У Злучаных Штатах на прэзідэнцкія выбары ходзяць парамі: кандыдат у прэзідэнты мае паплечніка – кандыдата ў віцэ-прэзідэнты. Кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі, дзейная віцэ-прэзідэнтка Камала Гарыс 6 жніўня выбрала паплечнікам у кампаніі губернатара Мінесоты Тыма Ўолза. «Белсат» тлумачыць, чаму гэта важна для вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Камала Гарыс расказала пра свой выбар 6 жніўня. У сацсетцы X яна напісала, што папрасіла Тыма Ўолза стаць кандыдатам у віцэ-прэзідэнты, бо «як губернатар, трэнер, настаўнік і ветэран, ён дапамагае сем’ям працоўных, такім жа, як ягоная сям’я». Той адказаў, што запрашэнне прымае прапанову.
Тым Ўолз – 60-гадовы палітык, які з 2019 года працуе губернатарам штату Мінесота. Да таго ён 12 гадоў быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (ніжняй палаты амерыканскага парламенту). Да зыходу ў палітыку працаваў настаўнікам грамадазнаўства і трэнерам у амерыканскім футболе. А перад тым 24 гады служыў у Нацыянальнай гвардыі, меў вайсковыя ўзнагароды.
Сама Гарыс амаль дакладна стане кандыдаткай у прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі – здабыла дастаткова падтрымкі дэлегатаў-супартыйцаў, якія будуць выбіраць кандыдата ў прэзідэнты на канферэнцыі, запланаванай на 19–22 жніўня.
Рэспубліканская партыя ўжо выбрала сваіх кандыдатаў: кандыдатам у прэзідэнты трэці раз стаў Доналд Трамп (ён перамог на выбарах-2016 і саступіў на выбарах-2020), ягоны кандыдат у віцэ-прэзідэнты – 40-гадовы сенатар ад штату Агаё Джэймз Дэйвід Вэнс.
Чаму гэта важна
Віцэ-прэзідэнты ў ЗША не маюць вялікай фактычнай улады. Яны ўзначальваюць Сенат (верхнюю палату парламенту) і маюць права вырашальнага голасу ў выпадку «нічыіх» у галасаваннях Сенату, а таксама замяняюць прэзідэнта ў выпадку смерці ці недзеяздольнасці. На жаданне прэзідэнта яны могуць выконваць розныя даручэнні, але пры розных прэзідэнтах актыўнасць віцэ-прэзідэнтаў розная – ад кіравання дзяржавай ледзь не тандэмам да амаль поўнай незаўважнасці.
Але апытанні перад выбарамі паказваюць яшчэ адну «нічыю», вынік якой можа вырашыць віцэ-прэзідэнт. Разрыў між Трампам і Гарыс у апытаннях аб прэзідэнцкіх выбарах часцей за ўсё ў межах статыстычнай хібнасці, вынік непрадказальны. А сімпатыі выбанікаў можа заваяваць нават удалы выбар паплечніка, які можа неяк дапоўніць вобраз кандыдата ў прэзідэнты. Хадзілі чуткі, што Трамп нават шкадаваў пра свой выбар кандыдата ў віцэ-прэзідэнты, бо той «нічога не дадаў» да вобразу Трампа, а выказванні Вэнса выклікалі шмат абурэння сярод беспартыйных і дэмакратаў.
Выбары ў ЗША ладзяць паводле складанай сістэмы. Перамагае не той, у каго найбольш галасоў, а той, за каго прагаласуюць дэлегаты (так званыя электары) ад штатаў. Ад бальшыні штатаў высылаюць тых дэлегатаў, якія абяцалі прагаласаваць за кандыдата, які набраў найбольш галасоў у штаце. У частцы штатаў амаль заўсёды перамагае адна і тая ж партыя, а вынікі вывараў вырашае некалькі штатаў, якія вагаюцца.
Мінэсота, губернатара якога Гарыс выбрала сабе паплечнікам, да такіх штатаў не адносіцца. А значыць, выбар Ўолза паплечнікам не «падорыць» Гарыс лішні штат. Але, як адзначае «USA Today», хоць Мінэсота не настолькі важная для перамогі на выбарах, як Арызона ці Пэнсільванія, палітычная барацьба станавілася ў гэтым штаце больш вострай у апошнія гады.
Чаму Ўолз, невядома: чакалі іншых
Яшчэ некалькі дзён таму Ўолза называлі толькі адным з фаварытаў, але не галоўным прэтэндэнтам на кандыдатуру. Больш шанцаў давалі губернатару Пэнсільваніі Джошу Шапіра і сенатару ад Арызоны, былому астранаўту Марку Келі.
Чаму Гарыс выбрала не іх, а Ўолза, невядома. «The New York Times» піша, што справа ў палітыцы, якую Ўолз прасоўваў у сваім штаце, і ў «народным» вобразе, які мае спадабацца выбарнікам на Сярэднім Захадзе, у тым ліку ў штатах Мічыган і Вісконсін, якія дэмакратам «нельга прайграць». А «The Economist» лічыць, што Ўолз быў проста бяспечнай альтэрнатывай больш смелым, але больш рызыкоўным варыянтам.
Кандыдатуру Ўолза сярод іншых падтрымаў папулярны палітык левага крыла Дэмакратычнай партыі, сенатар ад Вэрмонту Бэрні Сандэрс – і падтрымаў якраз з тымі словамі пра сем’і працоўных, з якімі пра Ўолза пісала Гарыс. «Time» тым часам згадвае, што гэта Ўолз папулярызаваў ідэю называць рэспубліканцаў «дзівакамі» (гэтае даволі бяскрыўднае слова – weird – многіх рэспубліканцаў раз’юшыла).
Алесь Наваборскі, «Белсат»