«Белсат» працягвае весці хроніку рэпрэсій, якія адбываюцца ў нашай краіне. І нягледзячы на ўсе размовы пра спробы рэжыму «перагарнуць старонку», на практыцы бачна, што рэпрэсіі не спыняюцца ні на хвіліну.
Палітвязня Максіма Матарыку збіраюцца перавесці на турэмны рэжым. Адпаведная справа будзе разглядацца 10 верасня ў судзе Горацкага раёна. Цягам апошніх двух гадоў Максіма асудзілі ўжо двойчы: за ўдзел у акцыі пратэсту (арт. 342 КК) і падпал машыны (арт. 218 КК), а пазней за «злоснае непадпарадкаванне дміністрацыі калоніі» (арт. 411 КК, апошні прысуд невядомы). Зараз Максім адбывае пакаранне ў выглядзе 9 гадоў узмоцненага рэжыму.
2 верасня пачаўся суд над прадстаўнікамі менскага стартап-хаба «Імагуру»: Таццянай Марыніч, Анастасіяй Хамянковай, а таксама Яўгенам Пугачам, якіх абвінавачваюць паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»). Суд над Таццянай Марыніч і Анастасіяй Хамянковай будзе праходзіць у завочным фармаце. Яўген Пугач з ліпеня 2023 года знаходзіцца пад вартай.
2 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Менска пачаўся суд над Вадзімам Сянютам, якога абвінавачваюць паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Мужчыну судзяць за тое, што 9 жніўня 2020 года ён быў на праспекце Пераможцаў, у тым ліку знаходзіўся на праезнай частцы.
Стала вядома, што ў Менску за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 года быў затрыманы мужчына. Верагодна, затрыманага завуць Максім Карабак. На «пакальным відэа», апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале, мужчына кажа, што «выходзіў на праезную частку, каб сфатаграфавацца».
У Берасцейскім абласным судзе 2 верасня ў закрытым фармаце распачаўся чарговы суд над 41-гадовым жыхаром Баранавічаў Яўгенам Кладавым. У лістападзе 2023 года яго ўжо асудзілі да года зняволення за «абразу Лукашэнкі». Аднак па заканчэнні гэтага тэрміну ён не выйшаў на волю, супраць яго завялі новую крымінальную справу за допісы і каментары ў інтэрнэце паводле шасці артыкулаў – сярод іх «заклікі да санкцыяў» і «арганізацыя масавых беспарадкаў». Вядома, што Яўген дададзены ў «спіс тэрарыстаў».
2 верасня ў Менскім абласным судзе пачаўся працэс над палітзняволенай Марынай Гацурай. Яе затрымалі 23 студзеня 2024 года падчас масавага рэйда сілавых структураў па сваяках палітзняволеных і людзях, якія дапамагаюць ім. Жанчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
2 верасня ў Ваўкавыску адбыўся суд над палітвязнем Арцёмам Лапікавым аб пераводзе яго на турэмны рэжым. Арцём быў затрыманы ў жніўні 2023 года і пазней асуджаны на 3 гады калоніі агульнага рэжыму паводле артыкула 367 КК (паклёп на Лукашэнку). Вынік апошняга суда пакуль невядомы.
Праўладны тэлеграм-канал паведаміў аб затрыманні мужчыны, які працуе страхавым агентам у кампаніі DSD Insurance. На відэа мужчына кажа, што ў 2020 годзе хадзіў на акцыі пратэсту, пісаў «абразлівыя каментары ў экстрэмісцкім чаце» і адпраўляў інфармацыю пра перамяшчэнне тэхнікі ў чат-бот канала «Кантроль аўтазакаў». У відэа таксама былі апублікаваныя фотаздымкі, на якіх бачна, як затрыманы разам з сябрамі святкуе Новы год, а ў кадры відаць нацыянальныя сцягі.
Раман Шавель belsat.eu