навіны

«Кіберпартызаны» на сайце прапагандысцкага гомльскага выдання рэкламуюць свае сэрвісы

Сайт выдання «Правда Гомель» пасля атакі «Кіберпартызанаў»
Сайт выдання «Правда Гомель» пасля атакі «Кіберпартызанаў». Крыніца: Киберпартизаны BY / Telegram
podpis źródła zdjęcia

«Кіберпартызаны» святкуюць чатырохгоддзе праекту і зрабілі сабе падарунак – на сайце праўладнага выдання рэкламуюць сэрвісы бяспечнай камунікацыі, дэанону сілавікоў і злітыя базы зваротаў у КДБ.

«4 гады таму з'явілася аб'яднанне "Кіберпартызанаў" — людзей, якія сродкамі высокіх тэхналогій змагаюцца супраць дыктатуры і яе савецкіх перажыткаў. За гэты час нашыя валанцёры зрабілі шмат карысных праектаў для беларусаў. Сёння мы нагадваем пра некаторыя праекты на старонцы варожага рэсурсу "Правда Гомель" gp.by (даступны толькі з беларускага IP)», — пішуць «Кіберпартызаны».

На сайце «Правда Гомель» у раздзеле «Выбар рэдакцыі» з’явіліся паведамленні пра «Партызанскі Тэлеграм», «Партызанскія СМС», бот па дэанону супрацоўнікаў МУС і КДБ «Вока Змагара», спасылка на сайт са зваротамі ў КДБ за 9 гадоў, сэрвіс бяспечных апытанняў грамадскага меркавання «Ап!» і анонс новага сэрвісу «Картка Беларуса».

«Не забудзем таксама пра больш за 50 публічных кібераперацый і звыш 100 ботаў зваротнай сувязі для беларускіх ініцыятываў і арганізацый. А таксама шмат сакрэтных праектаў, — падводзяць вынікі працы «Кіберпартызаны». — Мы ганарымся тым, што ў нашай камандзе столькі актыўных, таленавітых людзей, якія змагаюцца з рэжымам і дапамагаюць беларусам. Будзем радыя таксама новым валанцёрам з жаданнем накіроўваць вольны час на барацьбу з дыктатурай. Разам да Перамогі! Жыве Беларусь!».

Каля а 17 гадзіны па Менску сайт выдання паведамляў пра «тэхнічныя работы». Старонка для прагляду была недасяжная.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10