Пасля таго, як «Белсату» стала вядома пра праблему беларусаў – многія абітурыенты праз прарэхі ў законе рызыкуюць цяпер застацца без месцаў у польскіх універсістэтах – мы звярнуліся па афіцыйны каментар да польскіх чыноўнікаў. Мяркуючы з іх адказу, шанцы на рашэнне праблемы да заканчэння сёлетняй уступнай кампаніі ў беларусаў усё ж ёсць.
Нагадаем, нягледзячы на тое, што пра саступкі для абітурыентаў з Украіны і Беларусі загаварыў і падпісаў адпаведны ўказ прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, нечакана для ўсіх падаць дакументы ў польскія ВНУ сотні беларускіх абітурыентаў усё роўна не могуць. Хоць ад іх не патрабуюць дакументы, якія наўмысна не выдаюць установы адукацыі Беларусі, цяпер, каб пацвердзіць, што абітурыенты сапраўды скончылі школу ў Беларусі, ад іх у Польшчы пачалі патрабуюць вынікі ЦТ, прытым не старэйшыя за два гады.
Справа ў тым, што паводле закону Польшчы аб вышэйшай адукацыі і навуцы, «дыплом аб заканчэнні навучання за мяжой можа быць прызнаны эквівалентным адпаведнаму польскаму дыплому і прафесійнаму званню на падставе міжнароднай дамовы, якая вызначае эквівалентнасць, а пры адсутнасці такой дамовы (цяпер яна паміж Беларуссю і Польшчай адсутнічае – рэд.) – у парадку настрыфікацыі.
Настрыфікацыя – гэта дзяржаўнае прызнанне ў чужой краіне дыплому, вучонай ступені, звання, атрыманых у іншай краіне.
Праблема ў тым, што ў многіх ЦТ на руках папросту няма. Альбо ж ён старэйшы за два гады. І зараз многія абітурыенты праз гэтую праблему рызыкуюць застацца без месцаў у ВНУ.
Падрабязна пра ўсю гэтую сітуацыію мы пісалі ў нашым матэрыяле пад назвай «Дзіра ў польскім законе, а пакутаваць беларусам». Праз заканадаўчую «пастку» беларускія абітурыенты ў Польшчы рызыкуюць застацца без адукацыі» ад 29 жніўня.
Падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу «Белсат» зрабіў афіцыйны запыт у Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы і запытаўся, як і ў якія тэрміны можа быць вырашана праблема беларускіх абітурыентаў, і куды яны могуць звяртацца па дапамогу.
А ўжо праз некалькі дзен атрымалі адказ. Гучыць ён так:
,,«Выпадак вядомы ў міністэрстве і ў цяперашні час разглядаецца аддзелам міжнароднага супрацоўніцтва. Паводле закону тое, якія вынікі з'яўляюцца падставай для паступлення на навучанне, вырашае універсітэт. У частцы, якая выходзіць за рамкі вынікаў замежнага экзамену або вынікаў навучання, універсітэт можа праводзіць уступныя выпрабаванні (напрыклад, пры немагчымасці прадастаўлення сертыфіката ЦТ / несапраўдных вынікаў ЦТ). Пытанне завочнай настрыфікацыі дыпломаў знаходзіцца ў кампетэнцыі Міністэрства адукацыі».
Ад чытачоў нам стала вядома пра выпадкі, калі некаторыя ўніверсітэты, да прыкладу, універсітэт у Лодзі, даведаўшыся пра праблемы беларускіх абітурыентаў, ужо пагадзіліся прымаць студэнтаў з няпоўным пакетам дакументаў.
Надзея Вольная belsat.eu