Страляніна адбылася ў гадавіну тэракту на Алімпіядзе ў 1972 годзе, калі палестынскія тэрарысты забілі 11 спартоўцаў зборнай Ізраілю. І гэта адбылося побач з консульствам Ізраілю і Цэнтрам дакументацыі гісторыі нацыянал-сацыялізму. Але матывы нападніка яшчэ невядомыя.
Паводле заявы паліцыі Мюнхена, праваахоўнікі падстрэлілі і паранілі ўзброенага нападніка, аб іншых пацярпелых не паведамлялі. Прысутнасць паліцыі ў горадзе павялічылі, але аб іншых падазраваных паліцыя не ведае, небяспекі не бачыць.
Баварскі міністр унутраных справаў пазней паведаміў, што падазраваны памёр.
Страляніна пачалася пасля 9-й раніцы ў цэнтры Мюнхена блізу Генеральнага консульства Ізраілю. На відэа мясцовага жыхара, якое апублікавала «Süddeutsche Zeitung», чуваць дзве серыі адзіночных стрэлаў рознай інтэнсіўнасці.
Хто страляў, невядома. Невядомыя і матывы нападніка. Вядома толькі, што нападнік меў доўгаствольную зброю.
Але страляніна адбылася ў гадавіну тэракту на Алімпійскіх гульнях у Мюнхене: 5 верасня 1972 года тэрарысты палестынскай арганізацыі «Чорны верасень» захапілі 11 чальцоў ізраільскай зборнай. Закладнікі былі забітыя падчас спробы іх вызваліць. Тады загінуў таксама адзін паліцыянт.
У канцы траўня Генеральнае консульства Ізраілю ў Мюнхене атакавалі невядомыя, перакінулі ў памяшканне бутэльку, вонкава падобную да «кактэйлю Молатава», у якой была куля. Праз два дні ў амбасаду Ізраілю ў Брусэлі кінулі страйкбольную (не баявую) гранту.
Алесь Наваборскі belsat.eu