навіны

Злучаныя Штаты арыштавалі самалёт прэзідэнта Венесуэлы

Арышт самалёта Нікаласа Мадуры. Крыніца: unn.ua
Арышт самалёта Нікаласа Мадуры. Крыніца: unn.ua
podpis źródła zdjęcia

ЗША арыштавалі самалёт Нікаласа Мадуры з-за парушэнняў амерыканскіх санкцыяў.


Згодна з заявай Міністэрства юстыцыі Злучаных Штатаў, самалёт Dassault Falcon 900EX коштам у 13 мільёнаў долараў быў незаконна вывезены з краіны і выкарыстоўваўся ў інтарэсах Мадуры і ягоных прадстаўнікоў.

Цягам некалькіх месяцаў самалёт знаходзіўся ў Дамініканскай рэспубліцы, улады якой супрацоўнічалі з ЗША у гэтай справе.

Згодна з інфармацыяй CNN, самалёт будзе перагнаны ў штат Флорыда.

З 2020 года ў ЗША заведзены крымінальныя справы супраць Нікаласа Мадуры і некаторых высокапастаўленых венесуэльскіх чыноўнікаў, уключаючы кіраўніка Вярхоўнага суда і міністра абароны, якіх абвінавачваюць у адмыванні грошай і кантрабандзе наркотыкаў. ЗША не прызнаюць Мадуру легітымным прэзідэнтам і, пасля яго пераабрання на трэці тэрмін на выбарах у ліпені 2024 года, узмацнілі санкцыі супраць Венесуэлы.

Нагадаем, што самалёты самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі таксама знаходзяцца пад санкцыямі Злучаных Штатаў. Самалёт Boeing 767-32К з бартавым нумарам EW-001PB пазначаны ў санкцыйным спісе Мінфіна ЗША, апублікаваным у чацвёртую гадавіну пасля выбараў 2020-га. Яшчэ адзін авіялайнер Boeing 737 з бартавым нумарам EW-001PA, якім карыстаўся сам Лукашэнка, чальцы ягонай сям’і і ягонае атачэнне, трапіў пад санкцыі ў сакавіку 2023-га.

Раман Шавель belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10