У Наваполацкай папраўчай калоніі №1 у вязняў адбіраюць рэчы на прымусовую ўтылізацыю. Гэта называюць «дні расхламлення», паведамляюць магілёўскія праваабаронцы «Вясны».
«У перапоўненай Наваполацкай ВК-1 не хапае месца для захоўвання прадуктовых перадач і рэчаў асуджаных, таму адміністрацыя калоніі дзейнічае такімі радыкальнымі метадамі. Пад знішчэнне нібыта тых, хто прыйшоў у непрыдатнасць або "лішніх" рэчаў могуць патрапіць амаль новыя тапкі, абутак для спорту, зменныя спартыўныя касцюмы ручнікі і гэтак далей.
Пры гэтым, каб не "захламляць" склад папраўчай установы, дзе па законе сваякі з часам маюць права забраць рэчы, адміністрацыя афармляе менавіта іх утылізацыю, а не адпраўку на захоўванне», – распавядаюць праваабаронцы.
Былыя вязні калоніі адзначаюць, што атрыманне рэчавай перадачы не заўсёды азначае, што зняволеныя сапраўды скарыстаюцца гэтымі рэчамі.
У Наваполацкай калоніі №1 знаходзяцца ў тым ліку палітвязні. Сярод іх Віктар Барбарыка і Андрэй Аляксандраў.
Арсен Рудэнка belsat.eu