У Віцебску 19 жніўня на вуліцы Шмырова адбыўся прарыў газаправоду. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў.
У выніку прарыву ўзнікла пагроза суседнім дамам. Праз гэта былі эвакуіраваныя 25 дзяцей і 10 супрацоўнікаў дзіцячага сада № 8, а таксама жыхары бліжэйшых дамоў. Пацярпелых няма.
Месца правядзення рамонтных працаў ачэпленае. Аварыйная брыгада праводзіць аднаўленчыя работы, адзначылі ў МНС.
Нягледзячы на тое, што 2024 год улады Беларусі абвясцілі Годам якасці, з самой якасцю ў іх вялікія праблемы. У тым ліку ў камунальнай сферы.
Гэтак, 15 жніўня ў Слуцку адбыліся прынамсі два прарывы вадаправоду. А ў Менску 9 жніўня прарвала каналізацыю. У самім Віцебску 26 студзеня ў выніку прарыву цеплатрасу пад зямлю праваліўся аўтамабіль.
Улады Беларусі не любяць, калі медыі і грамадзяне звяртаюць увагу на падобныя аварыі. Гэтак, увосень 2022 года cтаршыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава на сустрэчы з прэзідыумам Маладзёжнага савету пры беларускім парламенце абвінаваціла апанентаў рэжыму ў тым, што яны спрабуюць такім чынам унесці «дэструктыў» у грамадства.
Якуб Хруст belsat.eu