навіны

«Надаць легітымнасці ўладзе». Ці чакаць перамены ва Украіне пасля гучных адставак?

Форум «Украіна. Год 2024» у Кіеве. На здымку – сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (з 2019) Аляксей Данілаў, міністр замежных спраў Украіны Дмытро Кулеба і кіраўнік СБУ Васіль Малюк. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2024 года. Фота: Белсат
Форум «Украіна. Год 2024» у Кіеве. На здымку – сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (з 2019) Аляксей Данілаў, міністр замежных спраў Украіны Дмытро Кулеба і кіраўнік СБУ Васіль Малюк. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Заявы на звальненне падалі адразу некалькі віцэ-прэм’ераў, міністраў, чыноўнікаў. Навошта спатрэбіліся гэтыя перастаноўкі?

«Восень будзе надзвычай важнай для Украіны. І нашыя дзяржаўныя інстытуты маюць быць наладжаныя так, каб Украіна дасягнула ўсіх вынікаў, якія нам патрэбныя», — так кадравыя змены растлумачыў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце 3 верасня.

Кіраўнік суседняй дзяржавы анансаваў перастаноўкі ва ўрадзе і сваім Офісе, каб «узмацніць пэўныя кірункі».

Зяленскі сказаў, што патрабуецца больш шчыльная супраца паміж цэнтральнай уладай і мясцовымі, асабліва з увагі на рыхтаванне да зімняга сезону. Акрамя таго, прэзідэнт чакае паляпшэнняў у абароннай прамысловасці і павелічэння інвестыцыяў у стратэгічныя галіны.

«Мусім істотна ўзмацніць нашую працу з NATO. Для гэтага патрэбная асаблівая супраца», — сказаў украінскі лідар.

Яшчэ адзін кірунак, які ён назваў, — перамовы аб сяброўстве Украіны ў Еўразвязе:

«Гэта вельмі выразная, адначасова і юрыдычная, і палітычная праца. За ёю будзе персанальная адказнасць».


Зяленскі лічыць важным «сумясціць усё, чаго Украіна дасягнула ў стасунках з партнёрамі».

«Давер да Украіны, моц украінскага духу, стасункі з партнёрамі і тыя задачы, што маюцца перад нашай дзяржаваю ў супрацьдзеянні расейскай прапагандзе, а таксама ў абароне ўкраінскай культурнай спадчыны. Нам патрэбны новы ўзровень адначасова інфармацыйнай працы, культурнай і дыпламатычнай. Цяпер час даць новыя сілы ўрадавым інстытутам Украіны», — падсумаваў прэзідэнт суседняй краіны.

За два дні заявы на звальненне падалі: міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба, міністр у пытаннях стратэгічных галінаў прамысловасці Аляксандр Камышын, міністр юстыцыі Дзяніс Малюська, міністр абароны навакольнага асяроддзя Руслан Стралец, віцэ-прэм’ер у пытаннях еўраінтэграцыі Вольга Стэфанішына, віцэ-прэм’ер — міністр у пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук, кіраўнік Фонду дзяржаўнай маёмасці Віталь Коваль, намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Расціслаў Шурма.

На сённяшнім пасяджэнні Вярхоўнай рады, якая пастанаўляе, каго звальняць, а каго — не, два хадайніцтвы былі адхіленыя. На сваіх пасадах засталіся Верашчук і Коваль.

Камышына, Малюську, Стральца і Стэфанішыну адправілі ў адстаўку. Астатнія заявы дэпутаты пакуль не разгледзелі.  

Украінскі сацыёлаг, эксперт у камунікацыях Міжнароднага цэнтру супрацьдзеяння расейскай агрэсіі Дмытро Грамакоў у размове з «Белсатам» нагадаў, што кадравыя перасоўванні прэзідэнт анансаваў даўно, таму надзвычайнай сітуацыю не назавеш. Эксперт пры гэтым упэўнены, што стратэгічных пераменаў чакаць не варта:

,,

«Тыя, якія прыйдуць, усё адно будуць звязаныя з Офісам прэзідэнта, будуць яшчэ больш падкантрольны Офісу, чымся цяперашнія. Усе гэтыя перастаноўкі ва ўрадзе маюць на мэце надаць легітымнасці ўладзе, а не прывесці да якасных зменаў».


Грамакоў растлумачыў, што нічога асабліва не зменіцца, бо застаецца ўсё той жа «цэнтр прыняцця рашэнняў»:

«Погляд украінскага грамадства на тое, што будуць пэўныя якасныя перамены, вельмі скептычны, таму што мяняюцца фігуры, але не мяняецца цэнтр прыняцця рашэнняў. Таму не мяняецца дзяржпалітыка ў дачыненні тых ці іншых працэсаў. І менавіта ў гэтым галоўная праблема ў цяперашняй ратацыі ва ўкраінскім урадзе».

Суразмоўца «Белсату», каментуючы вынікі сённяшняга пасяджэння Рады, сказаў, што без згоды парламенту адстаўкі быць не можа. Пытанне могуць разгледзець нанова пасля звароту прэзідэнта з пашыранай матывацыйнай часткаю; нельга таксама выключаць, што асобы, якіх дэпутаты не адпусцяць, працягнуць выконваць абавязкі на сваіх пасадах.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступае падчас прэс-канферэнцыі ў Кіеве, Украіна. 27 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступае падчас прэс-канферэнцыі ў Кіеве, Украіна. 27 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Бессэнсоўнымі цяперашнія перастаноўкі ва ўрадзе назваў дырэктар Украінскага інстытуту сусветнае палітыкі Яўген Магда. У каментары «Белсату» ён заявіў, што кабінет міністраў «даўно страціў суб’ектнасць»:

«У нас кіруе краінаю Офіс прэзідэнта, хаця Украіна — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Адбываецца нейкая гульня пад дываном. У Вярхоўнай радзе знянацку бальшыня перастала быць бальшынёю і выбарачна адпраўляе чальцоў ураду ў адстаўку. Я не разумею, навошта гэта. Я не разумею, як гэта ўзмацняе пазіцыю дзяржавы».

Палітолаг упэўнены, што ягоная краіна мае патрэбу ва ўрадзе нацыянальнага адзінства:

,,

«У нас дастаткова былых міністраў, розных урадаў, якія маглі б яшчэ папрацаваць. Цяперашнія ж перастаноўкі накіраваныя на ўзмацненне ролі толькі адной асобы: кіраўніка Офісу прэзідэнта Андрэя Ермака, што дазволіць яму быць больш моцным лялькаводам».


Вітаўт Сіўчык, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10