Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк «памірае ў турме» – стан яе здароўя рэзка пагоршыўся, паведамляе яе муж Андрэй Шарэнда. «Белсат» даведаўся, што адбываецца з палітзняволенай.
«Яна просіць біць максімальную трывогу»
Дакладных звестак пра Паліну няма, але тое, што даходзіць, гучыць жахліва, расказвае муж:
«Сёння прыйшла вестка, сукамерніца перадала, што ў яе вельмі сур’ёзнае пагаршэнне стану здароўя, яна вельмі кепска сябе адчувае і ёй не аказваюць патрэбнай дапамогі, то бок фактычна даюць абезбольвальнае».
Тое, што доходзяць такія навіны – гэта сігнал SOS ад Паліны, упэўнены Андрэй.
«Яна просіць біць максімальную трывогу. Паліна да гэтага ніколі не звярталася з такой просьбай. Гэта значыць, што ў яе сапраўды вялікія праблемы. Толькі два месяцы таму па нейкай адпісцы мы даведаліся, што ў Паліны хранічны панкрэатыт сярэдняй ступені цяжкасці. Гэта вельмі сур’ёзнае захворванне, якое патрабуе спецыяльнай дыеты і сталага дагляду лекараў. Зразумела, што цяпер гэтага не адбываецца. Для Паліны гэта пакаранне на смерць. Я кансультаваўся ў лекарам, людзі нават у добрых умовах могуць пражыць з такім дыягназам 10-15 год.
Вядома, што Паліна пакутуе на болі ў баку жывата, якія аддаюцца ў спіну. Лекары кажуць, што хутчэй за ўсё гэта абвастрэнне хваробы і гэта фактычна значыць, што яе жыццю пагражае небяспека», – кажа Андрэй.
Умовы ўтрымання грош, чым ШЫЗА ў калоніі
Фінальным здзекам над палітзняволенай стаў яе перавоз у рэчыцкае ІЧУ для правядзення «следчых дзеянняў».
«Следчыя могуць прыехаць у СІЗА і там правесці гэтыя дзеянні, як яны рабілі раней. Цяжка сказаць, навошта гэта было зроблена. Адзінае, што прыходзіць на розум – каб паздзеквацца, зняважыць і знясіліць чалавека. Бо рэчыцкае ІЧУ вельмі цяжкае па ўмовам утрымання. Паліна казала, што гэта горш, чым штрафны ізалятар у калоніі.
Там прыходзіцца спаць на падлозе, шмат клапоў, вільгаць і проста няма прыбіральні ў камеры. І ў такіх умовах Паліну могуць пратрымаць некалькі месяцаў да чарговага суду. На жаль, крымінальная справа супраць Паліны далей пачала разгортвацца і зразумела, што дойдзе да суду», – працягвае Андрэй.
Ён кажа, што ўсе гэтыя ўмовы і сігнал ад Паліны азначае, што вызваляць як трэба як мага хутчэй, каб уратаваць яе жыццё.
,,«Часу не месяцы, а, магчыма, тыдні і дні. Таму Паліна рабіць усё магчымае, каб яна ўрэшце рэшт апынулася на волі, бо ўсе тэрміны зняволення скончыліся два з паловай гады таму. Яе чакае ўжо чацвёрты суд і чацвёртае кола пекла, якое яна проста не вытрымае», – кажа муж палітзняволенай.
Ён лічыць, што для яе вызвалення трэба камунікаваць напрамую з Лукашэнкам і будзе прасіць дапамогі ў міжнародных гуманітарных і праваабарончых арганізацый. Што тычыцца таго, ці спрабавала Паліна сама паспрабаваць зрабіць крок да вызвалення і напісаць прашэнне аб памілаванні, Андрэй не ведае.
«Цяжка сказаць, мяркуючы па таму фільму [прапагандысты знялі фільм з Палінай Шарэнда-Панасюк. – Заўв. рэд.], які паказваўся на беларускім тэлебачанні, яна сапраўды цяпер знаходзіцца ў безвыходным становішчы, яна разумее, што яе жыццё пад пагрозай. Я думаю, калі яна яшчэ не падпісала гэтае прашэнне, то яна нарэшце зразумела, што можа падпісаць, бо тут справа жыцця і смерці», — падводзіць рысу Андрэй.
Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў зняволенні з 3 студзеня 2021 года. Яе некалькі разоў каралі нібыта за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Цяпер супраць яе распачатая ўжо трэцяя крымінальная справа за гэта. Яна мусіла выйсці на волю 21 траўня 2024 года.
Арсэн Рудэнка belsat.eu