Меркаваннi

Стаўкі зроблены, спадары

Колькі чалавек будуць судзіць заўтра, паслязаўтра, а пасля-паслязаўтра? Фота: Белсат
Колькі чалавек будуць судзіць заўтра, паслязаўтра, а пасля-паслязаўтра? Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Трэці раз за апошнія два месяцы з беларускіх калоній на волю выходзяць палітвязні. Іх не больш за 30 чалавек. Многа гэта ці мала? Афіцыйная лічба палітвязняў - 1371. 4 верасня, у дзень выхаду гэтых 30 чалавек, у беларускіх судах па палітычных артыкулах судзілі 13. Іх прозвішчы дапоўняць сумны спіс палітвязняў у найбліжэйшыя дні. А колькі чалавек будуць судзіць заўтра, паслязаўтра, а пасля-паслязаўтра?.. Канвеер працуе на поўную моц.


І зноў, як і ў папярэднія два разы, грамадскасць даведаецца толькі некалькі прозвішчаў. Але гэта не змяншае радасці за тых, хто нарэшце вырваўся з турэмных засценкаў. Лукашэнка заяўляў, што выпускаць будуць толькі цяжкахворых. 3 ліпеня і праўда сярод памілаваных быў старшыня ліквідаванай уладамі партыі "Беларускі народны фронт" Рыгор Кастусёў. Ён мусіў правесці за кратамі 10 гадоў. Медыкі выявілі ў палітыка сур'ёзнае анкалагічнае захворванне. Грамадскасць да гэтага часу не мае поўнага спісу з прозвішчамі вызваленых. Цешыць толькі тое, што ў тую ноч 15 учорашніх вязняў спалі ў сваёй пасцелі, а не на турэмных нарах.


Амаль праз паўтара месяца, 16 жніўня, Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні яшчэ 30 чалавек. Вядома, што трое з іх - 74-гадовы старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Васіль Берсенеў, былая настаўніца Ала Зуева і журналістка Ксенія Луцкіна - мелі на той момант вельмі сур'ёзныя анкалагічныя захворванні. Імёны некаторых іншых палітвязняў не вядомыя шырокай грамадскасці.


Палітычныя аналітыкі крокі Лукашэнкі па вызваленні палітвязняў звязваюць з блакіроўкай польска-беларускай мяжы, калі кітайскія тавары не маглі бесперашкодна рухацца транзітам праз Беларусь у ЕС, а таксама з візітам прэзідэнта Польшчы Анджея Дуды ў Кітай. Лагічна было б чакаць у ліку вызваленых старшыню ліквідаванага Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута. Але ён да гэтага часу застаецца за кратамі.


Наогул, вызваленне Пачобута гэта асаблівая тэма. Вядома, справа не ў нормах закона, якія трэба хаця б знешне фармальна выконваць. Уладам даўно на гэта напляваць. Праблема хутчэй за ўсё ў тым, што справа Пачобута, як ніякая іншая, дэманструе ўнутраную ідэалогію ўладаў. Вонкава ўсё выглядае як сотні палітычных справаў – «народныя» артыкулы 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны), і 130 (распальванне варожасці) – прымяняюцца амаль кожны дзень. Але ў справе Пачобута абвінавачанне будуецца не толькі на публікацыях журналіста ў Gazeta Wyborcza аб беларускіх пратэстах у 2020-м. У віну яму паставілі артыкул пра аднаго з камандзіраў антыкамуністычнага падполля на Гарадзеншчыне Анатоля Радзівоніка, які быў надрукаваны ў Magazyn Polski яшчэ ў 2006 годзе.


Хутчэй за ўсё з аднаго боку ўлады разумеюць, што выпускаць Пачобута давядзецца, таму што таварыша Сі лепш не злаваць. А з другога - хочацца захаваць твар якім бы гэты твар не быў. Але здаецца, што ёсць і яшчэ адна прычына - маючыя адбыцца выбары. Дастаткова прыгадаць 2015 год. Тады ў жніўні па ўказе Лукашэнкі на волю выйшлі шасцёра палітвязняў Мікола Статкевіч, Мікола Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Юры Рубцоў. Прэс-сакратар Дзярждэпа ЗША Джон Кірбі тады заявіў, што гэта быў важны крок да нармалізацыі стасункаў з ЗША.


Але 9 гадоў таму ў краіне яшчэ не была разгромлена грамадзянская супольнасць. Не было сотняў і сотняў палітвязняў. Не было сотняў тысяч бежанцаў. Не было такой безумоўнай падтрымкі Расеі, ад якой адвярнуўся ўвесь цывілізаваны свет. І тады палітвязні ў турмах не паміралі. На сённяшні дзень вядома аб шасці смерцях. Але ёсць вязні, якія знаходзяцца ў крытычным стане паводле стану здароўя. Сярод іх кіраўнік штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава. Яшчэ адна жанчына - Паліна Шарэнда-Панасюк - таксама знаходзіцца ў крытычным стане. Ні Марыя ні Паліна не выйшлі і гэтым разам.


Ці выканае Лукашэнка заклік спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн выпусціць усіх пажылых і хворых палітвязняў? Калі ён вырашыў пакрысе выпускаць палітвязняў дзеля дасягнення сваёй мэты - легалізацыі свайго статусу прэзідэнта праз «выбары-2025» у вачах заходніх палітыкаў, — то палітвязні для яго зараз гэта своеасаблівая калода карт за гульнявым сталом. Зроблены яшчэ адзін ход - падпісаны чацвёрты ўказ аб выхадзе новай партыі вязняў. А, калі ўлічваць асноўнае патрабаванне па ўзросце і стане здароўя, то тады ў спіс тмогуць трапіць і знакавыя персоны, у тым ліку лідар сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Мікалай Статкевіч. А такія людзі ў гэтай злашчаснай калодзе выконваюць ролю казырных карт. А козыры гульцы, як правіла, імкнуцца захоўваць да канца гульні. Чым скончыцца гэтая партыя? Адказу няма. Але гульня працягваецца.


Любоў Лунёва belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10