навіны

Беларусы хочуць у Еўропу, але не лічаць сябе «заходнімі» і не вераць у еўраінтэграцыю. Даследаванне «Chatham House»

Сцяг Еўразвязу
Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Новае апытанне «Беларускай ініцыятывы» аналітычнага цэнтру «Chatham House» паказала: тыя, хто лічаць, што ў Польшчы горш, чым у Беларусі, проста не былі ў Польшчы.

Аналітычны цэнтр «Chatham House» прадставіў 3 верасня вынікі чарговага сацыялагічнага даследавання: у 827 беларусаў спыталі пра іхнае стаўленне да Захаду і пра сувязі з заходнімі краінамі. Апытанне праводзілі праз інтэрнэт з 28 чэрвеня па 3 ліпеня. Даследчыкі адзначылі, што падтрымка палітыкі Аляксандра Лукашэнкі можа быць як заніжаная ў выніках (бо прыхільнікі гэтай палітыкі менш актыўныя сацыяльна і эканамічна), так і завышаная (праз фактар страху). «Тэхнічная» статыстычная хібнасць жа склала 3,4 %.


Беларусы хацелі б ездзіць у Еўразвяз, ды візы мае толькі 7 %


Паводле вынікаў апытання, толькі 22 % у апошнія пяць гадоў наведвалі Еўразвяз. 71 % з мэтай турызму, 37 % – каб наведаць сяброў, 20 % ездзілі на шопінг, па 17 % ездзілі працаваць або праязджалі Еўразвяз транзітам.


А хацелі б з’ездзіць на Захад больш за палову. 31 % «вельмі хацелі б» з’ездзіць на экскурсію ці адпачынак, яшчэ 34 % «хутчэй хацелі б». Палова апытаных хацела б («вельмі» ці «хутчэй») з’ездзіць на кароткую адукацыйную паездку, 37 % хацелі б выехаць на кароткую падпрацоўку, 32 % хацелі б выправіць дзяцей на Захад па вышэйшую адукацыю, 28 % хацелі б самі атрымаць там вышэйшую адукацыю.


Але толькі 20 % хацелі б пераехаць на Захад на пастаяннае пражыванне: 8 % вельмі хацелі б, 12 % хутчэй хацелі б, 22 % хутчэй не хацелі б, а аж 39 % дакладна не хацелі б з’язджаць з Беларусі на Захад на пастаяннае пражыванне.

Вынікі апытання «Chatham House» пра стаўленне беларусаў да Захаду: жаданне наведаць заходнія краіны. Скрыншот: Belaruspolls.org
Вынікі апытання «Chatham House» пра стаўленне беларусаў да Захаду: жаданне наведаць заходнія краіны. Скрыншот: Belaruspolls.org
Старшыня НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. Фота: Белсат

Прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці і візы. Павел Латушка правёў серыю сустрэчаў з еўрапейскімі чыноўнікамі

навіны

Ды ёсць праблема: толькі 7 % беларусаў маюць візу ці іншы дакумент, які дае права ўезду ў Еўразвяз, і яшчэ 7 % плануюць атрымаць візу ў бліжэйшыя паўгода. Нават сярод «найбліжэйшых да Еўропы» (тых, хто параўнальна часта наведвае еўрапейскія краіны і мае там больш знаёмых) толькі 12 % маюць візы, 26 % плануюць зрабіць візы ў бліжэйшыя паўгода. Агулам жа 48 % апытаных лічаць, што віза ім і не патрэбная, а 22 % хацелі б візу, ды лічаць, што цяпер яе занадта цяжка атрымаць.


Сувязі з людзьмі за межамі Беларусі такія: у Расеі 28 % апытаных мае родных і 51 % мае сяброў, калегаў ці знаёмых; ва Украіне – 14 % родных і 26 % знаёмых, у Польшчы – 13 % родных і 31 % знаёмых. У іншых краінах родных і знаёмых маюць яшчэ менш апытаных. А знаёмых, якія нарадзіліся ў дзяржавах Еўразвязу і цяпер там жывуць, маюць толькі 11 % беларусаў.


45 % апытаных зусім не выязджалі за мяжу ў апошнія 5 гадоў, 39 % выязджалі ў Расею, у іншыя краіны ездзілі яшчэ менш. Сярод прадэмакратычных беларусаў толькі 34 % нікуды не выязджалі 34 %, а па 31 % выязджалі або ў Расею, або ў краіны Усходняй Еўропы (Польшчу, Чэхію і іншыя).


Па шкале ад 0 да 10 беларусы ацэньваюць сваю еўрапейскасць на 3,5. Але Еўропай цікавяцца


Беларусі «даволі абмежавана» адносяць сябе да заходняй культуры – так інтэрпрэтаваў вынікі дырэктар «Беларускай ініцыятывы Chatham House» Рыгор Астапеня.


Рэспандэнтаў папрасілі ацаніць, наколькі яны адчуваюць сябе часткай заходняй культуры, па шкале ад 0 да 10, дзе 0 – «зусім не», 10 – «цалкам так». Сярэдні бал – 3,5. Нават сярод найбольш блізкіх да Еўропы сярэдні бал – 5,2.


На пытанне аб тым, як заходняя культура ўплывае на Беларусь, большасць або не была ўпэўненая, або лічыла, што заходняя культура ніяк не ўплывае. Тых, хто лічыў, што ўплывае пазітыўна, толькі крыху больш за тых, хто бачыў негатыўны ўплыў: 24 % супраць 20 %.

Вынікі апытання «Chatham House» пра стаўленне беларусаў да Захаду: успрыманне заходняй культуры. Скрыншот: Belaruspolls.org
Вынікі апытання «Chatham House» пра стаўленне беларусаў да Захаду: успрыманне заходняй культуры. Скрыншот: Belaruspolls.org
Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын на паседжанні пашыранага складу палітбюро. Пхеньян, КНДР. 25 студзеня 2024 года. (Фота: Pyongyangtimes.com.kp)

Навошта міністр замежных справаў Беларусі паляцеў у КНДР? Там «сустрэліся тры адзіноты»

навіны

Прычынай можа быць слабае валоданне замежнымі мовамі. Толькі 4 % упэўненыя, што змогуць свабодна размаўляць па-англійску, яшчэ 12 % змогуць падтрымаць размову па-англійску на базавыя тэмы, яшчэ 37 % агулам разумеюць англійскую, але размову не змогуць падтрымаць. Амаль усімі іншымі замежнымі мовамі беларусы валодаюць яшчэ слабей. Выключэнне – украінская, на якой маглі б падтрымаць размову або свабодна размаўляць 30 %, а агулам зразумець сказанае яшчэ 38 %.


Але, нягледзячы на нізкае ўспрыманне сваёй «заходнасці», беларусы цікавяцца заходняй культурай: даволі актыўна сачылі за чэмпіянатам Еўропы ў футболе і спеўным конкурсам «Еўрабачанне», нават калі Беларусь у іх не ўдзельнічала.


Калі не бываць у Польшчы, дык можна падумаць, што там кепска жыць


Апытанне пра розныя аспекты развітасці Беларусі, Расеі, Польшчы, Нямеччыны і ЗША паказала: беларусы ў сярэднім лічаць, што Расея больш развітая за Беларусь, а Польшча – менш развітая.

Вынікі апытання «Chatham House» пра стаўленне беларусаў да Захаду: успрыманне развіцця краінаў. Скрыншот: Belaruspolls.org
Вынікі апытання «Chatham House» пра стаўленне беларусаў да Захаду: успрыманне развіцця краінаў. Скрыншот: Belaruspolls.org

Толькі 13 % дакладна хацелі б жыць так, як жывуць у еўрапейскіх краінах, яшчэ 20 % хутчэй хацелі б, 18 % хутчэй не хацелі б, а 16 % дакладна не хацелі б. Адказы пра жыццё ў Паўночнай Амерыцы яшчэ горшыя, але, што адметна, нават горшае стаўленне да жыцця ў Расеі.


Ды ацэнкі той жа Польшчы рэзка паляпшаюцца адносна Беларусі сярод тых, хто бываў ва Усходняй Еўропе (да якой даследчыкі аднеслі цэнтральнаеўрапейскія краіны: Польшчу і нават Чэхію) па-за межамі Беларусі. Хто бачыў на ўласныя вочы, як жывуць іншыя, менш схільны адказваць, што Беларусь развівалася больш паспяхова.


54 % лічаць, што ў Беларусі жыць лепш, чым у Расеі, а толькі 42 % – што лепш, чым у еўрапейскіх краінах. Але сярод найбольш блізкіх да Еўропы толькі 16 % лічыць, што ў Беларусі лепш, чым у еўрапейскіх краінах, а 69 % найбольш знаёмых з Еўропай хацелі б жыць, як у Еўропе.


З фразай «беларусаў у краінах Еўропы ніхто не чакае» згодныя цалкам 14 %, хутчэй згодныя 31 %, хутчэй не згодныя 18 % і зусім не згодныя 6 %. Пры тым сярод найбольш блізкіх да Еўропы 6 % цалкам згодныя і 41 % часткова згодныя. Выходзіць, тыя, хто больш знаёмыя з Еўропай, часцей адказвае, што так ці інакш згодныя з гэтай фразай пра «не чакаюць». Расею лічаць значна больш адкрытай да беларусаў.


Роўна 50 % апытаных – за пашырэнне эканамічных, палітычных і культурных сувязяў з Захадам. Толькі 14 % – за аддаленне ад Захаду. Нават сярод самых далёкіх ад Еўропы толькі 22 % за аддаленне, а 28 % – за збліжэнне з Захадам.


Беларусы лічаць санкцыі несправядлівымі для сябе: Лукашэнку ж не прымушаюць выкідаць ежу па дарозе ў Вільню


27 % апытаных лічаць, што санкцыі адносна Беларусі ўводзяць у адказ на канкрэтныя дзеянні ўладаў Беларусі, тады як 38 % лічаць, што дзеянні ўладаў Беларусі – толькі нагода, а насамрэч санкцыі ўводзяць дзеля нейкіх сваіх інтарэсаў. Нават сярод найбліжэйшых да Еўропы толькі 57 % лічаць, што санкцыі ўводзяць у адказ на дзеянні ўладаў Беларусі.


62 % цалкам або часткова згодныя з тым, што санкцыі несправядлівыя адносна грамадзянаў Беларусі. Астапеня лічыць, што такія ацэнкі справядлівыя: Лукашэнка ж не ездзіць у Еўропу, дык у Лукашэнкі на памежным пераходзе і не патрабуюць выкінуць ежу, якую нельга правозіць.

Вынікі апытання «Chatham House» пра стаўленне беларусаў да Захаду: успрыманне санкцыяў. Скрыншот: Belaruspolls.org
Вынікі апытання «Chatham House» пра стаўленне беларусаў да Захаду: успрыманне санкцыяў. Скрыншот: Belaruspolls.org

Але інфармаванасць пра палітыку Еўразвязу адносна Беларусі даволі слабая. Так, 37 % пагадзіліся з тым, што Польшча «закрыла ўсе памежныя пераходы для звычайных беларусаў», што не ёсць праўдай. А толькі 26 % ведалі, што Еўразвяз узгадніў план інвестыцыйнай падтрымкі Беларусі на некалькі мільярдаў Еўра на выпадак пераходу Беларусі на «шлях дэмакратыі».


Толькі 39 % лічаць, што Польшча будуе сцяну на мяжы з Беларуссю ў сувязі з міграцыйным крызісам і спробамі незаконнага пераходу мяжы грамадзянамі трэціх краінаў, а 38 % лічаць, што такім чынам Польшча хоча «адгарадзіцца» ад самой Беларусі.


Беларусы не ўспрымаюць перспектыву еўрапейскай інтэграцыі як нешта сапраўднае


34 % апытаных сказалі, што Беларусі выгадней збліжацца з Расеяй, 13 % – што выгадней збліжацца з Еўразвязам. Але даследчыкі адзначаюць: нягледзячы на ўсю адкрытасць Расеі для беларусаў, нягледзячы на ўсе эканамічныя сувязі, ядро прыхільнікаў збліжэння з Расеяй не складае бальшыні ў беларускім грамадстве. А тое, што ядро прыхільнікаў збліжэння з Еўропай малое, можна тлумачыць як адносінамі Захаду з рэжымам Лукашэнкі, так і закрытасцю Захаду для беларусаў.


Беларусы не вераць, што Беларусь можа ўступіць у Еўразвяз – паводле Астапені, «не ўспрымаюць еўраінтэграцыю як нешта сапраўднае». Толькі 2 % апытаных лічыць, што гэта вельмі імаверна ў бліжэйшыя 15 гадоў, яшчэ 11 % – што хутчэй імаверна. Апытаныя называюць шмат перашкодаў далучэнню да Еўразвязу, але аднаго цэльнага адказу не маюць.

Вынікі апытання «Chatham House» пра стаўленне беларусаў да Захаду: успрыманне перспектываў еўрапейскай інтэграцыі. Скрыншот: Belaruspolls.org
Вынікі апытання «Chatham House» пра стаўленне беларусаў да Захаду: успрыманне перспектываў еўрапейскай інтэграцыі. Скрыншот: Belaruspolls.org

Разам з тым, Астапеня можа ўявіць сітуацыі, калі адбудуцца змены ў палітыцы заходніх краінаў адносна беларусаў, а ад гэтага зменіцца і стаўленне беларусаў да Еўропы.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10