Сейм Латвіі (Saeima) ухваліў у першым чытанні закон, паводле якога машыны на беларускіх нумарах трэба будзе перарэгістраваць на латвійскія або вывезці з краіны. Закон можа набыць моц ужо 1 лістапада.
Папраўкі да закону «Аб дарожным руху» былі ўхваленыя Сеймам у першым чытанні 5 верасня, піша «Delfi». Згодна цяперашняму праекту закону, ад 1 лістапада ў Латвіі маюць увесці забарону на знаходжанне транспартных сродкаў на беларускіх нумарах. Але закон яшчэ не ўхвалены канчаткова, а дата наступнага чытання не прызначаная.
Зарэгістраваныя ў Беларусі транспартныя сродкі, паводле законапраекту, трэба будзе вывезці з Латвіі або перарэгістраваць на латвійскія нумары да 31 кастрычніка.
Пасля гэтай даты, калі папраўкі ўхваляць, у Латвію на беларускіх нумарах можна будзе заехаць толькі для транзіту з электроннай заяўкай, загадзя ўхваленай Дырэкцыяй бяспекі дарожнага руху.
У выпадку невыканання патрабаванняў дапускаюць нават кампенсацыю транспартных сродкаў на карысць Украіны.
Міністэрства юстыцыі прапанавала два выключэнні:
- Для асобаў з абмежаванай мабільнасцю, якія едуць у Латвію з мэтай наведаць родных.
- У асаблівых выпадках, звязаных з бяспекай, пры дазволе ад Службы фінансавай выведкі.
Такіх выключэнняў, як адзначыў адзначаў адзін з дэпутатаў, не рабілі для зарэгістраваных у Расеі машынаў. Гэта тлумачылі тым, што «беларуская дыяспара значна адрозніваецца ад расейскай», і тым, што прадстаўнікі беларускай апазіцыі раней прасілі не прымаць пачатковую версію законапраекту.
Падобны праект раней прапаноўвала апазіцыйнае Нацыянальнае аб’яднанне. Але той праект у канцы чэрвеня адхілілі, бо Міністэрства юстыцыі ўжо рыхтавала свой праект.
Ды з 16 ліпеня Служба дзяржаўных даходаў Латвіі забараніла ўезд зарэгістраваным у Беларусі машынам праз латвійска-беларускую і латвійска-расейскую межы. Таксама ўведзеная забарона на ўвоз у Латвію тавараў беларускага паходжання і экспарт тавараў праз Беларусь, у тым ліку пастаўкі аўтамабіляў.
Не толькі Латвія, але таксама Літва і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю легкавых аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі. Польшча такую забарону яшчэ не ўводзіла: сцвярджае, што не хоча, каб санкцыі, што мусяць закрануць рэжым, закранулі звычайных грамадзянаў. Літва жа сцвярджае, што забарона не б’е па беларускіх грамадзянах.
Дэмакратычныя сілы Беларусі дамагаюцца змякчэння санкцыяў супраць аўтамабіляў на беларускіх нумарах. А забарона на пастаўкі аўтамабіляў з Беларусі, падобна, не б'е па даходах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Алесь Наваборскі belsat.eu