У Беларусі агулам у бліжэйшыя дні чакаецца надзвычай цёплае і сухое надвор’е, але большай частцы Гомельскай вобласці – надзвычайная пажарная небяспека.
Метэаролагі абвясцілі на большай частцы Гомельскай вобласці на 5–6 верасня чырвоны, то бок найвышэйшы, узровень небяспекі. Штармавое папярэджанне звязанае з максімальным 5-м класам пажарнай небяспекі.
У Гомлі сёння мае быць +25..+27 °С, без ападкаў, вецер усходні, 5–10 м/с. Агулам па краіне днём тэмпературы ад +21 на поўначы да + 28 на захадзе.
На наступны дзень па Беларусі абяцаюць не такую і высокую тэмпературу па мерках лета: +23..+29 °С. Ды для пачатку верасня такое надвор’е нетыпова цёплае і сухое праз шырокі антыцыклон, адзначаюць у «Белгідрамеце».
2023 год стаў трэцім з самых цёплых за гісторыю назіранняў у Беларусі. У 2024 адразу ж чакалі рэкордную спёку, лета было на 1–2 °С цяплейшым за кліматычную норму.
Праз змену клімату не толькі становіцца цяплей: часцейшымі становяцца розныя экстрэмальныя з’явы надвор’я. Так, Гомель, як і шэраг іншых беларускіх гарадоў, перажыў гэтым летам патоп і ўраган.
Акрамя таго, сёлета ў Беларусі ў «бітве за ўраджай» згарэла рэкордная колькасць камбайнаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu