Расейскія войскі атакавалі Палтаву двума балістычнымі ракетамі, паведамляюць украінскія ўлады. Цяпер вядома пра 51 загінулага, пацярпелых – больш за 200.
Паводле Генеральнай пракуратуры Украіны, удар быў нанесены двума ракетамі «Іскандэр-М». Яны трапілі ў навучальную ўстанову і лякарню:
«Часткова разбураны адзін з будынкаў Інстытуту сувязі, лякарня і дамы побач. На месцы працуюць ратаўнікі, аператыўна-следчая група і іншыя службы, трывае разбор завалаў. Колькасць пацярпелых удакладняецца».
Паводле апошніх звестак, у выніку абстрэлу загінула 51 асоба, параненых – не менш за 219, пад заваламі могуць заставацца яшчэ 18 асобаў, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Філіп Пронін.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў адмысловым звароце паведаміў, што даручыў правесці поўны і аператыўны разбор акалічнасцяў здарэння, і выказаў спачуванні сем'ям загінулых і пацярпелым.
«Абавязкова расейская навалач адкажа за гэты ўдар. І мы зноў і зноў кажам усім у свеце, хто мае сілу, каб спыніць гэты тэрор: сістэмы СПА і ракеты жа іх патрэбныя ва Украіне, а не дзесьці на складзе. Далёкабойныя ўдары, якія могуць абараніць ад расейскага тэрору, патрэбныя цяпер, а не некалі потым. Кожны дзень прамаруджання – гэта, на жаль, гібель людзей», – сказаў Зяленскі.
Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба ў каментары тэлеканалу CNN заклікаў міжнародных партнёраў паскорыць пастаўкі сістэмаў СПА і ўзяць на сябе новыя абавязанні:
,,«Адзіны спосаб спыніць такія ракеты – выкарыстоўванне сістэмаў „Patriot” і „SAMP-T”, бо толькі яны здольныя перахопліваць балістычныя ракеты. Я не ведаю, колькі яшчэ мусіць адбыцца такіх трагедыяў, каб усе абяцанні былі выкананыя і ўзятыя новыя абавязанні».
Паводле ўкраінскай службы BBC, на базе інстытуту, што зазнаў удар, працуе 179-й навучальны цэнтр войск сувязі. Расейскія Z-блогеры сцвярджаюць, ракеты прыляцелі ў момант пастраення вайскоўцаў. Незалежнага пацверджання гэтай інфармацыі няма.
Брытанскае выданне «The Times» канстатуе, што гэтая атака сталася «адной з самых жудасных» за час поўнамаштабнай вайны.
У Палтаўскай вобласці абвешчаная трохдзённая жалоба.
Сцяпан Кубік belsat.eu