У Ізраілі ў нядзелю адбыліся найбуйнейшыя з пачатку вайны вулічныя дэманстрацыі, а 2 верасня прайшла ўсеагульная забастоўка. Пратэстоўцы лічаць, што прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу робіць недастаткова для вызвалення закладнікаў, якія трапілі ў рукі баевікоў-тэрарыстаў у кастрычніку 2023 году. Яны заклікаюць урад заключыць здзелку з «Хамасам». «Белсат» распавядае, як спрэчкі наконт стратэгіі вызвалення закладнікаў падзяліла Ізраіль.
Трагедыя і пратэсты
1 верасня стала вядома, што вайскоўцы Цагаль знайшлі ў адным з тунэляў «Хамасу» у сектары Газа целы шасці закладнікаў (чатырох мужчын і двух жанчын), якія былі захоплены тэрарыстамі падчас нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году. Пяцёра з іх былі наведнікамі музычнага фестывалю Nova, яшчэ адна - жыхаркай мясцовага кібуцу. Экспертыза паказала, што ўсе яны былі застрэлены з блізкай адлегласці некалькі дзён таму. Прэс-сакратар Цагаль Даніэль Хагары сказаў, што закладнікі былі «жорстка забітыя тэрарыстамі «Хамас» незадоўга да таго, як мы здолелі да іх дабрацца».
Трагічная навіна ўзрушыла Ізраіль, выклікаўшы хвалю гневу і абурэння. На ўрад Бэньямін Нэтаньягу даўно аказваўся ціск з боку сваякоў закладнікаў і апазіцыі: яны лічаць, што жорсткія падыходы ўраду перашкаджаюць заключэнню здзелкі аб вызваленні людзей. Цяпер сітуацыя яшчэ больш абвастрылася.
Форум сямей закладнікаў усклаў адказнасць за гібель шасці чалавек на Нэтаньягу. «Затрымка з падпісаннем здзелкі прывяла да іх гібелі і гібелі многіх іншых закладнікаў», — зазначалася ў іх заяве.
«Ці можна было прадухіліць гэты апошні акт варварства «Хамасу»? Так. Ці маглі і ці павінны былі Нэтаньягу і ягоны ўрад зрабіць больш, каб паспрабаваць прадухіліць гэта? Так», - зазначыў у сваім аналітычным артыкуле рэдактар і заснавальнік выдання «The Times of Israel» Давід Горавіц.
Увечары 1 верасня ў Ізраілі распачаліся найбуйнейшыя з пачатку вайны пратэсты.
Паводле «The Times of Israel», у Тэль-Авіве на вуліцы выйшлі каля 280 тысяч чалавек, а агулам у іншых гарадах - яшчэ каля 200 тысяч. «Зараз! Зараз!»- скандавалі пратэстоўцы, патрабуючы ад ўраду неадкладна заключыць здзелку з «Хамасам» аб вызваленні закладнікаў. «Мы хочам, каб яны вярнуліся жывымі!» - паўтаралі дэманстранты. Лідар ізраільская апазіцыі Яір Лапід абвінаваціў Нэтаньягу ў тым, што ён зрывае здзелку па палітычных матывах, каб захаваць сваю кааліцыю з крайне правымі сіламі.

Ізраільская федэрацыя прафсаюзаў Histadrut абвясціла аднадзённую ўсеагульную забастоўку. Паводле звестак «The Jerusalem Post», 2 верасня страйк закрануў муніцыпальныя ўстановы і прыватны сектар, банкі, сістэму аховы здароўя і адукацыі. Забастоўку падтрымалі транспартныя кампаніі, а таксама супрацоўнікі аэрапорту Бен-Гурыён - частка міжнародных рэйсаў была перанесена. Паралельна цягам дня па ўсёй краіне працягваліся лакальныя дэманстрацыі: пратэстоўцы перакрывалі вуліцы і дарогі.
Урад звярнуўся ў суд, які прыйшоў да высновы, што забастоўка парушае дзейнае заканадаўства (яна абвешчана з палітычнымі патрабаваннямі, а не эканамічнымі, як мае быць). Суд пастанавіў спыніць страйк 2 верасня да 14:30 па мясцовым часе, і кіраўніцтва прафсаюзу Histadrut гэтаму рашэнню падпарадкавалася.
«Мы даказалі, што ў лёсу выкрадзеных няма ні правага, ні левага, ёсць толькі жыццё і смерць, і мы не дазволім адмовіцца ад жыцця», - заявіў кіраўнік Histadrut Арнон Бар Давід.
Раскол
Разам з тым, 2 верасня на вуліцы выйшлі і тыя, хто выступае супраць здзелак з тэрарыстамі. Сябры арганізацыі Форум гераізму прайшлі маршам да офісу прэм’ера з супрацьлеглым пасылам: «Мы не пагодзімся на тое, каб Ізраіль здаўся Хамасу». Сваякі загінулых ад рук тэрарыстаў ізраільцян лічаць, што забастоўка гуляе на руку ворагам і заахвочвае тэрор. Таму яны заклікалі ўзмацніць ваенны ціск на «Хамас».
Спрэчкі ахапілі і ўрад. 1 верасня адбылося пасяджэнне кабінету бяспекі, на якім абмяркоўвалася пазіцыя Ізраілю наконт лёсу Філадэльфійскага калідору - участку тэрыторыі на мяжы Егіпту і сектару Газа, праз які да «Хамасу» ішлі плыні кантрабанды. Цагаль захапіў Філадэльфійскі калідор вясной 2024 года і Нэтаньягу лічыць, што Ізраіль павінен захаваць за ім кантроль.

Аднак міністр абароны Ёаў Галянт заклікаў змякчыць пазіцыю, бо «Хамас», на ягоную думку, не пагодзіцца вызваліць закладнікаў на гэтых умовах. Міністр лічыць намер урады захаваць кантроль над калідорам «непатрэбным абмежаваннем, якое мы самі на сябе наклалі».
,,«Той факт, што мы аддаем прыярытэт Філадэльфійскаму калідору цаной жыцця закладнікаў, з’яўляецца маральнай ганьбай», - цытуе словы Галянта «The Times of Israel».
«The Jerusalem Post» сцвярджае, што часовы вывад войск з Філадэльфійскага калідору лічыць дапушчальным таксама найвышэйшае камандаванне Цагаль і выведкі Массад.
Пазіцыя Галянта была сустрэтая іншымі міністрамі ў штыкі: яны лічаць, што ўступкі «Хамасу» пацягнуць за сабой паразу Ізраілю ў вайне і будуць стымуляваць далейшы тэрор баевікоў. Ультраправы міністр нацыянальнай бяспекі Ітамар Бэн-Гвір у сваю чаргу прапанаваў увесці смяротнае пакаранне за тэрарыстычныя злачынствы. А яшчэ адзін ўльтраправы міністр Бэцалэль Смотрыч заклікаў у адплату за смерць закладнікаў фактычна анексаваць частку сектара Газа.
Мірны план Вашынгтона
Заключэнне здзелкі паміж Ізраілем і «Хамасам» актыўна лабіруе Вашынгтон пры пасрэдніцтве Егіпту і Катару.
Прэзідэнт Джо Байдэн 1 чэрвеня прэзентаваў мірны план, які складаецца з трох этапаў. Першы этап прадугледжвае спыненне агню на шэсць тыдняў, вывад ізраільскіх войскаў з усіх паселішчаў сектару Газа і абмен часткі закладнікаў на сотні палестынскіх вязняў. Другі этап – поўнае спыненне ваенных дзеянняў у сектары Газа і вызваленне ўсіх ізраільскіх закладнікаў, у тым ліку вайскоўцаў. Трэці этап прадугледжвае маштабнае аднаўленне сектару Газа пры ўдзеле ЗША і міжнароднай супольнасці. 11 чэрвеня Рада Бяспекі ААН ухваліла прапанову Злучаных Штатаў і заклікала палестынскіх баевікоў прыняць мірную прапанову «неадкладна» і «без дадатковых умоваў».

Рэалізацыя плана Байдэна адразу сутыкнулася з вялізарнымі праблемамі. «Хамас» пачаў сабатаваць ініцыятыву, выстаўляючы яўна непрымальныя ўмовы. Без вялікага энтузіязму паставіліся да ініцыятывы і ў Ізраілі. Аднак фармальна ніхто ад ідэі перамоваў не адмовіўся.
Паводле «The Washington Post», цяпер Злучаныя Штаты вядуць перамовы з Егіптам і Катарам аб контурах канчатковай версіі здзелкі, якую яны плануюць прадставіць бакам у бліжэйшыя тыдні.
У апошні час абмеркаванні былі сканцэнтраваныя ў асноўным на вызначэнні спісаў тых, хто мусіць выйсці на свабоду. У спіс на абмен у рамках першага этапу здзелкі былі ўключаны як мінімум трое закладнікаў, забітых на мінулым тыдні тэрарыстамі. Крыніцы WP сярод амерыканскіх чыноўнікаў адзначаюць, што рашэнне «Хамас» пакараць смерцю закладнікаў ставіць пад сумнеў сур'ёзнасць намераў групоўкі на перамовах. Чыноўнік канстатуе, што «Хамас» праяўляў упартасць на розных этапах працэсу, нават нягледзячы на тое, што ізраільскія афіцыйныя асобы пайшлі на пэўныя саступкі.
Як паведамляе BBC, 1 верасня галоўны перамоўнік «Хамасу» Халіль аль-Хайя ў інтэрв'ю Al Jazeera пацвердзіў, што групоўка не падпіша пагадненне, калі Ізраіль цалкам не сыдзе з сектара Газа, уключаючы Філадэльфійскі (на мяжы з Егіптам) і Нецарымскі (які падзяляе сектар напалам) калідоры.
Логіка бакоў
І тыя, хто ў Ізраілю выступае «за», і тыя, хто выступае «супраць» здзелкі з «Хамасам» прыводзяць цалкам лагічныя аргументы ў падтрымку сваёй пазіцыі.
Нэтаньягу і ягоныя прыхільнікі настойваюць на тым, што мэта цяперашняй вайны - поўнае знішчэнне «Хамасу», каб трагічныя падзеі 7 кастрычніка 2023 года ўжо ніколі не паўтарыліся. Калі сысці з Філадэльфійскага калідору, то «Хамас» зноў возьме пад кантроль кантрабандныя плыні і атрымае магчымасць аднавіць свае сілы.

Абмен закладнікаў на палестынскіх вязняў таксама можа стаць мінай запаволенага дзеяння. Напрыклад, у 2011 годзе пры Нэтаньягу адбылася так званая «здзелка Шаліта»,, калі Ізраіль аддаў больш за тысячу палестынскіх вязняў узамен на аднаго палоннага жаўнера Цагаль Гілада Шаліта. У рамках гэтага пагаднення на свабоду выйшаў будучы лідар «Хамасу» Ях'ю Сінўара на мянушцы «мяснік з Хан-Юнусу»: менавіта ён у 2023 годзе арганізаваў тэрарыстычны напад на Ізраіль, у выніку якога былі забіты 1200 чалавек і выкрадзены каля 250.
Таму праціўнікі здзелкі ўпэўнены: цяперашнія саступкі тэрарыстам могуць абярнуцца яшчэ большай крывёю ў будучыні. Замест гэтага трэба нарошчваць ваенны ціск на «Хамас» - гэта адзіны магчымы шлях вызвалення закладнікаў.
Прыхільнікі здзелкі з «Хамасам» мяркуюць, што падыходы ўраду Нэтаньягу прадэманстравалі сваю неэфектыўнасць. Вайна ў сектары Газа цягнецца ўжо амаль 11 месяцаў і канца ёй не бачна - шмат хто сумняецца, што поўная ліквідацыя «Хамасу» ў прынцыпе магчымая. За гэты час загінулі мінімум 37 закладнікаў (у тым ліку трое памылкова застрэленыя ізраільскімі жаўнерамі), 8 вызвалены ў выніку сілавых аперацыяў, а 109 - у рамках лістападаўскага пагаднення аб перамір’і. То бок па факце перамовы дазволілі вызваліць значна больш закладнікаў, чым сілавыя дзеянні.
Прыхільнікі здзелкі не сумняюцца ў тым, што «Хамас» з’яўляецца пагрозаю для Ізраілю. Аднак яны ўпэўнены, што вызваленне закладнікаў мусіць быць прыярытэтам для ўраду - людзей трэба вызваляць усімі магчымымі спосабамі. Гэта прамы абавязак уладаў, як і далейшае забеспячэння бяспекі краіны. Тыя саступкі, на якія трэба будзе пайсці дзеля пагаднення, самі па сабе не маюць незваротнага характару: пры неабходнасці кантроль за Філадэльфійскім калідорам можна будзе аднавіць, а палестынскіх баевікоў, калі яны возьмуцца за зброю - зноў пералавіць або ліквідаваць. А смерць закладнікаў выправіць немагчыма.
У аргументах прыхільнікаў і праціўнікаў здзелкі з «Хамасам» у Ізраілі можна знайсці шмат падабенстваў з аргументамі прыхільнікаў розных стратэгіяў вызвалення палітвязняў у Беларусі. Па сутнасці, у абодвух выпадках гаворка ідзе пра вечную дылему наконт цаны перамогі і цаны чалавечага жыцця.
Глеб Нержын belsat.eu