навіны

Для беларусаў стварылі віртуальнага адваката

Здымак прадстаўлены рэдакцыі
Здымак прадстаўлены рэдакцыі
podpis źródła zdjęcia

У мэсэнджары Telegram распачаў працу Advakatby_bot, распрацоўкай якога займаліся адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзій у Беларусі за абарону палітвязняў, пры кансультацыйнай падтрымцы праваабарончых арганізацый «Вясна», BYSOL, By_Help, Dissidentby і Фонду «Краіна для жыцця». Што гэта за бот і як ён працуе, нам распавёў адзін з яго стваральнікаў.

Advakatby_bot — гэта аўтаматызаваны сервіс кансультавання ахвяраў рэпрэсій і іх блізкіх, распрацаваны для дапамогі людзям унутры краіны. Кансультацыі будзе даваць не жывы чалавек у рэальным часе, а праграма паводле складзеных алгарытмаў. 

«Напрыклад, Вам патэлефанавалі і паведамілі, што невядомыя асобы ў цывільным затрымалі вашага сваяка раніцай каля дома. Вы заходзіце ў аdvakatby_bot і выбіраеце сітуацыю «Затрымалі блізкага». Бот запытваецца: «Хто ажыццяўляў затрыманне?», пасля прапануе некалькі варыянтаў. Вы адказваеце: «Не ведаю». Далей бот запытвае: «Колькі гадзін таму адбылося затрыманне?». Вы абіраеце варыянт: «Ад 1 да 2 гадзін» і так далей. На падставе дадзеных адказаў чат-бот выдае кансультацыю наконт таго, што варта зрабіць, каб дапамагчы роднаму», — распавядае адвакат Аляксей (імя змененае).

Паводле яго, мэтай аdvakatby_bot з’яўляецца супрацьдзеянне рэпрэсіям: каб як мага менш беларусаў трапіла за краты і каб палепшыць сітуацыю ўжо рэпрэсаваных асобаў. Таму былі распрацаваныя мадэлі найбольш небяспечных сітуацый, з якімі часцей за ўсё сутыкаюцца беларусы:

  • «Затрымалі блізкага»;
  • «Выклікаюць у органы»;
  • «Перасячэнне мяжы»;
  • «Праблемы ў калоніі»;
  • «Атрымаць дапамогу або экстранна эвакуявацца з Беларусі».

Стваральнікі Advakatby_bot упэўненыя, што ў краіне, дзе пануе «прававы дэфолт», усё яшчэ можна пазбегнуць рэпрэсій:

«Мы амаль не прапануем юрыдычныя метады для абароны рэпрэсаваных, паколькі правасуддзя ў палітычна матываваных справах не існуе. Тым не менш, існуюць алгарытмы, па якіх дзейнічаюць рэпрэсіўныя органы, — ведаючы якія, у шматлікіх сітуацыях можна як мінімум не пагоршыць становішча рэпрэсаванага, калі не пазбегнуць рэпрэсій увогуле. Трэба разумець, што палітычны пераслед у 99 адсоткаў выпадкаў грунтуецца на інфармацыі, што знаходзіцца ў лічбавай прасторы — на прыладах, у сацсетках, электронных воблаках і іншых сервісах. Адпаведна, калі такая інфармацыя становіцца недасягальна сілавікам, рызыка затрымання зводзіцца да мінімуму», - кажа Аляксей.

На дадзены момант запушчаная версія чат-бота ў Telegram, але неўзабаве плануецца апублікаваць вэб-версію, да якой будзе доступ толькі праз VPN або з замежжа. Таму, паводле адваката, калі пры праходжанні бота вы заўважыце адсутнасць спасылкі на сайт і прабелы замест яе, то гэта часовая з’ява. Вэб-версія мусіць быць больш бяспечнай і надзейнай, але для неадкладных выпадкаў можна выкарыстоўваць чат-бот у Telegram.

Аляксей падкрэслівае, што гэты бот не збірае персанальных дадзеных, а доступу да ID у беларускіх сілавікоў няма, таму карыстанне чат-ботам будзе бяспечным, праўда, з агаворкаю:

«Верагодна, гэты чат будзе прызнаны «экстрэмісцкім», пасля чаго падпіска на яго будзе спалучаная з рызыкай адміністрацыйнай адказнасці. Таму падчас праходжання чат-бота вы неаднаразова сустрэнеце рэкамендацыю выдаліць яго пасля выкарыстання, а таксама відэаінструкцыю ад Кіберпартызанаў па выдаленні бота».

Але чаму Advakatby_bot запускаецца толькі праз 4 гады пасля пачатку рэпрэсій? Стваральнікі тлумачаць гэта прыватнай інцыятывай. Да моманту пазбаўлення адвакацкіх ліцэнзій яны аддавалі ўвесь свой час абароне палітычных зняволеных унутры краіны. Пасля - з’явілася як ідэя, так і магчымасць яе распрацоўкі. Тым больш, што рэпрэсіі ў Беларусі не сціхаюць па сённяшні дзень.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10