У студзені – ліпені для грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, пабудавалі 637 тысячаў квадратных метраў жылля, што на 16 % меней, чымся летась. З гэтага аб'ёму, паводле Белстату, 412 тысячаў квадратных метраў пабудавана з дзяржаўным падтрыманнем, і тут падзенне год да года – 25 %. «Белсат» спытаў у эканамісткі Настассі Лузгіной, чаму так адбываецца.
Агульная статыстыка жыллёвага будаўніцтва даволі прывабная. У студзені – ліпені пабудавалі 20,3 тысячы кватэраў (летась была 21 тысяча), увялі ў эксплуатацыю 1 млн 907 тысячаў квадратных метраў агульнай плошчы жылля (летась – 1 млн 938 тысячаў).
«Мы назіраем падзенне і сёлета, і летась. Калі мы паглядзім 2023 год да 2022-га, там таксама было зніжэнне. Такім чынам, тое, што мы цяпер назіраем, – гэта з улікам нізкай базы мінулага года», – адзначыла ў каментары «Белсату» эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

Пры гэтым калі агульны аб'ём уведзенага ў эксплуатацыю жылля знізіўся год да года на 2 %, то для чаргавікоў – на 15,7 %. А жылля з дзяржпадтрыманнем пабудавалі ажно на 24,7 % меней.
«Такое жыллё будуецца ў тым ліку за кошт ільготных крэдытаў, і вось іх аб'ём у гэтым паўгоддзі склаў толькі 29 % ад узроўню мінулага года. Гэта вельмі нізкі паказнік. Ільготнае крэдытаванне скарацілася на 70 %», – канстатавала Лузгіна.

Эканамістка мяркуе, што на паводзіны чаргавікоў маглі паўплываць банкі і забудоўнікі, якія прапануюць спецыяльныя ўмовы. Атрымоўваецца, што можна пабудаваць і без удзелу дзяржавы, дый не трэба бегаць да чыноўнікаў з паперкамі:
,,«Банкі разам з забудоўнікамі прапануюць адмысловыя праграмы, вельмі прывабныя ўмовы з спецыяльнымі стаўкамі. Пры гэтым не трэба хадзіць у дзяржорганы, афармляць даведкі і гэтак далей. І людзі могуць выбіраць, дзе ім будавацца, у якім доме будавацца, з'яўляецца больш магчымасцяў. Імаверна, многія людзі не хочуць улазіць у абавязанні перад дзяржаваю, будуюць за кошт ашчаджэнняў і крэдытаў».
Настасся Лузгіна пры гэтым звярнула ўвагу, што ў Беларусі растуць аб'ёмы будаўніцтва арэндных кватэраў, якія ўлучаюцца ў статыстыку жылля для чаргавікоў:
«Выдаткі бюджэту на будаўніцтва жылля выраслі на 60 % у параўнанні з летась. Разбіўкі мы не ведаем, але можам меркаваць, што гэты рост пайшоў менавіта на будаўніцтва арэндных дамоў».
Летась у Беларусі пабудавалі 316 тысячаў квадратных метраў арэнднага жылля, сёлета плануецца павялічыць аб'ём да 356 тысячаў.
Сцяпан Кубік belsat.eu