У Беларусі затрымалі «агента японскай выведкі». Гэта вынікае з анонса фільма, які збіраюцца паказаць на тэлеканале «Беларусь-1».
У анонсе перадачы гаворыцца пра тое, што «агент» меў «самыя шырокія інтарэсы» ў нашай краіне. Пачынаючы ад збора інфармацыі пра сацыяльна-палітычную абстаноўку ў Беларусі, рэалізацыі кітайскай ініцыятвы «Адзін пояс – адзін шлях» і заканчваючы здымкамі ваеннай інфраструктуры, а таксама тым, што адбываецца на беларуска-ўкраінскай мяжы.
У анонсе паказваюць самога агента і прыводзяць ягоныя словы пра тое, што ягоная дзейнасць можа быць «вельмі небяспечнай для Беларусі». Таксама на камеру «агент» гаворыць пра тое, што «можа быць атака ракетай па Беларусі» (з боку якой краіны яе чакаць, у анонсе не ўдакладняецца).
Як удалося высветліць журналістам, імя затрыманага (Наканісі Масатосі) супадае з імем былога выкладчыка японскай мовы ў Інстытуце дадаковай адукацыі пры Гомельскім дзяржаўным універсітэце. У 2021 годзе Масатосі казаў, што выкладае мову ва ўстанове ўжо цягам двух гадоў і што ўжо працяглы час жыве і працуе ў Беларусі, а ягоная жонка родам з Гомлі. У Японіі ён скончыў юрыдычны факультэт і працаваў каля 20 гадоў эканамістам-юрыстам у прыватнай юрыдычнай арганізацыі ў Токіа.
Паказваць прапагандысцкі фільм на тэлеканале «Беларусь-1» збіраюцца заўтра пасля праграмы «Панарама».
Раман Шавель belsat.eu