Чарговыя непрыемныя для беларусаў навіны з Вільні ўжо абляцелі ўсе паблікі і навіновыя рэсурсы: спачатку у сталіцы Літвы стралялі па вокнах храма Беларускага праваслаўнага прыхода і Цэнтра беларускай культуры, а крыху пазней ля шэлтару беларускіх уцекачоў чырвонымі фарбамі хтосьці напісаў абразлівы для беларусаў надпіс. Пакуль паліцыя разбіраецца, хто вінаваты, беларусы агучылі свае версіі, зверыліся між сабою і прыйшлі да агульнай высновы. Да якой менавіта – даведаўся «Белсат».
У ноч на 5 верасня надпіс чырвонай фарбай з’явіўся каля будынку прыватнага цэнтру ўцекачоў з Беларусі «Дапамога» (Dapamoga). На літоўскай мове невядомыя напісалі – «Беларускім паразітам тут ня месца». Пра гэта паведаміў сам фонд Dapamoga:
«Ля ўезду ў Замак Dapamoga прыкладна каля 0:50 гэтай ноччу пакінулі надпіс чырвонай фарбай на асфальце на літоўскай мове:
Baltarusų parazitams čia ne vieta, што перакладаецца прыкладна як «Беларусам паразітам тут ня месца».
Нагадаем, «Дапамога» – гэта некамэрцыйная валанцёрская арганізацыя, якая дапамагае беларусам, вымушаным уцякаць у Літву ад рэпрэсій на радзіме. Яе заснавальніцай і кіраўніцай з’яўляецца беларуска Наталля Калегава.
Са словаў Наталлі, прыкладна ў гэты час яна з ментарам Dapamoga выязджала з Замку на машыне і заўважыла на дарозе той самы надпіс. Калі выйшлі з машыны, пабачылі, што фарба яшчэ вільготная – стала зразумела, што надпіс зрабілі літаральна пару хвілінаў таму.

«КДБ вырашыла, што правакацыя спрацуе? Дакладна, у іх крызіс»
Паводле Наталлі Калегавай, было нават чутно, што тыя, хто зрабіў гэты надпіс, не паспелі ўцячы, бо ў хмызняку недалёка ад месца падзеяў было чутно, як хтосьці трасе балончыкам. Дакладней, як у гэтым балончыку дрыжць металічны шарык. На крыкі «выходзь», з хмызняку ніхто не выйшаў. Жанчыны пайшлі па дапамогу ў Замак да сваіх супрацоўнікаў, але калі вярнуліся, ў хмызняку ўжо нікога не было.
Далей прыехалі паліцэйскія, якія ўсё задакументавалі, а надпіс сваімі рукамі замазаў былы палітвязень Міхаіл Жамчужны, які ўжо некалькі гадоў працуе на карысць шэлтара для ўцекачоў з Беларусі.
Але гэта яшчэ не ўсе. Гэтай гсторыі з надпісамі папярэднічалі іншыя падобныя.
Так, у ноч на 4 верасня невядомыя стрэлілі з пнэўматычнай зброі ў акно царквы беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні, які знаходзіцца ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага (Сусьветнага) патрыярхату. Той жа ноччу невядомыя разбілі шыбы ў Цэнтры беларускай культуры. На шчасце, ніхто не пацярпеў. У жніўні гэтага году на сцяне ЕГУ хтосьці напісаў зласлівы заклік Святлане Ціханоўскай па-літоўску, дарэчы - з памылкамі. Яшчэ месяцам раней – у ліпені - у краме беларускіх сувеніраў Kropka у Вільні разбілі вокны і таксама напісалі абразлівыя для беларусаў надпісы. Цікава, што тады надпісы былі зробленыя таксама з памылкамі.
Пра ўсе гэтыя здарэнні літоўская паліцыя ведае, але пакуль вінаватыя не знойдзены.
Супрацоўнікі Замку, дарэчы, з размоваў з паліцэйскімі, зразумелі, што яны не лічаць дадзенае здарэнне звычайным вулічным злачынствам. На думку літоўскіх праваахоўнікаў, гэта штосьці больш сур’езнае, таму справай будзе займацца нейкі спецыяльны аддзел.
Беларусы тым часам актыўна абмяркоўваюць здарэнні.
«Апошнім часам гэта адбываецца дужа часта. Я, шчыра кажучы, напалоханая, бо, атрымлівааецца, здарыцца можа што заўгодна і дзе заўгодна. Не хацелася б, каб у мяне знянацку на месцы працы (а працую я ў беларускай арганізацыі), трапіла куля, – пракаментавала «Белсату» беларуская актывістка з Вільні.
У самым вялікім тэлеграм-чаце Вільні, у якім налічваецца амаль 2,5 тыс. ўдзельнікаў, упэнены, што аўтарам усіх здарэнняў з’яўляецца беларускі рэжым.
«КДБ вырашыла, што так спрацуе правакацыя? Дакладна, крызіс у іх. Міксуюць тое, што рабілі раней – тэлефанаванні, «гісторыі» тут у чаціку, бітыя вокны, надпісы – і чакаюць нечага. Дарэчы, трэба адсачыць карэляцыю «вызваленняў» палітвязняў і правакацыяў», – выказаўся ў чаціку карыстальнік пад нікам D.
Сумневаў у тым, што ўсё гэта робяць менавіта беларускія спецслужбы, а не літоўцы, якім, нібыта, псуюць жыццё панаехаўшыя беларусы, ні ў каго з беларусаў і нават літоўцаў чамусьці няма.
Офіс Святланы Ціханоўскай ужо заклікаў літоўскія ўлады правесці грунтоўнае расследаваньне злачынстваў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. А беларусам і беларускам у выгнанні лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў параіла быць пільнымі і дбаць пра бяспеку.
«Мы рашуча асуджаем серыю актаў вандалізму ў Вільні, накіраваную супраць беларускіх арганізацыяў і ўстановаў. Абстрэлы вокнаў храма Беларускага праваслаўнага прыхода, разбітыя шыбы Цэнтра беларускай культуры, абразлівыя надпісы каля шэлтару для ўцекачоў «Дапамога» – гэта агрэсіўная акцыя з мэтай запалохаць свабодалюбных беларусаў і беларусак, якія знайшлі прытулак у Літве. Такія дзеянні, відавочна, накіраваныя на тое, каб пасеяць варожасць паміж беларусамі і літоўцамі. Мы ўпэўненыя: за гэтым стаіць рэжым Лукашэнкі, які пастаянна спрабуе стварыць атмасферу страху і нянавісці ў беларускім грамадстве і ў суседніх краінах», - пракаментаваў Офіс Святланы Ціханоўскай.

«Бліжэйшым часам правакацыі наўрад ці паўторацца»
Той жа думкі прытрымліваецца і былы палітвязень Міхаіл Жамчужны, які стаў ускосным сведкам здарэння мінулай ноччу. Ён падзяліўся з «Белсатам» сваімі думкамі і меркаваннямі наконт здарэнняў.
«Спачатку падумаў, што гэтае злачынства было спецыяльна спланавана і здзейснена да візіту Святланы Ціханоўскай у Замак. Бо да гэтага, таксама 4 верасня, адбыліся яшчэ дзве правакацыі, якія мне ўдалося паспяхова прадухіліць (з меркаванняў бяспекі распавядаць падрабязнасці Міхаіл адмовіўся – заў. Рэд). Магу толькі сказаць, што ў нас ёсць доказы таму, што дачыненне да гэтага маюць супрацоўнікі спецслужбаў, – распавядае Міхаіл. – Маё меркаванне – гэта зрабіла альбо ФСБ, альбо КДБ Беларусі, якое аператыўна спрацавала за кошт сваіх завербаваных або аператыўна засланых супрацоўнікаў. Прытым гэта датычыцца ўсіх правакацый, якія адбыліся апошнімі днямі».
На думку нашага суразмоўцы, усё гэтыя злачынствы былі прымеркаваныя да нядаўніх выказванняў літоўскіх ўладаў аб патрэбным скарачэння колькасці ўцекачоў з Беларусі. І зроблена гэта дзеля таго, каб чарговы раз зрабіць спробу сапсаваць адносіны беларусаў і літоўцаў.
На пытанне аб тым, ці здольныя падобныя правакацыі ў рэальнасці пасеяць разлад паміж двума народамі, Жамчужны адказаў:
«Літоўцы ставяцца да беларусаў з вялікім паразуменнем. Магу нават сказаць пра сябе: калі ў мяне ў транспарце не атрымліваецца прабіць талончык або ўвесці штрых-коды, літоўцы адразу пераходзяць на расейскую мову і дапамагаюць. Больш за тое – шчыра спачуваюць беларусам з нагоды сітуацыі, якая склалася ў нашай краіне. Нават калі падчас беларускіх, а калі-нікалі і сумесных з літоўцамі, мітынгаў на ровары раптам прыязджае які-небудзь правакатар і выкрыквае «Жыве Расея», нічога катастрафічнага не адбываецца. Усе бачаць, як пасля гэтых словаў раварыст вельмі імкліва з'язджае, бо баіцца, што мы і дагнаць яго можам. Ніхто на гэта ўжо не вядзецца. Не думаю, што спецслужбы рэальна могуць нас з літоўцамі пасварыць».
Аднак, на погляд былога палітвязня, паводзіць сябе кадэбэшнікі апошнім часам сталі больш агрэсіўна:
,,«Яны ўсё часцей імкнуцца напалохаць людзей, паказаць, што яны на прыцэле».

Таксама Міхаіл Жамчужны адзначае, што памяняліся апошнім часам у супрацоўнікаў спецслужбаў і метады:
«За мной яны «прыглядалі» ад 2006 года. Тады я займаўся вострай навукай, працаваў над сакрэтнай дысертацыяй, і яны кантралявалі маё асяроддзе. Хоць я навуковец, а яны, ну лічыце, «мянты», усё ж я адзначаў тады для сябе, што інтэлектуальна мы амаль на аднолькавым узроўні, і мне даводзілася вельмі напружвацца, каб не сказаць ім на допытах чагосьці лішняга. А ўжо цяпер у спецслужбу прыйшлі «дзеткі» ўзроўню амапаўцаў. Для іх ужо не існуе ні законаў, ні паняццяў, ні выхавання няма. Карацей, кадэбэшнікі ад сахі першага пакалення. Яны ўжо дазваляюць сабе і абразы, і катаванні, і шантаж. Раней з такім я не сутыкаўся».
На думку суразмоўцы, бліжэйшым часам правакацыі наўрад ці паўторацца:
«Правакацыі носяць імпульсіўны характар. У іх там ёсць традыцыі. Яны робяць нейкія аднатыпныя аператыўныя мерапрыемствы, а потым глядзяць на вынік. Аналізуюць, як рэагуе грамадства, асабліва ўчытваюцца ў тое, што пішуць журналісты. Мяркую, пакуль яны заціхнуць».
Як распавёў Міхаіл Жамчужны, візіт Святланы Ціханоўскай у Замак быў запланаваны на 4 верасня на 16.30. І гэты візіт адбыўся:
«Пагутарылі ў цёплай абстаноўцы. Я быў у захапленні ад яе праніклівасці, ўмення весці гутарку. Пасля сустрэчы абмяркоўвалі з калегамі яе вынікі, планавалі, як будзем святкаваць дзень народзінаў Замка, які адбудзецца ў гэтую суботу. Справа ішла да ночы. У раёне 1.30 мне патэлефанаваў адзін з нашых ментараў, паведаміў, што ў нас надзвычайнае здарэнне і папрасіў выйсці на вуліцу. Прыйшоў, а там ужо паліцыя. На бетоннай сцежцы ўжо быў напісаны той самы надпіс па-літоўску. Мне распавялі, як ён перакладаецца. Вырашыў адразу ж яго замазаць».
Дарэчы, са словаў нашага суразмоўцы, гэтым разам надпіс быў зроблены хоць па-літоўску, але ўжо без памылак.
«Альбо падвучылі літоўскую мову, або завербавалі выканаўцаў з мясцовых», – зрабіў выснову Міхаіл Жамчужны.
Надзея Вольная belsat.eu