Міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў анансаваў правядзенне міжнароднай канферэнцыі аб супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі і паведаміў, што на яе будуць запрошаныя міністры краінаў Еўразвязу. «Белсат» накіраваў запыты ў міністэрствы замежных справаў суседніх краінаў з пытаннем пра тое, ці прыедуць яны на такое мерапрыемства.
Першым на запыт «Белсата» адказала МЗС Латвіі. У ведамстве адзначылі, што яшчэ не атрымлівалі ніякага запрашэння на канферэнцыю, але ў той жа час падкрэслілі, што сумняваюцца ў здольнасці беларускіх уладаў добрасумленна правесці падобнае мерапрыемства.
Прыводзім адказ прэс-сакратаркі латвійскага ведамства Дыяны Эглітэ цалкам:
,,«Запрашэння на такое мерапрыемства мы не атрымлівалі. У той жа час, улічваючы цяперашнія геапалітычныя абставіны, у тым ліку падтрымку Беларуссю агрэсіі Расеі супраць Украіны, а таксама шматгадовую гібрыдную дзейнасць Беларусі на нашых межах, у тым ліку з выкарыстаннем мігрантаў з трэціх краін, мы скептычна ставімся да здольнасці Беларусі добрасумленна праводзіць такую ініцыятыву», – гаворыцца ў адказе.
Рэдакцыя яшчэ чакае адказаў з МЗС Літвы, Польшчы і Нямеччыны і апублікуе іх, як толькі атрымае афіцыйныя паведамленні ад ведамстваў гэтых краін.
Раман Шавель belsat.eu