Карыстальнікі інтэрнэту заўважылі, што чалавек з нікам Aliaksandr, як у беларускім пашпартным напісанні Аляксандр, прадае на польскім сэрвісе OLX офісную тэхніку і рэчы ваеннага прызначэння. Па ўскосных сведчаннях можна быць пэўным, што гэта насамрэч маёмасць «Байпола», піша «Наша Ніва».
Улічваючы, што лідар «Байпола» — Аляксандр Азараў, у інтэрнэце прэтэнзіі былі выстаўленыя менавіта яму.
Не заўсёды звычайныя рэчы Aliaksandr выстаўляў на продаж цягам жніўня 2024 года. Самая дарагая пазіцыя — спадарожнікавы тэлефон Iridium 9555, за які просяць больш за €900. Амаль за такую ж суму вялікі манітор. Таксама прадаюць тэлевізар, мікрафон, ноўтбук, прынтар, сейф і шмат іншага офіснага абсталявання.
«Але пытанні ў інтэрнаўтаў перадусім да тавараў вайсковага прызначэння — тактычныя жылеты, сумкі і рэмені, кішэнныя нажы, абарончыя акуляры, бандаж, кабура. Не да канца зразумела, ці то яны закупляліся "Байполам" для сваіх будучых патрэбаў, ці то прызначаліся для беларусаў ва Украіне», – піша «Наша Ніва».

На званок «Белсату» Аляксандр Азараў адказаў, што «рыхтуецца афіцыйны адказ» «Байполу», бо яго «замучылі званкі і паведамленні» з нагоды гэтай навіны. Неяк каментаваць інфармацыю пра нібыта продаж рэчаў да афіцыйнага адказу ён адмовіўся.
Арсен Рудэнка belsat.eu