавога пастаўшчыка. Ім апынулася адна і тая ж кампанія з Казахстана.
У апошняй справаздачы нямецкая кампанія ATH&S GmbH назвала свайго асноўнага кліента — «ЗапчастьТрейд». І менавіта гэтая казахская кампанія стала асноўным пастаўшчыком запчастак для «А.П. Р.». Паводле мытных звестак, у 2022 годзе яна прадала расейскай фірме тавараў амаль на 20 мільёнаў долараў, у 2023 годзе аб'ёмы выраслі да 60 мільёнаў долараў.
«ЗапчастьТрейд» — гэта яшчэ адна кампанія братоў Грынкевічаў. Створаная ў 2017 годзе для выхаду на казахскі рынак, яна адыграла асаблівую ролю — на фоне заходніх санкцый абароты «А.П. Р.» наблізіліся да мільярда долараў.
Праз трэція краіны
Расійскі дыстрыб'ютар закупляе запчасткі не толькі праз Казахстан. Аналіз мытных дадзеных паказаў, што ў ланцужку паставак удзельнічаюць фірмы з Турцыі, Кітая, ААЭ і іншых краін. Гэтыя юрысдыкцыі таксама выкарыстоўваюцца для абыходу санкцый. Летась «А.П. Р.» завезла ў Расею тысячы аўтазапчастак, якія знаходзяцца пад санкцыямі.
Краінай паходжання гэтых запчастак у мытных дэкларацыях пазначаны пераважна Турцыя і Кітай, але ёсць і Італія, Іспанія, Польшча. Затое вытворца прапісаны толькі адзін-нямецкая фірма ATH & S GmbH. Аб'ём паставак толькі па адным гэтым вытворцу за мінулы год перавысіў 76 мільёнаў долараў. Але акрамя таго «А.П. Р.» завозіла ў Расію запчасткі і іншых вядомых нямецкіх брэндаў, зробленыя як у Еўропе, так і за яе межамі. Агульны аб'ём імпарту за мінулы год перавысіў 270 мільёнаў долараў.
Асаблівы тавар
Акрамя таго, «БЮРО» высветліла, што «А.П.Р.» пастаўляе ў Расею тавар падвойнага прызначэння — падшыпнікі. Яны могуць выкарыстоўвацца для вайсковай тэхнікі, таму іх пастаўкі ў Расею пад заходнімі санкцыямі.
Летась, згодна з мытнымі звесткамі, «А.П.Р.» экспартавала ў Расею больш за 17 тысяч падшыпнікаў з Еўропы. Больш за ўсё паставак ідзе праз эмірацкую кампанію Texco FZE, якая з'явілася амаль адразу пасля пачатку вайны ва Украіне. Гэтую інфармацыю «Бюро» пацвердзіў былы работнік «Армтэка».
Ціхая гавань
Дубай — упадабанае месца адпачынку Вадзіма Грынкевіча. Там каля 10 гадоў таму ён купіў сабе тры кватэры амаль за 2 млн долараў і здае іх у арэнду.
Таксама ў Дубаі ён таксама з'яўляецца кіраўніком мясцовай фірмы Pantek FZCO, якая мае даччыную кампанію ў Ірландыі Pantek Automotive Limited. У справаздачах за 2021 год гэтая кампанія назвала сябе штаб-кватэрай групы «Армтэк». Падобна на тое, цяпер офіс пераехаў у ААЭ.
Вадзім Грынкевіч жа заявіў, што «Армтэк» не парушае міжнародныя санкцыі і не супрацоўнічае з бюджэтнымі арганізацыямі ні ў адной краіне. Аднак гэта абвяргае інфармацыя, якая ёсць на сайце Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн Беларусі. Згодна з ёй, з беларускімі ўсё ж такі супрацоўнічае.
Журналістам «Бюро» Грынкевіч не адказаў на званкі.